Юбілей Чарчэта - беларускай вёскі ў Сібіры

24 жніўня 2013 года ў вёсцы Чарчэт Тайшэцкага раёна адзначылі 110-годдзе вёскі.

Вёска Чарчэт знаходзіцца за 180 кіламетраў на поўнач ад раённага цэнтра Тайшэт Іркуцкай вобласці. Але да самога Тайшэта ад Іркуцка ехаць на хуткім цягніку трэба каля 14 гадзін. Такім чынам, каб выправіцца ў дарогу ў такое аддаленае сяло, трэба амаль суткі быць у дарозе, з улікам усіх чаканняў і «стыковак». Да таго ж дарога да вёскі Чарчэт не заўсёды адрозніваецца добрым пакрыццём. Мала таго, што там няма асфальту, але і “гравейка” бывае не ў найлепшым стане.

І ўсё ж, калі ў 2003 годзе я ўпершыню пачуў краем вуха, што ў вёсцы Чарчэт будзе адзначацца 100-годдзе, і што гэтую вёску заснавалі беларусы, я не раздумваючы кінуўся ў дарогу, прыхапіўшы з сабой нацыянальны беларускі касцюм. У гэтай вёсцы я тады не ведаў нікога. Але мне было важна ўбачыць нашчадкаў беларускіх перасяленцаў і павіншаваць іх з юбілеем.

Тое, што я ўбачыў тады ў гэтай вёсцы, мяне парадавала. Перш за ўсё тым, што там быў свой, ужо добра згуртаваны, калектыў пры Доме Культуры. А галоўнай крыніцай прыцягнення была (і застаецца) бібліятэкар Барадзейка Наталля Іванаўна. Яна заснавала Краязнаўчы клуб і аб'яднала як дарослых, так і дзяцей.

Пасля знаёмства ў тым, ужо далёкім, 2003 годзе мы дамовіліся, што ў вёсцы Чарчэт будзе створанае аддзяленне Рэгіянальнай грамадскай арганізацыі "Іркуцкае таварыства Беларускай культуры імя Я.Д. Чэрскага" (ІТБК). Як дамовіліся, так і зрабілі. Старшынёй абралі, вядома ж, Барадзейка Н.І. Мы пачалі дапамагаць нашым новым сябрам метадычна: літаратурай, сцэнарамі святаў, перакладамі, аўдыё- і відэапрадукцыяй і да т.п. Краязнаўчы клуб вёскі ўзяў сабе назву "Крыніцы". Яно, дарэчы, не выпадкова: вакол вёскі б'юць чатыры крыніцы. Зноў жа Наталля Іванаўна сур'ёзна пачала вывучаць вытокі чарчэцкіх перасяленцаў.

Наш актыў цягам 10 гадоў двойчы наведваў Чарчэт і браў удзел у святах, збіраючы народ на вячоркі. Там мы сумесна з сялянам і спявалі, і танчылі, і размаўлялі. І вядома ж, нас заўсёды частавалі вясковымі стравамі, асабліва фірмовымі чарчэцкімі «сушкамі ў смятане».

Чарчэцкі калектыў - дзеці і дарослыя - неаднаразова удзельнічалі і ў нашых абласных мерапрыемствах, асабліва ярка выступалі ў межах фестывалю-конкурсу "Гучы, гоман беларускі!». Наталля Іванаўна прыязджала і на нашыя навучальныя семінары і сходы Вялікай Рады ІТБК.

І вось у такім цесным супрацоўніцтве мінула 10 гадоў.

Сёння чарчэтцы адзначаюць 110-годдзе вёскі і 10-годдзе стварэння аддзялення ІТБК. І хоць дарога да Чарчэта была няпростая, не прыехаць да іх на свята было зусім немагчыма. На жаль, вялікага творчага дэсанту з Іркуцка мы арганізаваць не змаглі. Але мы ўдваіх з Воляй вырашылі выправіцца ў дарогу, прыхапіўшы з сабой падарунак, выраблены за свой рахунак: дарожны ўказальнік на дзвюх мовах з арнаментам. На ўказальніку па-руску і па-беларуску было напісана: «Беларуская вёска Чарчэт, заснаваная ў 1903 годзе». Адразу хочацца сказаць, што наш падарунак прыйшоўся даспадобы. Сяляне ўжо даўно марылі аб такім знаку. Дарэчы, гэта ўжо трэці такі ўказальнік. Першы быў усталяваны каля вёскі Тургенеўка Баяндаеўскага раёна, другі - каля вёскі Марыніск Заларынскага раёна і вось цяпер - Чарчэт. Вядома, праз велізарныя памеры ўказальнік везці было складана, але мы з Воляй справіліся.

Добра яшчэ, што на чыгуначнай станцыі Тайшэта нас сустракалі і да вёскі давезлі на машыне.

Народу ў сельскі клуб набілася бітком. Здавалася, уся вёска сабралася. Творчыя нумары перарываліся апавяданнямі пра гісторыю адукацыі паселішча, пра яго жыхароў, пра заслужаных работнікаў. Паралельна ўручаліся граматы і падарункі. Канцэртная праграма парадавала. Выступалі з добрымі нумарамі не толькі чарчэтцы (і дарослыя, і дзеці), але і госці з суседніх вёсак.

Безумоўна, урачыста ўручылі свае падарункі і мы. А таксама выканалі дзве старадаўнія беларускія песні.

Пасля канцэртна-ўрачыстай часткі пачалося беларускі застолле. Арганізатары падрыхтавалі шэраг нацыянальных страваў (у тым ліку ўжо вядомыя сушкі) і частавалі ўсіх: і гасцей, і жыхароў вёскі - цалкам бясплатна. Ну а пасля застолля пачалася «дыскатэка». Прычым адкрыў яе я, правёўшы майстар-клас па беларускіх танцах. Выявілася, што многія чарчэтцы ўжо з прафесіяналізмам маглі танчыць «Маразулю», «Ойру», «Польку задам», «Кракавяк» і да т.п.

Праз гадзіну такіх танцаў я падумаў, што ўсе стаміліся і пачнуць разыходзіцца па дамах. Да таго ж, было ўжо каля 24 гадзін ночы. Але дзе там! Чарчэтцы, аказваецца, толькі разагрэліся. Танцы працягваліся да раніцы. Разыходзіцца пачалі бліжэй да 6 гадзінаў раніцы.

Адпачыўшы крыху, на наступны дзень мы з Воляй пайшлі «па хатах» размаўляць са старажыламі. Шмат цікавага нам распавялі чарчэтцы. Але пра гэта я падрыхтую асобны этнаграфічны матэрыял. Варта сказаць, што абыходзіць людзей было няпроста. У кожнай хаце нам спярша збіралі на стол і частавалі «чым Бог паслаў». Даводзілася ўжываць ўсялякія хітрыкі, каб не пакрыўдзіць гасцінных гаспадароў з аднаго боку, і не «лопнуць» ад пачастункаў з іншага боку. Але ў цэлым абыход дамоў быў нават нейкім святочным, пакінуў вельмі прыемнае ўражанне.

А яшчэ мяне, бывалага этнографа (17 гадоў ужо езджу па беларускіх вёсках Прыбайкалля), чарчэтцы ўсё ж здзівілі! Яны захавалі старадаўнюю беларускую традыцыю - вырабляць абярэгі на сценах дамоў, варотах, платах у выглядзе «зорак» і «ромбаў» . Прычым гэтыя «знакі-абярэгі» прысутнічалі як на старадаўніх дамах, так і на новых, ды яшчэ ў вялікай колькасці (у палове вёскі дакладна).

Так, чым больш я езджу па беларускіх вёсках Сібіры, тым больш дзіўлюся захаванай беларускай традыцыяй. 6000 кіламетраў ад гістарычнай Радзімы, а беларусы і ў Сібіры застаюцца беларусамі!

Са святам, Чарчэт! З юбілеем! Спадзяюся, мы яшчэ не раз сустрэнемся!!!

Фота адсюль