Брат беларускага біскупа ў Чыкага: Не ведаў, што ён быў беларусам

У 1959 годзе ў кангрэсе ЗША на Дзень Волі гучала малітва на беларускай мове! Чытаў яе беларускі святар Чыкагаўскага грэка-каталіцкай царквы Уладзімір Тарасевіч. Сёння ягоныя родзічы мала што ведаюць аб працы дзеяча на ніве беларушчыны.

З Клешнякоў у Чыкага

Большую частку свайго жыцця Уладзімір Тарасевіч правёў у ЗША, але нарадзіўся ў 1921 годзе ў вёсцы Клешнякі (цяпер Шчучынскі раён) у сялянскай сям’і. Напярэдадні Другой сусветнай вайны будучы біскуп пераехаў да свайго дзядзькі, ксяндза Яна Тарасевіча, у Чыкага.  Адвучыўшыся тут у духоўнай семінарыі бенедыктынцаў, скончыў Каталіцкі ўніверсітэт у Вашынгтоне (1950), а таксама слухаў выбітных багасловаў у прэстыжных навучальных установах Рыму. Атрымаўшы святарскія пасвячэнні, а. Уладзімір перайшоў у грэка-каталіцкі абрад і стаў дапамагаць свайму дзядзьку, кс. Яну Тарасевічу, наладжваць рэлігійнае жыццё беларусаў у Чыкага.

Найлепшы настаўнік – родны дзядзька

Кс. Ян Тарасевіч (у цэнтры) з сябрамі. Фота cyclowiki.org

Кс. Ян Тарасевіч (у цэнтры) з сябрамі. Фота cyclowiki.orgДухоўнае і інтэлектуальнае станаўленне айца Уладзіміра адбывалася пад беспасярэднім уплывам ягонага дзядзькі, ксяндза Яна Хрызастома Тарасевіча, які трапіў у ЗША на пачатку XX стагоддзя, а пазней вывучаў тэалогію ў Канадзе і Швейцарыі. У 1925 годзе кс. Ян абараніў дактарат у багаслоўі, а з 1937 года працаваў у манастыры св. Пракопа ў чыкагаўскім прадмесці Лайл (Lisle). Айцец Ян быў незвычайна актыўным дзеячам як рэлігійнага, гэтак і беларускага нацыянальнага жыцця ў эміграцыі. У 1941 годзе ён стаў адным з ініцыятараў стварэння культурна-грамадскай арганізацыі «Беларуска-амерыканская нацыянальная рада».   

Беларуская мова ў кангрэсе ЗША

Айцы Ян і Уладзімір займаліся ў Чыкага выдавецкаю дзейнасцю, выпускалі некалькі часопісаў на беларускай мове, дапамагалі ствараць беларускую праграму на мясцовым радыё. Разам з праваслаўнымі беларусамі яны ладзілі святкаванне 25 Сакавіка. У 1958 годзе, у якім а. Уладзімір абараніў доктарскую працу ў тэалогіі, ён змяніў свайго дзядзьку на пасадзе пробашча беларускай уніяцкай парафіі Хрыста Збаўцы ў Чыкага. У 1959 годзе з ягоных вуснаў беларуская мова прагучала ў кангрэсе ЗША. Святара як аднаго з лідараў беларускага рэлігійнага жыцця ў Амерыцы вылучыла беларуская грамада для чытання ў амерыканскім парламенце малітвы за беларускі народ. У 1983 годзе Папа Рымскі Ян Павал ІІ надаў а. Уладзіміру годнасць біскупа і прызначыў галавою каталікоў-беларусаў абодвух абрадаў у эміграцыі.

Апошні спачын

Памятны камень на магіле біскупа Уладзіміра Тарасевіча. Фота belsat.eu

Памятны камень на магіле біскупа Уладзіміра Тарасевіча. Фота belsat.euПад канец жыццёвага шляху а. Ян Тарасевіч пачаў сімпатызаваць ўладам савецкай Беларусі, бо тыя, як яму здавалася, падтрымлівалі беларускую культуру. Біскуп Уладзімір па-ранейшаму заставаўся крытычны да дзеянняў камуністычных уладаў. У 1978 годзе не стала спачатку кс. Яна Тарасевіча, а ў 1986 годзе пасля цяжкай анкалагічнай хваробы пайшоў з жыцця біскуп Уладзімір. Іх пахавалі на могілках пры бенедыктынскім кляштары св. Пракопа ў Лайле пад Чыкага. Пасля смерці двух каталіцкіх дзеячаў парафія Хрыста Збаўцы існавала да 2003 года, а потым яе зачынілі, бо ў горадзе амаль не засталося беларусаў-каталікоў.  

Брат біскупа, які каля 30 гадоў не размаўляў па-беларуску

Родны брат біскупа Уладзіміра Тарасевіча – Ян Тарасевіч – прыбыў у ЗША пасля вайны з Польшчы, куды выехаў з бацькамі на хвалі пасляваеннай рэпатрыяцыі. У Чыкага спадар Ян працаваў у пякарні ды, як сам адзначаў, мала цікавіўся, чым займаліся ягоныя брат і дзядзька. «Нашая сям’я ўся была каталіцкая. Гэта тут, на эміграцыі, дзядзька і брат перайшлі ва ўніяцтва. Ды і дома мы па-польску размаўлялі. Я не ведаў, што брат быў беларусам. Гэта пазней маглі пра яго так сказаць», – на чысцюткай беларускай мове распавёў спадар Тарасевіч, хоць і адзначыў, што не размаўляў па-беларуску каля 30 гадоў. З сямейных размоваў брату біскупа запомнілася, што ягоны дзядзька Ян і брат Уладзімір стараліся, каб людзі маглі спавядацца ў касцёле на сваёй «простай» мове, бо шмат каму цяжка было размаўляць і разумець па-польску. «Уладзімір паехаў у Амерыку, калі я быў яшчэ малым дзіцём. Я – чалавек рабочы, потым не меў часу, каб з братам часта бачыцца. У царкву таксама не хадзіў, бо яна ўніяцкая, а я – каталік», – сказаў Ян Тарасевіч.

Памяць пра беларусаў у кляштары

Абат Аўсцін Мэрфі з павагай выказваецца пра айцоў Яна і Уладзіміра. Фота belsat.eu

Абат Аўсцін Мэрфі з павагай выказваецца пра айцоў Яна і Уладзіміра. Фота belsat.eu У бенедыктынскім кляштары св. Пракопа па-ранейшаму захоўваецца памяць пра дзейнасць слаўных беларусаў у Чыкага. Дагэтуль там існуе капліца ў візантыйскім стылі, у якой айцы Ян і Уладзімір Тарасевічы правілі грэка-каталіцкую літургію. На адным з памятных стэндаў у кляштары турыстам паказваюць старыя фатаграфіі, на якіх беларускія святары прычашчаюць вернікаў у былой беларускай грэка-каталіцкай царкве.