2 лістапада беларусы наведалі могілкі Росы ў Вільні. А 1 лістапада ў літоўскай сталіцы маладзёны арганізавалі талаку ля помніка паўстанцам 1863 года на Лукішках, а таксама на пахаваннях славутых суайчыннікаў на могілках Росы. Тут пахаваныя ключавыя для гісторыі беларускай незалежнасці постаці – Іван і Антон Луцкевічы, драматург Францішак Аляхновіч, пісьменнік Ядвігін Ш., асветнікі Казімір Сваяк і Альбін Стаповіч.
«Штогод беларусы адведваюць магілы сваіх дзеячаў, − распавядае Кірыл Атаманчык, старшыня арганізацыі «СтудАльянс». − Прыемна, калі прыходзіш і заўважаеш, што магілка прыбраная, што ляжаць кветкі, пастаўленыя знічы». Ёсць і магілы, пра якія разам з беларусамі дбаюць літоўцы і палякі. Напрыклад, Яўхіма Лелявеля, Уладзіслава Сыракомлі, бацькоў Марыі Ямант, Аляксандра Аскеркі, Уладзіслава Талочкі. На Росах таксама пахаваныя менш вядомыя, але не менш значныя для нашай краіны асобы: пісьменнік Уладзіслаў Паўлюкоўскі, асветнік Станіслаў Станкевіч і архітэктар Леў Вітан-Дубейкаўскі. Некаторыя з помнікаў патрабуюць рэканструкцыі або поўнай замены. Бадай у найгоршым стане аказаўся помнік Францішку Аляхновічу: недаўгавечны матэрыял пакрываецца расколінамі ды паступова рассыпаецца.