III з’езд “Усеўкраінскага саюза беларусаў” (УСБ) адбыўся 13 лістапада 2013 года ў Гандлёва-прамысловай палаце Украіны ў Кіеве пад старшынствам Фёдара Кавалевіча.
Як адзначыў старшыня “Усеўкраінскага аб'яднання “БЕЛАРУСЬ” Віктар Камісарук, запрашэнне да ўдзелу ў працы з’езду загадзя было разаслана ва ўсе вядомыя беларускія арганізацыі Украіны, у тым ліку і тыя, якія не ўваходзяць ва “Усеўкраінскі саюз беларусаў” і “Усеўкраінскае аб'яднанне “БЕЛАРУСЬ”. У СМІ быў апублікаваны адпаведны зварот, у выніку чаго пераважная большасць арганізацый адгукнулася на запрашэнне. У працы з'езду ўзялі ўдзел арганізацыі беларусаў з 19-ці рэгіёнаў Украіны, а таксама дэпутат Вярхоўнай Рады Украіны - беларуска Вольга Міхайленка, а таксама Ганаровы старшыня “Усеўкраінскага саюза беларусаў”, першы амбасадар Рэспублікі Беларусь ва Украіне Віталь Курашык.
Асноўным пытаннем з’езду было аб’яднанне УСБ з іншай буйной арганізацыяй дыяспары - “Усеўкраінскім аб'яднаннем “БЕЛАРУСЬ”. З’езд пацвердзіў уступленне “Усеўкраінскага аб'яднання “БЕЛАРУСЬ” калектыўным сябрам ва “Усеўкраінскі саюз беларусаў”. Старшынёй “Усеўкраінскага саюза беларусаў” быў абраны Пётр Лайшаў , а яго намеснікамі - Віктар Камісарук, Мікалай Бойка, Аляксандр Драгун. Ганаровым старшынёй Саюза стаў беларус па паходжанні, прэзідэнт Гандлёва-прамысловай палаты Украіны Чыжыкаў Генадзь Дзмітрыевіч.
З’езд падзякаваў за шматгадовую працу нязменнаму лідару УСБ Ірыне Аржахоўскай, якая ўзначальвала арганізацыю з 2000 года. Таксама быў абраны новы склад кіроўных і кантралюючых органаў.
З'езд не застаўся без увагі з боку дзяржаўных органаў і грамадскіх аб'яднанняў, якія даслалі свае вітанні.
Ігар Мілідовіч, дарадца-пасланнік Пасольства Рэспублікі Беларусь, зачытаў прывітанне ў адрас з’езду ад імя Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Рэспублікі Беларусь ва Украіне Валянціна Вялічкі. Вітальны ліст ад Рэгіянальнай грамадскай арганізацыі нацыянальна-культурнай аўтаноміі “Беларусы Масквы” і вітальны адрас ад жонкі Прэзідэнта Украіны Людмілы Януковіч агучыла Соф'я Пасынкава.
Максім Дубянок перадаў прывітанне ў адрас з'езду ад Беларускага таварыства “Радзіма”.
Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчыны” звязаўся з Аляксандрам Драгуном, які пракаментаваў, як прайшоў з’езд.
Аляксандр Драгун, намеснік старшыні “Усеўкраінскага саюза беларусаў”:
“Апошні раз такі з’езд праводзіўся ў 2008 годзе, досыць даўно. З таго года на такім вялікім форуме беларусы Украіны не збіраліся. Асноўнай задачай нашага з’езду, такім чынам, было сабраць людзей пасля доўгага перапынку і выслухаць адно аднаго: хто над чым працуе, якія пытанні хвалююць беларускія суполкі Украіны, якія яны маюць дасягненні. А другой галоўнай задачай было кансалідаваць дзейнасць беларусаў Украіны, аб’яднаць іх. На з’ездзе было прынятае рашэнне аб уваходжанні “Усеўкраінскага аб'яднання “БЕЛАРУСЬ” у склад “Усеўкраінскага саюза беларусаў”. Свой рэгістрацыйны статус яно захавала, але цяпер таксама з’яўляецца калектыўным сябрам УСБ. Намер падаць заяўку на ўступленне ва УСБ выказала новая суполка ў Крыме.
З’езд сабраў 66 дэлегатаў, былі таксама і госці, прысутнічаў прадстаўнік беларускага пасольства ва Украіне, які зачытаў вітанне прысутным.
Па тых рашэннях, якія былі прынятыя на з’ездзе падчас абмеркавання пытанняў, якія ўздымаліся яго ўдзельнікамі, падрыхтаваная рэзалюцыя. Галоўная ідэя з’езду палягала ў тым, што неабходна зрабіць “Усеўкраінскі саюз беларусаў” пляцоўкай для ўсіх беларусаў Украіны, якая б аб’ядноўвала іх, дзе яны б маглі вырашаць усе набалелыя пытанні. Кансалідацыя неабходная, бо хоць мы падчас трымаемся розных поглядаў, але ж Радзіма ў нас адна.
Я быў госцем на Шостым з’ездзе беларусаў свету і помню, як востра стаяла там праблема мовы. У Кіеве з гэтым было спакайней, людзі ў бальшыні сваёй ставіліся карэктна і талерантна да беларусаў, што гавораць па-руску. Зразумела, што беларусам, якія жывуць у руска- і ўкраінамоўным асяроддзі цяжка бывае захаваць сваю мову, і пад прымусам яны на ёй наўрад ці загавораць. Але задачу захавання мовы і нацыянальнай ідэнтычнасці з нас, безумоўна, ніхто не здымаў, і новае кіраўніцтва будзе працаваць у гэтым кірунку. На асобнай нарадзе актыву УСБ пасля з’езду асаблівая ўвага якраз была нададзеная пытанням культуры і мовы, якімі цяпер будуць апекавацца Мікалай Іванавіч Бойка і Соф’я Віктараўна Пасынкава.
Я лічу, што з’езд прайшоў пазітыўна, на тварах людзей былі святло і надзея. Сюды людзі ехалі з рознымі думкамі, не ўсе былі ад пачатку настроеныя станоўча, але ў выніку людзі зразумелі, што з’езд - гэта адкрытая пляцоўка, на якой можна абмеркаваць свае праблемы і знайсці іх вырашэнне, гэта выдатная трыбуна для ўсіх рэгіянальных суполак. І людзям гэта спадабалася, з’язджалі яны натхнёныя на далейшую працу.
Нашая арганізацыя адкрытая для ўсіх украінскіх беларусаў і іх грамадскіх арганізацый, і мы іх ласкава запрашаем да ўдзелу ў нашых мерапрыемствах!”
Віктар Камісарук, які цяпер з’яўляецца намеснікам старшыні УСБ па рэгіянальнай палітыцы, грамадскіх сувязях і міжнародных адносінах, адзначыў: “Увогуле з'езд прайшоў у дзелавой сяброўскай атмасферы, якую найбольш вобразна ацаніў у сваім выступе адзін з заснавальнікаў “Усеўкраінскага аб'яднання “БЕЛАРУСЬ” Аляксандр Міхайлавіч Пракопчык. Ён працытаваў словы Святога Аўгустына: “У галоўным - адзінства, у другарадным - разнастайнасць, і ва ўсім любоў”.
У рэзалюцыі, прынятай па выніках працы з’езду, адзначаецца: “Мы, прадстаўнікі беларускай абшчыны Украіны, лічым, што ў сучасных умовах праблема захавання нацыянальнай ідэнтычнасці і культуры меншасцяў, якія пражываюць за межамі сваёй Радзімы, застаецца ва ўсім свеце адной з найбольш важных і актуальных.
Гістарычны вопыт паказвае, што недаацэнка ролі нацыянальнага фактару вядзе да назапашвання ў грамадстве вялізнага канфліктнага патэнцыялу, які можа паслужыць першапрычынай пагрозаў суверэнітэту любой дзяржавы.
Галоўнай сваёй мэтай мы лічым ўзаемаабагачэнне ўкраінскай і беларускай нацыянальных культур, што паслужыць добрай справе ўмацавання дружбы і пашырэнню сфер супрацоўніцтва паміж Украінай і нашай этнічнай Радзімай - Рэспублікай Беларусь”.
У рэзалюцыі дэлегаты выказалі кансалідаваную пазіцыю па шэрагу пытанняў. У прыватнасці, з’езд павітаў разгляд Парламентам Рэспублікі Беларусь закона “Аб беларусах замежжа”, з прыняццем якога звязвае пашырэнне магчымасцей наладжвання культурных і дзелавых сувязяў з Радзімай. Дэлегаты выказалі незадаволенасць спыненнем вяшчання тэлеканала “Беларусь-24” у шэрагу рэгіёнаў Украіны, і ў сувязі з гэтым даручылі новаабранаму кіраўніцтву УСБ звярнуцца да Нацыянальнай Рады Украіны па пытаннях тэлебачання і радыёвяшчання аб аднаўленні трансляцыі. Для арганізацыі выніковай і плённай працы ў інтарэсах беларуска-ўкраінскіх нацыянальных абшчын кіраўніцтву УСБ даручана наладзіць цеснае ўзаемадзеянне з адпаведнымі дзяржаўнымі органамі Украіны і Рэспублікі Беларусь.
Акрамя таго, з’езд выказаў намер звярнуцца да дзяржструктур Украіны з просьбай аб уключэнні рэгіянальных аб'яднанняў беларускіх нацыянальных меншасцяў ва ўсе дзяржаўныя праграмы фінансавання дзейнасці такіх арганізацый, а таксама да Пасольства Рэспублікі Беларусь ва Украіне і шэрагу беларускіх міністэрстваў з просьбай павялічыць падтрымку ў фарміраванні матэрыяльнай базы беларускай абшчыны Украіны.
Таксама было адзначана, што беларуская супольнасць Украіны мае дастаткова рэсурсаў, каб больш актыўна ўдзельнічаць у справе ўмацавання эканамічных, вытворчых і навуковых сувязяў паміж Украінай і Рэспублікай Беларусь, на што будзе арыентаваць рэгіянальныя арганізацыі, што ўваходзяць у склад УСБ.
Выніковая рэзалюцыя заканчваецца наступнымі словамі: “ІІІ з'езд “Усеўкраінскага саюза беларусаў” пацвярджае, што беларуская абшчына Украіны адкрытая для камунікацыі і супрацоўніцтва, гатовая да ўзаемадзеяння з любымі дзяржаўнымі і грамадскімі арганізацыямі ў справе ўзаемаўзбагачэння беларускай і ўкраінскай культур, садзейнічання іх развіццю ў інтарэсах народаў Украіны і Рэспублікі Беларусь”.
Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” выказвае падзяку за дапамогу ў падрыхтоўцы матэрылу Іне Снарскай, Петрусю Капчыку, Аляксандру Драгуну і Віктару Камісаруку.