Абраная канцэпцыя праекта Цэнтра беларускай культуры ў Кленіках

Канцэпцыя праекта Цэнтра беларускай культуры ў Кленіках, што ў гміне Чыжы, абраная. Цягам апошняга тыдня ў мясцовай святліцы жыхары глядзелі шэсць найлепшых канцэпцый, за якія можна было галасаваць. Больш за палову галасоў было аддадзена праекту Аляксандры Бартошук.

“Канцэпцыя ўпісваецца ў архітэктуру вёскі”, - кажа дырэктар Гміннага асяродку культуры ў Чыжах Юры Якімюк:

- Гэтая праца звяртае нас да нашых традыцыяў. Вясковая хата традыцыйна рабілася з дрэва, і з гэтым матэрыялам звязаны абраны праект. Гэта зусім іншае, чым сучасныя мураваныя будынкі. Ідэя амбітная. Яна ўлічвае традыцыі Кленікаў, а такіх традыцый багата.

Усе канцэпцыі створаныя студэнтамі Беластоцкай Палітэхнікі. Гэта першы крок да падрыхтоўкі тэхнічнай дакументацыі. Толькі тады можна будзе пачаць пошукі фінансавых сродкаў на пабудову. Цэнтр беларускай культуры мае паўстаць на месцы былой школы, а за яго пабудовай будзе сачыць прэзідэнт Польшчы Браніслаў Камароўскі.