Кожную песню ў выкананні фальклорнага гурта з Клічава ў эстонскім горадзе гледачы сустракалі бурнымі апладысментамі.
Нядаўна вядомы гурт з Клічава мы запрасілі ў Эстонію. У вялікай зале нарвскага Палаца культуры “Ругадзіў” ладзілася яшчэ адна імпрэза па праекце “Ma tahaksin kodus olla” (у перакладзе з эстонскай: “Мне хацелася б дадому”). Ініцыятар чарговай сустрэчы — наша таварыства “Сябры”. Адкрыла канцэрт піяністка Юлія Ермалаева, лаўрэат конкурсаў імя Шапэна ў Нарве 2008 і 2010 гадоў. Яна грала накцюрн “Мроі кахання”. На дзень раней у нарвскай музычнай школе быў і сольны канцэрт гэтай цудоўнай піяністкі. Не толькі госці, але і нарвіцяне выступалі ў эстонска-беларускім канцэрце сяброўства. Гледачы пабачылі эстонскія танцы ў выкананні выдатнага калектыву “Paikeseratas” і самадзейных артыстаў з эстонскага таварыства Нарвы. Муж і жонка, Юло і Таццяна Кадак парадавалі залу эстонскай і беларускай песнямі. Наш гурт з суполкі “Сябры” таксама быў на сцэне: выканалі беларускія песні, а затым і эстонскую ў гонар свайго праекта “Ma tahaksin kodus olla”, прычым сумесна з гасцямі — ансамблем “Жытніца”, ім кіруе этнічны эстонец Уладзімір Ваакс. Заслужаны аматарскі гурт Беларусі выконвае ў асноўным беларускія народныя музыку і песні, ён створаны ў горадзе Клічаве Магілёўскай вобласці ў 1991 годзе. У 2008 годзе, дарэчы, нашы сябры ўжо выступалі ў Эстоніі — у горадзе Сіламяэ. Кожную песню ў выкананні “Жытніцы” гледачы сустракалі бурнымі апладысментамі. А пасля канцэрта адбыўся абмен падарункамі і сувенірамі. Муж і жонка Вааксы прывезлі нам цудоўныя вырабы з саломкі. І мы не засталіся ў даўгу. Прысутныя на канцэрце старшыня Дзяржаўнага сходу Эстоніі Аляксандр Яфімаў і дэпутат Уладзімір Міжуй, работнікі Пасольства Беларусі ў Таліне часовы павераны Уладзімір Лазерка і консул Сяргей Рычэнка таксама ўручылі гасцям з Беларусі граматы і кветкі. Быў ушанаваны наш зямляк Уладзімір Міжуй — за дапамогу землякам і ў сувязі з 50-годдзем працоўнай дзейнасці на карысць горада. Гасцей мы сустракалі вельмі цёпла. Паказаць ім прыгажосць Нарвы і яе старажытнага замка, наша мора — якога, як вядома, у Беларусі няма. Вялікая наша ўдзячнасць кіраўніцтву Нарвы за фінансаванне гэтага праекта! Людміла Аннус, актывістка беларускага таварыства “Сябры”, г. Нарва, Эстонія