Пражскія беларусы на Дзяды ўшанавалі памяць прэзідэнтаў БНР Пятра Крачэўскага і Васіля Захаркі.
Нягледзячы на непагадзь — у Празе ішоў дождж — больш за два дзясяткі беларусаў прыйшлі на Альшанскія могілкі чэшскай сталіцы, дзе пахаваныя старшыні Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Пятро Крачэўскі і Васіль Захарка, а таксама оперны спявак Міхась Забэйда-Суміцкі.
Цырымонія ля магілаў пачалася пад гукі дуды дудара Віталя Цімошчанкі.
Кароткія паніхіды ля магілаў адслужыў грэка-каталіцкі святар айцец Андрэй Абламейка ў саслужэнні з айцом дыяканам Вячаславам Гарчаковым.
Ля магілы Міхася Забэйды-Суміцкага былы саліст Беларускай філармоніі Сяргей Доўгушаў заспяваў некалькі беларускіх народных песняў.
Усе прысутныя разам праспявалі гімн "Магутны Божа".
Апошнія гады, дзякуючы рэгулярным прыездам у Прагу айца Андрэя Абламейкі, пражскія беларусы маюць магчымасць на Дзяды не толькі праявіць сваю грамадзянскую пазіцыю, прыходзячы да магілаў прэзідэнтаў БНР, але і паставіць свечку ды памаліцца за сваіх уласных Дзядоў — памерлых сваякоў і сяброў — на рэгулярных багаслужбах у царкве святых Кузьмы і Дзям’яна. Адрас царквы сьвятых Кузьмы і Дзям’яна — Vyšehradska 49, Praha 2. Уваход з вуліцы Na Slovanech.