Літаратурная выстава «Дзяды» Адама Міцкевіча ў Варшаве

У межах Фестывалю славянскай паэзіі ў польскай сталіцы праходзіць выстава, прысвечаная 215-годдзю з дня нараджэння Адама Міцкевіча.

Кожны са стэндаў выставы расказвае пра жыццё паэта ў розных гарадах у кантэксце ягонай несмяротнай паэмы “Дзяды”. Экспазіцыю можна паглядзець у варшаўскім Музеі літаратуры.

Расказвае дырэктар Дзяржаўнага музея гісторыі і беларускай літаратуры Лідзія Макарэвіч:

- Калі мы рыхтаваліся да 215-х угодкаў, то вырашылі, што нам неабходна зрабіць крышачку іншага плану экспазіцыю. І ў аснову выставы паклалі паэму “Дзяды”. Гэта спецыфічная паэма, вельмі адметная. Адам Міцкевіч пісаў яе цягам многіх гадоў. “Дзяды” – гэта беларуская народная традыцыя памінання продкаў. У гэтай паэме праз успамін нібы продкаў, Адам Міцкевіч расказвае сваё жыццё і біяграфію. І таму ў нашай экспазіцыі прадстаўленыя шэсць планшэтаў, якія расказваюць пра жыццё і творчасць Міцкевіча, але ў кантэксце паэмы “Дзяды”.

Выстава была створаная пры садзейніцтве Дзяржаўнага музея гісторыі і беларускай літаратуры, а таксама Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.