Сноп з Прыбайкалля

Сёлета ўлетку, выступаючы на Шостым з’ездзе беларусаў свету, адзін з лідараў беларускай суполкі з Іркуцка Алег Рудакоў паспрабаваў адказаць на няпростае пытанне: як удалечыні ад Бацькаўшчыны абудзіць актыўнасць суродзічаў, далучыць да спраў дыяспары? І першым “сакрэтам”, дакладней, апрабаваным сродкам назваў абрады. У Прыбайкаллі ведаюць: пранікаючы ў іх сутнасць, спрабуючы зразумець глыбінны сэнс і адаптуючы абрады продкаў да новай рэальнасці, мы нібы распальваем вялікае вогнішча ў сцюдзёную пару. І яно потым сагравае як душы актывістаў, так і дзясяткаў людзей, што прыцягваюцца да жыццядайнага агню.  У Прыбайкаллі святкавалі Дажынкі. Невялічкі прэс-рэліз пра падзею даслалі ў рэдакцыю: “У пасёлку Аляксандраўск Аларскага раёна Іркуцкай вобласці, заснаваным беларускімі перасяленцамі, пройдзе свята Дажынкі. Яно сімвалізуе заканчэнне жніва. Ладзяць свята Рэгіянальная грамадская арганізацыя “Іркуцкае таварыства беларускай культуры імя Я. Д. Чэрскага” ды Моладзевы клуб “Крывічы”. Вас чакаюць спаборніцтвы дзяўчат пад час жніва сярпамі. Вы ўбачыце, як у даўніну вязалі снапы, як юнакі збівалі масла старажытным спосабам, пачуеце абрадавыя аўтэнтычныя песні, пабачыце карагоды. Арганізатары прапануюць прыняць удзел у майстар-класе па бытавых беларускіх танцах і многае іншае”. Як заўсёды, пададзены ў канцы і мабільнік арганізатараў, на гэты раз самога спадара Алега. Дарэчы, важная дэталь: жывы кантакт з тымі, хто праяўляе цікавасць да імпрэзы, заўсёды на карысць справе. З тэкстаў калег у рэгіянальнай прэсе, што асвятляла Дажынкі, бачна: беларусы ладзілі свята супольна з Усць-Ардынскім нацыянальным цэнтрам народнай творчасці. У Прыбайкалі, у вялікай Усць-Ардынскай Бурацкай акрузе побач жывуць розныя этнасы. Усеагульнымі і любімымі сталі там святы Сур-Харбан, Сабантуй, Масленіца ды іншыя. І беларускія Дажынкі збіраюць фальклорныя гурты акругі і вобласці. Сам Алег звяртае ўвагу: гэта не проста пацеха. Суполка адраджае, развівае і зберагае старажытныя беларускія абрадавыя традыцыі ў Прыбайкаллі. Пад час Сталыпінскай рэформы ў далёкі край перасялілася каля 300 тысяч беларусаў, часта і цэлымі вёскамі. “Нам важна спасцігаць сутнасць абраду, аднаўляць яго з улікам этнаграфічных даследаванняў, — адзначыў Алег, аўтар сцэнара свята. — Дэтальна вывучаем даступныя матэрыялы, калі рэканструюем абрады”. Вітаючы гасцей і мясцовых жыхароў, мэр раёна нагадаў: воляй лёсу тысячы беларусаў і ўкраінцаў ехалі ў Сібір асвойваць новыя землі. Мясцовае насельніцтва, бураты, прымалі іх гасцінна. Вядома ж, сяляне везлі з сабой сем’і, пажыткі й прылады працы, не забываліся і традыцыйныя абрады. Сёння ў раёне жыве амаль сотня беларусаў, ствараецца іх этнасуполка. “Мы ўпершыню ладзім на аларскай зямлі вялікае і прыгожае свята, вельмі спадзяемся на супрацоўніцтва”, — казала Алена Сіпакова, сібірачка ў трэцім пакаленні, якая сёлета ўзяла з рук Алега Рудакова эстафету кіраўніцтва Іркуцкай суполкай беларусаў. Абрад Дажынкі ладзілі на ніве фермерскай гаспадаркі Мікалая Крываручкі. Хоць па здымках бачна: ой, і халадна ўжо ў Сібіры, і шмат збожжа яшчэ не зжата... Дзеі суправаджалі спевамі гурт “Крывiчы” і дзіцячы гурт “Званочкi” пад кіраўніцтвам Волі Галанавай, агульны ж рэй вёў Алег Рудакоў. Цяпер і буратам вядома, што раней на Дажынкі сяляне-беларусы збіраліся ўсім паселішчам. Вяла жней вопытная жняя-пастацянка.У беларускага слова постаць (рускае фигура, стать, сан, осанка) ёсць і іншае, можа і першаснае значэнне. “ПастАць (пОстаць) — частка поля, занятая жнеямі ў час жніва” — са слоўніка Максіма Гарэцкага. Кожная пастацянка гнала сваю постаць. А старэйшая размяркоўвала жней так, каб найлепшым чынам рухалася праца. Важна было ўвайсці ў аптымальны рытм, каб ніхто нікога не затрымліваў, а калі трэба, то і падахвочваў. Было і суперніцтва, бо поспех залежаў ад кожнай жняі паасобку і ўсіх разам. І песні былі для таго адметныя, традыцыйныя, не для забаўкі — у падмогу. Важная частка абраду ўзнаўлялася на бяскрайняй ніве Аларскага раёна як конкурс жней. Па дзве (адна жне, другая вяжа снапы) гналі навыперадкі з песнямі постаці. Потым ушанавалі лепшых.  Нязжаты лапік, які пакідаюць на ўскрайку нівы, гэта “барада”. Каласкі зверху звязалі стужкай. З “барадой”, якая, кажуць даследчыкі, увасабляе дух нівы, правялі рытуальныя дзеі, сэнс якіх: парадніцца з нівай духоўна, каб добрым быў ураджай надалей. Дзяўчаты-крывічанкі звілі вянок з пшаніцы, зрабілі галоўны Сноп-Гаспадар. Яго ўручылі гаспадару поля, мэру раёна Аляксандру Футорнаму, а дажыначны вянок —гаспадыні поля, Наталлі Крываручцы. У даўніну Сноп-Гаспадар неслі да сядзібы гаспадароў, яны сустракалі жней ля варот ці на ганку. Прымалі сноп, слухалі велічанні-віншаванні: жніво скончана! І пажаданні новых добрых ураджаяў, агульнага дабрабыту. Потым гаспадары запрашалі жней на Дажынкавае застолле. Дажынкі закончыліся ў Аляксандраўску канцэртам. Іван Ждановіч

Фота ІТБК