Ніна Янсанэ з дому Панізнікаў нарадзілася 21 лістапада 1933 года у в.Бабышкі (Мёрскі раён Віцебскай вобласці). З 1951 года жыве ў Латвіі. У 1998 годзе атрымала латвійскае грамадзянства. Дасканала валодае латышскай мовай. Яе пераклады публікаваліся ў штогодніку "Ветразь", часопісе "Вожык", у газетах "Набат", "Наша слова", у кнізе "Ян Райніс" (серыя "Скарбы сусветнай літаратуры"), дзе яна і аўтар падрадковых перакладаў, а таксама ў кнізе "Крывіцкія руны: Беларускія пісьменнікі Латвіі". Біяграфічную нататку пра Ніну Янсанэ змясціў энцыклапедычны даведнік "Хто ёсць Хто сярод беларусаў свету". Даведка пра яе і яе верш "Зорная пошта" змешчаны на сайце Латвійскага таварыства беларускай культуры "Сьвітанак". Сястра Ніна дапамагала мне ў запісах народных песень, лексічных скарбаў з нашага прыдзвінскага мацерыка. У многіх маіх паэтычных зборніках ёсць вершы, прысвечаныя ёй. І сёлета ў дзень юбілею згадаю такія радкі: Сястра, зажурынка мая, і мне ты кладачкі масціла. Вясной пакормім салаўя, каб сонца па зямлі хадзіла. Са сцежак тчэцца радавод. Зара радню падмаладзіла. Каб разам быць -- глядзі на ўсход, дзе з сонцам па зямлі хадзіла.
13.02.2018
Скарынаўская бібліятэка ў Лондане