Апошні дзень лета Іркуцк вырашыў адзначыць разнастайнымі святкаваннямі. Яны праходзілі на шматлікіх пляцоўках горада. Нашы беларускія арганізацыі: ІТБК і Маладзёжны клуб «Крывічы» таксама ўзялі ўдзел у шэрагу мерапрыемстваў.
Вось пра адно з іх мне б хацелася расказаць крыху больш падрабязна.
У цэнтры горада на скверы Кірава Упраўленне культуры горада Іркуцка і музей гісторыі г. Іркуцка ў асобе філіяла Дома рамёстваў праводзілі «Ціхвінскім кірмаш».
Сама ідэя была цудоўная: сабраць на адной пляцоўцы ўсіх рамеснікаў нашага горада. Але не проста сабраць з выставамі-продажам, а зладзіць конкурс.
Прычым насамрэч конкурсаў было аж два.
Па-першае, конкурс майстар-класаў. Рамеснікі, якія жадаюць падзяліцца сваім майстэрствам, павінны былі цягам чатырох гадзінаў вучыць усіх ахвочых (прычым цалкам бясплатна) свайму мастацтву.
Другі конкурс быў накіраваны на спаборніцтва майстроў у вырабе, зноў жа на працягу 4 гадзінаў, якіх-небудзь сваіх шэдэўраў на зададзеную тэматыку. Прычым тэхніка вырабу віталася любая.
У другім конкурсе паўдзельнічала і нашая вядомая майстрыха - старшыня Моладзевага клуба «Крывічы» Воля Галанава. Яна на працягу адведзенага часу вырабіла тры кветкі з саломы, паказаўшы ўсім жадаючым старадаўнюю беларускую тэхніку саломапляцення. Хочацца сказаць, што на самім кірмашы, акрамя Волі, у гэтай тэхніцы працавала яшчэ адна майстрыха з пасёлка Бельск Чаромхаўскага раёна.
На жаль, у конкурсе не было размежавання па стылях прыкладнога мастацтва. Сябры журы, якія падыходзілі да стала, дзе працавала Воля, захапляліся яе працай, але... прызавыя месцы, як сказала старшыня журы, атрымалі "людзі ўжо добра нам вядомыя”…
Воля атрымала дыплом удзельніка і... нечакана прыз глядацкіх сімпатый.
Але ж галоўнае, як кажуць, не перамога, а ўдзел…
А што да нас, то мы ганарымся ўменнем Волі. Бо яна асвоіла многія традыцыйныя віды беларускага рамесніцтва. Гэта сэнсавая вышыўка крыжам і процяг, пашыў абрадавых касцюмаў, пляценне паясоў, ткацтва на кроснах, саломапляценне і... Я нават не ўпэўнены, што назваў усе яе майстэрскія здольнасці. Але і гэта не галоўнае! Галоўнае, што яна сапраўдная шчырая Беларуска!
Дарэчы, 20 кастрычніка ў Волі быў Дзень нараджэння! Ад імя рэдакцыі газеты «Маланка» і ўсіх беларускіх актывістаў Іркуцкай вобласці мы віншуем цябе, Воля, з тваім днём з'яўлення на свет!
Здароўя табе, поспехаў у творчасці, фінансавага росквіту і шчырага кахання!!!