Сёлета фестываль згуртаваў вакол сябе польскіх, беларускіх, сербскіх, нямецкіх і англійскіх літаратурных творцаў. Адным з традыцыйных момантаў мерапрыемста было спатканне рэдактараў і выдаўцоў, сярод якіх выступілі прадстаўнікі беларускага грамадска-культурнага выдання “Часопіс” і газеты “Ніва”.
Кажа Юрка Хмялеўскі, рэдактар штомесячніка “Часопіс” і дырэктар гміннага Цэнтра культуры ў Гарадку:
- Гэта сустрэча сёння як бы пацвердзіла, што ёсць яшчэ што рабіць у часопісе. Думаю, што дзякуючы гэтай сустрэчы з’явяцца ў нашым выданні новыя аўтары. Была прапанова супрацоўнічаць з гэтым асяроддзем, якое ставіццада нас даволі ветліва, але бачу, што не вельмі тут разумеюць нас. Але кантакты патрэбныя.
Таксама плёнам мінулага фестывалю сталася выданне дзвюх анталогій беларускай і польскай паэзіі. На польскую мову былі перакладзены такія аўтары, як Францішак Багушэвіч, Янка Купала, Максім Багдановіч, Алесь Гарун, Максім Танк і іншыя. У польскай анталогіі знайшлі сваё месца вершы 13 сучасных польскіх аўтараў.
Кажа галоўная перакладчыца, паэтка і журналістка газеты “Ніва” Міра Лукша:
- Думаю, што кніжачка – гэта прапанова для польскага чытача, каб пацікавіўся беларускай літаратурай. Гэта вялікім “стрэлам” у свядомасць палякаў не будзе, але, думаю, што кніжка атрымалася файная. І добра, што аказалася, што фестываль плённы не толькі на размовы, спевы ды чытанні вершаў, але і на канкрэтныя выданні.
Кнігі былі выдадзеныя з ініцыятывы Аляксандра Наўроцкага пры супрацы з кніжным выдавецтвам IBiS, Міністэрствам культуры Беларусі і таксама Домам-музеем Адама Міцкевіча ў Наваградку.
Мерапрыемствы фестывалю працягнуцца таксама ў іншых польскіх гарадах, такіх як Кракаў, Паланец, Жырардаў, Чэхавіцы і Кельцэ. Таксама з 22 па 24 лістапада фестывальныя мерапрыемствы адбудуцца ў Лондане.