Кастрычнік у ТБК Літвы

Напрыканцы кастрычніка ў ТБК Літвы адбылася традыцыйная сустрэча. Прапануем вашай увазе прамовы вядоўцаў, прысвечаныя славутым беларусам, чыё жыццё было звязанае з Вільняй.

Алесь Адамковіч.Да 225-годдзя з дня нараджэння Івана Насовіча і 125-годдзя  з дня нараджэння Язэпа Драздовіча

7 кастрычніка споўнілася 225 гадоў з дня нараджэння аднаго з найбольш значных беларускіх мовазнаўцаў і этнографаў ХІХ ст. Івана Іванавіча Насовіча. Хаця гэтае імя збольшага вядома вузкаму колу мовазнаўцаў, яго ўклад у развіццё беларускага мовазнаўства неацэнны і яго асоба знаходзіцца ў адным шэрагу з Янкам Купалам і Якубам Коласам.

Для беларусаў асоба Івана Насовіча значыць тое самае, што асоба Уладзіміра Даля для рускіх з той розніцай, што Даль вядомы кожнаму школьніку, чаго не скажаш пра нашага вучонага-лінгвіста. Што ж, доўгі, цяжкі і пакутлівы шлях вяртання ў айчынную культуру і грамадскасць беларускіх дзеячаў, асветнікаў, патрыётаў.

Галоўная заслуга Івана Насовіча ў выданні ім слоўніка беларускіх гаворак, над якім аўтар працаваў больш за 20 гадоў. У ім сабрана каля 30 000 слоў жывой беларускай мовы.

І яго вартасць пераацаніць немагчыма, асабліва сёння, бо апынуліся ў такім стане, што знікаюць самі носьбіты беларускай мовы, многія словы проста выйшлі з ужытку, а шмат якія былі выцесненыя паланізмамі і русізмамі. І таму гэта – крыніца беларускай мовы, жывая, сапраўдная мова, да якой трэба звяртацца і з якой чэрпаць і вывучаць мову, а не карыстацца прынцыпам, абы не так, як у рускай ці польскай мове. І такім чынам мы зможам папаўняць нашу лексіку, узбагачаць яе прабеглымі прадзедаўскімі днямі і вяртацца да сваіх вытокаў.

1 кастрычніка старога стылю (13 кастрычніка новага) споўнілася 125 гадоў з дня нараджэння бадай ці не самага вялікага беларуса ХХ ст. мастака-вандроўніка Язэпа Драздовіча. Нарадзіўся на Дзісненшчыне ў з. Пунькі ў сям’і бяззямельнага шляхціча. Ужо з самаго маленства спазнаў бядоту, голад і вандроўны лад жыцця. Калі хлопчыку было два гады – памёр бацька. Сям’я, каб неяк пражыць, была змушаная вандраваць ад вёскі да вёскі, дзе бралі ў арэнду зямлю і з гэтага жылі. Але сялянскае жыццё не надта вабіла малога Язэпа, ён цікавіўся космасам, навукай і мастацтвам. Маці не стала супярэчыць жаданням сына і сказала: „Вучыся, сынок, і пазнай нябесныя бегі“. У нечым Язэп выканаў запавет маці.

Большасць свайго жыцця ён прысвяціў разгадкам таямніц касмічнай прасторы. Пасля яго засталіся тысячы лістоў-разважанняў пра сусвет, пра заселенасць планет жывымі істотамі і сотні карцін пра жыццё на іншых планетах.

Знакаміты Драздовіч і сваёй асветніцкай дзейнасцю. Працаваў выкладчыкам у Віленскай, Наваградскай, Радашковіцкай беларускіх гімназіях. Працаваў настаўнікам малявання і рысавання і ў школах Глыбокага, Лужак.

Значную частку свайго жыцця прысвяціў даследаванню жыцця беларусаў і захаванню помнікаў іх матэрыяльнай і духоўнай культуры. Ён не адзін раз рабіў вандроўкі-экспедыцыі, дзе замалёўваў навакольныя вёскі, цэрквы, касцёлы, каплічкі, крыжы, запісваў мясцовы фальклор і мясцовую лексіку. Вельмі шмат палотнаў прысвечана роднай Дзісненшчыне.

Акрамя гэтага, Драздовіч вядомы і як пачынальнік гістарычнай тэматыкі ў беларускім мастацтве. Гэта ён першы ўваскрасіў легендарнага палачаніна Полацкага князя Усяслава Чарадзея, другога легендарнага палачаніна – Францыска Скарыну. На яго палотнах ажылі дзеі тысячагадовай беларускай мінуўшчыны. Нягледзячы на гэта, яго ўласны лёс не склаўся. Памёр у страшэннай галечы, пакінуты ўсімі. Але не пераставаў верыць у Беларусь. У адным са сваіх вершаў пісаў:

Беларусь мая, наша родная,

Ты ізноў сабой несвабодная.

На правы твае наваліліся,

Між сабой табой падзяліліся.

Не шукай ад іх к сабе літасці –

Не было й не быць справядлівасці.

Хоць бы баялі, мы не ворагі –

Но правы твае ім не дорагі.

Прайшлі доўгія дзесяцігоддзі. Самая вялікая мара Я. Драздовіча споўнілася – чалавецтва пераадолела зямную абалонку і наведала космас. Сёння ўжо палётам ў касмічнае бязмежжа нікога не здзівіш.

Думаю, пройдуць яшчэ гады, і імя Драздовіча зойме належнае месца ў слаўным пантэоне беларускіх герояў.

Хведар Нюнька. Пра Марыяна Пецюкевіча – беларускага этнографа, грамадскага дзеяча і асветніка

Нарадзіўся 24 верасня 1904 года на Браслаўшчыне  ў шматдзетнай малазямельнай сям’і. Скончыў вясковую пачатковую школу. Дзякуючы дапамозе беларускіх ксяндзоў паступіў у Віленскую беларускую гімназію, якая выхавала яго ў духу беларускай нацыянальнай  свядомасці і  патрыятызму.

Пасля вайсковай службы ў польскім войску Марыян Пецюкевіч паступіў у Віленскі ўніверсітэт, дзе вывучаў этнаграфію і археалогію (магістр філасофіі). Яшчэ будучы студэнтам, працаваў у бібліятэцы Урублеўскіх. Тут меў магчымасць у спецфондах знаёміцца з забароненай літаратурай і знаёміць з ёю беларускіх сяброў.

Усё яго жыццё было звязанае з беларускай грамадскай дзейнасцю: Беларускі інстытут гаспадаркі і культуры, сябра Беларускага навуковага таварыства, рэдактар часопіса “Шлях моладзі”, вёў перадачы па-беларуску на Віленскім радыё, быў прадапошнім дырэктарам беларускага музея Івана Луцкевіча, падчас вайны працаваў школьным інспектарам у Ашмянскім раёне Беларусі, удзельнічаў ў Беларускім Нацыянальным Камітэце ў Вільні (абарона беларусаў перад нямецкімі ўладамі),  актыўна супрацоўнічаў у газеце “Беларускі голас” пад рэдакцыяй Францішка Аляхновіча.

Верны сваім перакананням і любові да Вільні, за сумленную працу на карысць беларускага народу Марыян Пецюкевіч быў пакараны акупацыйным камуністычным рэжымам турмой і ссылкай на доўгі час у Сібір.

Вярнуўшыся пасля хрушчоўскай адлігі ў Вільню, не змог уладкавацца на працу і прыпісацца (“вораг народу”), вымушаны быў выехаць у Польшчу. Там, у горадзе Торунь, уладкаваўся на працу па спецыяльнасці ў этнаграфічным музеі. Быў там у вялікай пашане з боку кіраўніцтва і супрацоўнікаў за сваю прыстойнасць і прафесійную працу. Пражыў там да 1983 года. Пасля смерці быў пахаваны на могілках Торуні, на жаль, удалечыні ад любай яму Вільні.

Марыян Пецюкевіч перадаў сваю любоў да Беларусі дачцы Марылі, якая свята захоўвае памяць пра дарагога бацьку. Рабіла і робіць усё магчымае (кнігі, кампакт-дыскі, сустрэчы), каб памяць пра слаўнага сына беларускага народа захаваць надоўга ў памяці і сэрцах беларусаў.

Вось словы Марылі: “Калі ў 1983 годзе яго не стала, я кранулася ў труне яго вачэй. Адчула застылыя бурштыновыя слёзы апошняга яго плачу па Беларусі”.

Неабходна адзначыць, што род Пецюкевічаў, якія жывуць у Мінску і іншых гарадах Беларусі, захоўвае беларускасць у мове і сэрцах, і гэта радуе. Значыць не ўсё яшчэ загублена. Значыць - жыве  Беларусь!

Пра Марыяна Пецюкевіча ТБК у Літве выдала, сярод іншых, асобную кнігу на 280 старонках “Трагічныя ніткі лёсу беларускага патрыёта”. А ў верасні 2014 года спецыяльнай імпрэзай адзначыць 100 гадоў з дня яго нараджэння.

Валер Радзюкевіч. Жыццё і дзейнасць Міхала Клеафаса Агінскага. Да 180-годдзя з дня смерці

Міхал Клеафас Агінскі нарадзіўся 7 кастрычніка 1765 года ў маёнтку Гузаў Мазавецкага ваяводства (Польшча) — кампазітар, дзяржаўны і вайсковы дзеяч Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай. Удзельнік паўстання Тадэвуша Касцюшкі. Міхал Клеафас Агінскі — аўтар знакамітага паланэзу «Развітанне з Радзімай». Паходзіць са старэйшай княскай лініі роду Агінскіх. Ад бацькі захаваў тытул графа.

Атрымаў добрую хатнюю адукацыю, меў выдатныя здольнасці да музыкі і замежных моваў. Першыя музычныя ўражанні атрымаў ад наведвання Слоніма, дзе яго сваяк Міхал Казімер Агінскі ўтрымліваў тэатр еўрапейскага ўзроўню. Абіраўся паслом сойму Рэчы Паспалітай (1786), быў камісарам скарбовай камісіі Вялікага Княства Літоўскага (1788), займаў пасаду мечніка ВКЛ (1789—1793). У 1790—1791 надзвычайны амбасадар у Галандыі, выконваў дыпламатычную місію ў Лондане.

У 1791 мусіў прысягнуць Расійскай імператрыцы Кацярыне II, каб захаваць свае маёнткі ва ўсходняй частцы сучаснай Беларусі. Скептычна паставіўся да Канстытуцыі 3 траўня.

У 28-гадовым  веку (1793) займаў пасаду падскарбія ВКЛ, абіраўся паслом на Гарадзенскі сойм.

Паcля перамогі ў 1793 годзе Таргавіцкай канфедэрацыі падтрымаў яе і вярнуў сабе канфіскаваныя раней маёнткі.

У часе паўстання 1794 года далучыўся да віленскіх паўстанцаў, уваходзіў у Найвышэйшую Літоўскую Раду. Ахвяраваў на патрэбы паўстання 188 тысячаў злотых, кіраваў 480 стральцамі.

У чэрвені 1794 года двойчы з атрадам стралкоў і 200 коннікамі спрабаваў прабіцца ў колішняе Менскае ваяводства, каб узняць там паўстанне. У жніўні 1794 года зрабіў рэйд да Дынабурга. Змагаўся супраць прускіх войскаў.

Пасля таго, як расейцы занялі Вільню, праз Галіцыю выехаў у Аўстрыю. За ўдзел у паўстанні расейскія ўлады канфіскавалі ягоныя маёнткі.

Жыў у Вене, Венецыі, Стамбуле, Парыжы. Пасля ўступлення на расейскі трон Аляксандра I атрымаў магчымасць вярнуцца на радзіму і працягнуць грамадска-палітычную і мастацкую дзейнасць. Пасля прысягі на вернасць імператару яму, як і ўсім выгнаннікам, вярталіся ранейшыя маёнткі.

У 1802—1806 гадах жыў у маёнтку Залессе Ашмянскага павету, дзе збудаваў новы палац, парк у ангельскім стылі, аранжарэю звярынец, сабраў вялікую бібліятэку. Менавіта тут, у Залессі, ён напісаў свой славуты паланэз «Развітанне з Радзімай».

У 1810 атрымаў пасаду сенатара і чын тайнага саветніка, ордэны св. Уладзімера і Аляксандра Неўскага. Неаднойчы сустракаўся з расейскім імператарам Аляксандрам I у Пецярбургу, Вільні, Магілёве і Віцебску, распрацаваў і падаў яму план аднаўлення Вялікага княства Літоўскага ў складзе Расейскай імперыі, якое мусіла аб’яднаць восем губерняў. Аднак імператар адхіліў гэты праект.

У 1823 годзе выехаў разам з радзінай у Італію, жыў у Фларэнцыі, дзе памёр 15 кастрычніка 1833 года. Пахавалі кампазітара на кляштарных могілках пры касцёле Санта Марыя Навела, пазней — перапахавалі ў пантэон Санта Крочэ.

Вядомы як кампазітар, аўтар папулярных паланэзаў для фартэпіяна, якія вызначаюцца лірызмам, меладычнасцю, звязаныя з народна-песеннымі традыцыямі. Найбольш папулярны ягоны паланэз ля-мінор «Развітанне з Радзімай».

Пісаў таксама маршы (у тым ліку «Марш паўстанцаў 1794»), вальсы, мазуркі, менуэты, рамансы. Аўтар аднаактовай оперы «Зеліда і Валькур, або Банапарт у Каіры».

У 1826—1827 гадах у Парыжы выдаў 4-томныя «Мемуары пра Польшчу і палякаў з 1788 да 1815 г.» (на французскай мове, у 1870—1873 гг. перакладзеныя на польскую мову), у якіх неаднойчы ўзгадвае пра свае беларуска-літвінскія карані. Напісаў «Лісты пра музыку» (1828 г., выдадзены ў 1956 г.).

Музыка М. К. Агінскага была надзвычай папулярная як пры жыцці, так і пасля смерці кампазітара. Яго паланэзы распачыналі тагачасныя баляванні, вялікімі накладамі выдаваліся ў Вене, Мілане, Празе, Берліне, Пецярбургу. Высокую адзнаку творчасці М. К. Агінскага даюць Э. Т. А. Гофман, К. М. Вебер, Ф. Ліст.

Меў асабістае знаёмства з В. Моцартам і Ё. Гайднам, а таксама быў вучнем П. М. Ф. Баё, Ч. Ф. Ляфона, Т. Кампанэлі.

Помнікі Міхалу Клеафасу Агінскаму стаяць у Маладэчне (Беларусь) і Гузаве (Польшча).

У 1994 годзе Белпошта выдала адмысловую марку, прысвечаную славутаму кампазітару. У красавіку 1996 года ў Фларэнцыі, на доме, дзе жыў М. К. Агінскі, адкрылася мемарыяльная шыльда (скульптар В. Янушкевіч).

Колішняя сядзіба Агінскіх у Залессі, «Паўночныя Афіны» (як яе называлі сучаснікі кампазытара), перайшла ў падпарадкаванне міністэрства культуры Беларусі — да Аб’яднання літаратурных музеяў, з 1990 года тут святкуюцца ўгодкі яе былога гаспадара, дагэтуль вядзецца рэстаўрацыя.

У 2011 годзе імя М. К. Агінскага атрымала вуліца ў Горадні.

22 жніўня 2011 года Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь увёў у абарачэнне памятныя манеты «М. Агінскі» серыі «Гісторыя і культура Беларусі».

•          У сваёй оперы «Зеліда і Валькур» М. К. Агінскі вывеў на сцэну Напалеона і Юзэфа Сулкоўскага; для таго часу зрабіць дзейнымі асобамі яшчэ жывых людзей было ўнікальнай з'явай.

•          Пры жыцці кампазітара больш папулярным быў «Паланэз смерці» фа мажор, а не «Развітаньне з Радзімай» ля мінор.

•          М. К. Агінскі — аўтар дзвюх музычных працаў — «Лісты пра музыку» і «Назіранні над музыкай». Апрача таго, ён маляваў у класічным стылі.

М. К. Агінскі першым стварыў паланэзы для слухання, а не для танцаў. Пазней ягоную справу працягнуў Ф. Шапэн.