“Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмерлі!”
Францішак Багушэвіч
15 лістапада ў памяшканні Харкаўскага аддзялення Нацыянальнага Саюза пісьменнікаў Украіны з вялікім поспехам прайшоў творчы вечар адной з выдатных паэтак беларускай дыяспары Украіны – Іны Снарскай. Дарогі лёсу ды каханне “прызямлілі” гэтую жанчыну ва ўкраінскаю Палтаву… Арганізавала сустрэчу са спадарыняй Інай Харкаўскае гарадское нацыянальна-культурнае аб’яднанне беларусаў “Сябры”.
Як мне падаецца, “традыцыю” тварыць на роднай мове па-за межамі роднай зямлі для беларусаў заснаваў яшчэ той жа Францішак Скарына. Пасля яго гэтую “традыцыю” працягвалі Максім Багдановіч, Янка Купала, Рыгор Крушына, ды шмат іншых беларускіх літаратараў і грамадскіх дзеячаў.
Як вядома, беларуская мова ў быццам бы незалежнай дзяржаве - Рэспубліцы Беларусь перажывае сёння нялёгкія часы. Вельмі многа “добразычліўцаў” з вялікім задавальненнем гавораць пра хуткае і неадваротнае знікненне беларускай мовы. Не верце ім. Таму што беларуская мова, як гэта неаднаразова адбывалася і да таго, усяго толькі адыйшла ў лясы ды вёскі Беларусі, схавалася на эміграцыі, за мяжой, ад усіх тых, хто прыкладае тытанічныя высілкі, каб знішчыць яе, гэткіх своеасаблівых “карнікаў” вёскі Дражна ХХІ стагоддзя. (Падчас Вялікай Айчыннай вайны вёску Дражна спалілі “свае ж” савецкія партызаны…)
І, магчыма, беларуская мова эміграцыі, гэты “агеньчык”, які захоўваецца там, дзе жывуць беларусы, тое “полымя”, якое падтрымліваецца ў беларускай дыяспары за мяжой – будзе вернутае ў Беларусь і запаліць сэрцы беларусаў на Бацькаўшчыне…
Адною з тых Асобаў, што захоўваюць ды берагуць “агмень” роднай мовы ў свеце – і ёсць спадарыня Іна Снарская.
Яна нарадзілася ў старажытным беларускім горадзе Полацку, а лёс паяднаў яе жыццё са старажытным украінскім местам Палтаваю. Зямлячка Скарыны, палачанка сваёй творчасцю ўслаўляе славутага суайчынніка-эмігранта на бацькаўшчыне вядомага ўкраінскага пісьменніка-эмігранта Мікалая Гогаля… Іна Снарская злучае ва ўласнай творчасці матывы старажытнага Полацка і яго жыхароў - палачан, ды “мелодыі” палавецкіх стэпаў у адной з калысак сучаснай украінскай літаратурнай мовы.
Буду ляцець на поўнач
Рэчышчам крывіцкіх рэк,
Стане зарою поўня,
Зверам – ліхі чалавек.
Буду ляцець на поўнач.
Зменіцца час пад крылом,
Келіх, атруты поўны,
Стане жывым віном.
Стрэне агнямі Полацак,
Глянуць вякі з-пад рукі,
Айчыны маёй ваколіцы
Скінуць зімы шаўкі.
(Іна Снарская, “Ад сэрца да сэрца – дарога…”, 2013 г.)
Як распавяла на пачатку свайго творчага вечара сама спадарыня Іна, яе дзед па маці быў кавалём, таму вобраз агню праходзіць праз усю яе творчасць. Іншай, не менш важнай для яе тэмай, ёсць тэма складанага, драматычнага лёсу чалавека ў гэтым свеце. Так, у вершах адлюстроўваецца гісторыя яе сям’і. Дзед спадарыні Іны па бацьку быў рэпрэсаваны па сфабрыкаваным абвінавачанні нібыта за прыналежнасць да польскай антысавецкай вайсковай арганізацыі ў Беларусі. Яго закатавалі ў 1937-м… Рэабілітавалі толькі ў 70-я гады ХХ стагоддзя “за адсутнасцю складу злачынства”. Бацька паэтэсы палову жыцця насіў на сабе таўро сына ворага народу, і гэта неаднаразова ўскладняла ягонае жыццё. Колькі яшчэ ва Украіне й Беларусі людзей з гэткім жа панявечаным лёсам… За якія правіны ўласных народаў яны неслі пакуты? Няўжо за адсутнасць уласных дзяржаваў ды страту нацыянальных твараў сваімі ж народамі?
Жыццё на мяжы – гэта трэцяя тэма, якая праходзіць праз творчасць спадарыні Снарскай. І бацька паэтэсы быў змушаны жыць на мяжы, у тым ліку фізічнага існавання. Гэтак сама, як большасць жыхароў тагачаснай Палтаўшчыны, сярод якіх быў і мой дзед, што дзівам перажыў Галадамор Украінскага Народу 1932-33 гадоў… Больш за тое, сёння мяжа праходзіць ужо нават праз душы людзей. І ў Полацку, і ў Палтаве…
Посткаланіяльныя праблемы ды нацыянальныя комплексы – гэта тое, што, на вялікі жаль, аб'ядноўвае ўкраінцаў і беларусаў сёння… Але творчасць такіх мастакоў слова, як спадарыня Снарская, вяртае мясцовым “тутэйшым” права ды гонар “людзьмі звацца”.
Як многа ўжо родных лягло
На поўні тугое крыло.
Плывуць яны хмарамі, дымам.
Гаротным маім успамінам
Па небу глыбокаму,
Песняй далёкаю,
Слязой па шчацэ,
Свячой па рацэ…
(Іна Снарская, “Ад сэрца да сэрца – дарога…”, 2013 г.)
Харкаў, ягоныя жыхары, не былі абдзеленыя магчымасцямі зносін з выдатнымі беларускімі паэтамі ды мастакамі. У стварэнні помніку Вялікаму Кабзару Украінскага Народу – Тарасу Шаўчэнку – браў удзел беларускі архітэктар Лангбард. У Харкаве чыталі свае вершы Янка Купала ды Сяргей Законнікаў. Харкаўскія вучоныя ўдзельнічалі яшчэ ў Першым Беларускім моўным кангрэсе. І сёння сярод харкаўскіх дзеячаў навукі і культуры ёсць шмат людзей, якія са шчырай зачараванасцю цікавяцца беларускай мовай ды літаратурай.
Ёсць у Харкаве і вялікая дыяспара беларусаў, выхадцаў з беларускіх зямель. Але ў іх тыя ж праблемы, што і ва ўкраінцаў Харкава – русіфікацыя, раз'яднанасць, недахоп увагі з боку дзяржавы. Усё гэта перашкаджае развіццю нацыянальнага жыцця беларусаў Харкаўшчыны.
Да радзімы, да радзімы!
Вер мне, мой сынок радзімы,
Ветрам, гронкаю язміну
Я знайду свой шлях адзіны.
(Іна Снарская., “Ад сэрца да сэрца – дарога…”, 2013 г.)
Жывая беларуская мова, жывая беларуская паэзія, якая захоўваецца і творыцца актыўнай дзяячкай беларускай дыяспары Украіны – “лясной паннай” спадарыняй Снарскай, вечна маладой, як і спрадвечная беларуская мова – гэта тое, што дае магчымасць “прыгарнуцца” да Беларусі, беларушчыны, нават фізічна знаходзячыся па-за ёй. Гэткія людзі не пакідаюць Роднай Мовы, “каб не ўмерлі”, і не даюць зрабіць гэтага іншым. Яны ва ўвесь голас выгукваюць: “Жыве Беларусь!!!” А Беларусь жыве і будзе жыць дзякуючы менавіта такім Людзям з вялікай літары.