У Варшаве зайграў Яўген Барышнікаў

Беларускі бард са Слоніма, пераможца “Бардаўскай восені” ў 2010 годзе, каб парадаваць сваімі песнямі, завітаў у польскую сталіцу. Кожная песня Яўгена – як легенда, з якой звязана свая асобная гісторыя. Прысутныя на канцэрце атрымалі магчымасць даведацца, як ствараліся мызычныя творы Яўгена. Таксама музыка распавёў пра свае будучыя творчыя планы.

Кажа Яўген Барышнікаў:

У планах – граць канцэрты і, магчыма, запісаць які-небудзь альбомчык. Я зараз вагаюся наконт гучання, бо гранне на гітары – гэта адно. І не хацелася б гэта запісваць менавіта так. Хочацца альбо маленькі сімфанічны аркестрык, альбо нейкі электронны эксперымент. Тым больш і стыдыя гэта дазваляе. Даўно ўжо над гэтым думаю, ды ніяк не магу прыдумаць, шчыра кажучы. Ёсць змест, і пад яго я шукаю форму.

Яўген Барышнікаў нарадзіўся і вырас у Слоніме – старажытным горадзе над Шчарай. Цынік, скептык. Музычнай адукацыяй не сапсаваны. Цікавіцца актуалізацыяй традыцыйнай культуры: ладзіць майстар-класы па народных танцах, чытае лекцыі пра беларускую дударскую традыцыю, сябра Студэнцкага Этнаграфічнага Таварыства, куратар Беларускага Дударскага Клуба.