11-13 кастрычніка Каўнас стаў «беларускім»: у горадзе адбыўся Міжнародны Кангрэс даследчыкаў Беларусі. Сёлета больш за 400 навукоўцаў у трэці раз сабраліся ва Універсітэце Вітаўта Вялікага і падзяліліся вынікамі сваёй акадэмічнай працы, якую аб’ядноўвае датычнасць да Беларусі. Амаль усе вядомыя ў акадэмічных колах імёны прагучалі на Кангрэсе. Геаграфія падзеі ўключала ў сябе 25 краін: Польшча, Літва, Латвія, Украіна, Расія, ЗША, Ізраіль, Шатландыя… Сярод беларусаў, самай буйной даследчыцкай суполкі, былі прадстаўнікі як дзяржаўных, так і незалежных устаноў. Арганізатары Кангрэса запрашалі і заахвочвалі да ўдзелу ў Кангрэсе ўсіх ахвотных незалежна ад месца працы і палітычных поглядаў: крытэрам для адбору з’яўлялася якасная навуковая публікацыя, якая задаволіць журы.
Ад эканомікі да дударства
Усе працы былі падзеленыя на 14 панэляў. Гэта менш за мінулы год, аднак арганізатары сцвярджаюць, што кожная з іх стала больш насычанай.
Тэматыка секцый ахапіла амаль усе аспекты жыцця: эканоміка, палітыка, выклікі грамадзянскай супольнасці і навуковага асяроддзя. Упершыню сабралася секцыя па абмеркаванні стану псіхалогіі і псіхааналізу ў Беларусі. Традыцыйна самымі шматлікімі засталіся гістарычныя і культуралагічныя секцыі, што ахапілі амаль усе перыяды беларускай гісторыі.
Цікавосткай ІІІ Кангрэсу стала панэль, прысвечаная гісторыі дударскай традыцыі на Беларусі. Яе арганізаваў Яўген Барышнікаў, а падтрымалі яго калегі з Аўстрыі і Фінляндыі.
Самагон з хлеба і гуталіну
Падчас прыцы секцый прагучалі сотні дакладаў і адбыліся бурныя дыскусіі. Тэмы, закранутыя ўдзельнікамі, ахаплялі макра- і мікраэканамічныя пытанні, праблемы гендару і беларускай гістарыяграфіі, урбаністыкі, размеркаванне прыбытку ад гандлю энергарэсурсамі паміж беларускімі элітамі, суіцыдальныя наклоннасці падлеткаў, стаўленне беларусаў да мігрантаў і інш. Аншлаг сабрала секцыя, прысвечаная еўразійскай інтэграцыі.
Сустракаліся і цікавосткі кшталту ўзгадкі рэцэпту прыгатавання самагону з хлеба і гуталіну, якая прагучала на секцыі, прысвечанай гісторыі паўсядзённага жыцця ў Беларусі.
Назвалі найлепшых
Новаўвядзеннем ІІІ Кангрэса стала заснаванне прэміі за найлепшую навуковую публікацыю. Прэмія ўручалася ў трох намінацыях: сацыяльныя навукі (палітычныя навукі, сацыялогія), гуманітарныя навукі (філасофія, філалогія, лінгвістыка, мастацтвазнаўства) і гісторыя. Арганізатары прымалі да конкурсу любую публікацыю памерам ад 20 тысячаў знакаў, таму ў шорт-ліст трапілі і манаграфіі, і калектыўныя працы, і артыкулы з перыядычных выданняў.
Журы кожнай намінацыі складалася з 9-10 чалавек. Сярод іх былі Валянцін Акудовіч, Андрэй Казакевіч, доктар Курт Вулхайзер з амерыканскага Універсітэта Брандэйз, Алег Дзярновіч, Алесь Смалянчук, Генадзь Сагановіч.
Прэмію за найлепшую навуковую публікацыю па гісторыі атрымаў Дзяніс Лісейчыкаў за манаграфію «Штодзённае жыццё ўніяцкага парафіяльнага святара беларуска-літоўскіх зямель 1720–1839 гг.». Прэмію ўручаў Алесь Смалянчук.
Прэмію за найлепшую публікацыю па гуманітарных навуках атрымаў Ігар Запрудскі за зборнік артыкулаў «Па дарозе на Парнас: атрыбуцыйныя даследаванні і пытанні рэцэпцыі беларускай літаратуры ХІХ ст.». Уручаў прэмію Курт Вулхайзер.
Найлепшай працай па сацыяльных і палітычных навуках стаў тэкст Ірыны Лашук і Аксаны Шэлест «Сімвалічнае і камунікатыўнае вымярэнне моўных практык беларускіх палякаў». Прэмію ўручаў Андрэй Казакевіч.
Вядоўцамі цырымоніі былі Ігар Бабкоў і Аляксей Ластоўскі. А дудар Яўген Барышнікаў і бард Андрэй Мельнікаў ажывілі вечар сваёй музыкай.
Будзе што пачытаць
Кангрэс адзначыўся і прэзентацыяй новых навуковых выданняў. Пільную ўвагу прыцягнула нядаўна апублікаваная ў Польшчы кніга Севярына Віславуха «Stosunki narodowościowe na terenie województw wschodnich» («Міжэтнічныя адносіны на тэрыторыі ўсходніх правінцый») — грунтоўнае апісанне жыцця беларусаў на тэрыторыі Усходняй Польшчы.
Кіраўнік Студыюма Усходняй Еўропы Ян Маліцкі і гісторык Мікалай Іваноў, якія прэзентавалі кнігу, падкрэслілі значнасць гэтай кнігі для беларусаў. Яны адзначылі, што гэта кніга ўбачыла свет праз 73 гады ад моманту свайго напісання.
«Віславух быў дысідэнтам, бо ў часы міжваеннай Польшчы і яе палітыкі ён даследаваў і апісаў нацыянальную меньшасць, пры гэтым ён апісаў парушэнні правоў чалавека супраць нацыянальнай меньшасці. Таму зразумела, што гэтая кніга не магла з’явіцца тады. Ужо пасля з гэтым рукапісам прыходзілі да Ежы Гедройца, і ён выступаў перад рэктарамі полскіх універсітэтаў, расказваў, наколькі важная публікацыя гэтай кнігі. На жаль, падзеі таго часу, падзенне камунізму адклалі гэтую падзею да гэтага года.
Гэта кніга ўнікальная, бо для яе стварэння Віславух і яго паплечнікі даследавалі 246 мясцовасцяў і правялі падрабязнае анкетаванне 100 тысячаў беларусаў. Гэта сапраўдны летапіс жыцця беларусаў у Польшчы ў 30-я гады ХХ стагоддзя, кніга, якую мусяць чытаць у Беларусі», — сказаў Іваноў.
На жаль, кніга Севярына Віславуха пакуль даступна толькі на польскай мове.
Яшчэ адной цікавай навінкай стала кніга японскага прафесара Макота Хаясакі «Гісторыя памежжа: разважанні над мінулым Беларусі». Хаясакі зрабіў грунтоўны нарыс гісторыі Беларусі і станаўлення сучаснай беларускай дзяржаўнасці. Несумненна, кніга выклікае інтарэс сярод японскай аўдыторыі, ахвочай да экзотыкі — у Японіі пра Беларусь ведаюць нямногія. Аднак кніга не закранае найноўшай гісторыі Беларусі, таму японскі чытач будзе пазбаўлены магчымасці даведацца пра сучасную сацыяпалітычную сітуацыю ў краіне.
Яраслаў Крывой прэзентаваў новы выпуск «Журнала беларускіх даследаванняў» — навуковага штогадовіка Англа-беларускага таварыства, які не выходзіў з 1988 года. Крывой заклікаў даследчыкаў актыўна дасылаць свае артыкулы і нагадаў, што «Журнал беларускіх даследаванняў» ёсць найстарэйшым рэцэнзаваным навукомы выданнем, прысвечаным даследванням Беларусі. «Часопіс прытрымліваецца высокіх міжнародных стандартаў у галіне навуковых публікацый. Кожны артыкул праходзіць ананімнае рэцэнзаванне двума рэцэнзентамі. Перад публікацый стыль і змест артыкула ўдасканальваецца, а сам журнал друкуецца на беларускай і англійскай мовах. Трапіць у журнал цяжка, але аўтар публікацыі адразу становіцца набывае сабе імя ў міжнароднай акадэмічнай супольнасці», — сказаў Крывой.
Пераклад Бібліі і фестываль беларускага мастацтва
У апошні дзень Кангрэса ўдзельнікі падвялі вынікі праведзенай працы і выказалі пажаданні. Не абыйшлося без хібаў. Відавочна не хапала пляцовак для навуковых дыскусій. Часовы рэгламент для кожнага дакладчыка быў роўным 20 хвілінам. Яшчэ 10 хвілін адводзілася на пытанні. Нажаль, гэтага было вельмі мала, і дэбаты навукоўцаў перарываліся мадэратарамі часам на самым цікавым.
Цікава, што некаторыя ўдзельнікі Кангрэса адмаўляліся ад камунікацыі з журналістамі. Часам нават для ўдакладнення дадзеных, нядаўна агучаных з трыбуны. Гэта выглядае паранаідальнай фобіяй, калі ўлічваць, што імёны навукоўцаў, тэмы дакладаў і назвы ўстаноў, якія яны прадстаўляюць, знаходзяцца ў вольным доступе ў інтэрнэце, а доступ у аўдыторыі Універсітэта Вітаўта Вялікага быў неабмежаваны.
Нягледзячы на нешматлікія негатыўныя моманты, большасць была задаволеная навуковым уік-эндам. Кожная секцыя падрыхтавала кароткую справаздачу па выніках Кангрэса.
Адам Мальдзіс у сваёй прамове да ўдзельнікаў Кангрэса нагадаў, што ў 2017 годзе споўніцца 500 гадоў беларускаму кнігадрукаванню, і заклікаў прысвяціць друкарству секцыю на адным з наступных кангрэсаў. Таксама ён заклікаў літоўцаў падумаць над магчымасцю аднаўлення Беларускага музея ў Вільні ў «старых мурах», бо ў Беларусі існуе цэнтр літоўскай культуры, але беларусы дагэтуль не маюць цэнтра беларускай культуры ў Літве.
Прадстаўнікі панэлі рэлігіязнаўзства паведамілі, што гэтая дысцыпліна ўжо абсалютна выціснута з сферы акадэмічных навук Беларусі і існуе выключна ў міжнароднай прасторы. А Кангрэс вельмі дапамагае развіваць белаурскае рэлігіязнаўства і ўжо прынес вынікі ў выглядзе плённага супрацоўніцтва і ўдзелу ў вялікіх міжнароднага праектах.
Даследчыкі беларускай дыяспары абвесцілі, што падчас працы панэлі сабралася ініцыятыўная група па складанні даведніка па беларусістыцы ў Латвіі. Удзельнікі панэль па праблемах перакладу Бібліі на беларускую мову паведамілі, што стварылі неабходны спіс крытэраў да пераклада і цяпер знаходзяцца «на шляху да перакладу Бібліі на беларускую».
Мастацтвазнаўцы актызна заклікалі прыўнесці ў фестываль практычны складнік: дамаўляцца з канцэртнымі пляцоўкамі Каўнаса і ладзіць там паказы фільмаў, спектаклі, канцэрты. Калі гэта адбудзецца (нават праз некалькі гадоў), Кангрэс даследчыкаў Беларусі можа прыцягнуць увагу яшчэ і як фестываль беларускай культуры і мастацтва.