Людвіка Кардзіс спрабуе адрадзіць Беларускі музей у сучаснай Вільні

Традыцыя беларускай музейнай справы ў Вільні бярэ пачатак ад 1856 года, калі Яўстафій Тышкевіч адкрыў музей старажытнасці на аснове музейных экспанатаў з Лагойску, прывезенных у Вільню на выставу ў 1845 годзе. Пазней ён стаў музеем віленскага ўніверсітэта. З 20-га стагоддзя, ад часу стварэння беларускага музея Іванам Луцкевічам, пачынаецца новая старонка беларускай музейнай справы. Максім Багдановіч сказаў у 1911 годзе: «Гэта ёсць фундамент нашага Адраджэння. Гэта і за 1000 гадоў будзе сведчыць аб нас».

Лёс музея Івана Луцкеіча быў трагічны - ён быў зачынены ў 1945 годзе, унікальная калекцыя разыйшліся па іншых музеях. У 90-ыя гады з’явілася ідэя аднавіць Беларускі музей ў Вільні. Адным з ініцыятараў гэтай справы стаў Сяржук Вітушка - муж Людвікі Кардзіс, лідар моладзевага нацынальнага руху 80-ых. Пачаўся збор экспанатаў, якія і цяпер, пасля смерці ў 2012 годзе Сяржука Вітушкі, захоўваюцца ў кватэры Людвікі Кардзіс.

Людвіка паказвае вышыўку ў рамцы з гербам Пагоня і кажа, што гэтую вышыўку рабіла беларуская дзяячка Зоя Коўш падчас вучобы ў Віленскай беларускай гімназіі. Гэтая вышыўка была вельмі дарагая яе гаспадыні, якая казала, што хоча, каб гэтая вышыўка засталася ў яе да самай смерці, а пасля - у музеі. Цяпер вышыўка ў кватэры Людвікі Кардзіс у Вільні, у кватэры, якая паціху сама ператвараецца ў музей, бо тут збіраюцца экспанаты, якія маглі бы стаць асновай Беларускага музею ў Вільні.

Герб Пагоня, вышыты Зояй Каўшанкай падчас вучобы ў Віленскай Беларускй гімназіі

Людвіка паказвае экспанаты і гаворыць:

- З закрыццём музею ў 1945 годзе гэта справа не спынілася. Яе падтрымалі прыватныя асобы - Пётра Сергіевіч, Зоська Верас, Адольф Клімовіч, Язэп і Надзея Шнаркевічы ды іншыя. Пасля іх гэтую справу працягнулі маладзейшыя віленскія беларусы: Зоя Каўшанка, Янка Багдановіч, Аляксей Анішчык, Лявон Луцкевіч, Лявон Кароль ды іншыя.

Людвіка распавядае:

- Сёння музейную справу перанялі мы - Грамадская арганізацыя «Віленскі беларускі музей імя Івана Луцкевіча». Грамадская арганізацыя існуе з 2001 году. Мы не маем фінансавання і памяшкання, але мы маем на мэце збіраць, захоўваць, вывучаць, экспанаваць прадметы, якія распавядаюць пра гісторыю і культуру беларусаў Вільні. Безумоўна, калі б было сталае фінансаванне і памяшканне, калі б былі навуковыя кадры - гэта рабілася б больш якасна, з шырэйшым размахам. А пакуль робім, што можам. Літоўскія законы дазваляюць фізічным асобам ахвяраваць 2 адсоткі ад сплачанага падатку на грамадскія арганізацыі. Мы удзячныя нашым ахвярадаўцам, сабраныя грошы мы трацім на набыццё беларускіх экспанатаў. Мы верым, што такіх паступленняў у музей магло б быць намнога больш, калі б было сталае памяшканне для іх захоўвання. Задача стаіць у гуртаванні навуковых сілаў і матэрыяльных сродкаў, і тады музей у Вільні стане рэальнасцю.