10 гадоў беларускай грэка-каталіцкай царкве ў Бельгіі

У гэтым годзе парафія ў Антверпене, якая паўстала ў 2002 з ініцыятывы беларускіх эмігратаў, святкуе сваё дзесяцігоддзе. Сярод ініцыятараў былі таксама беларусы старой эміграцыі, у прыватасці, светлай памяці Радны БНР Янка Жучка і Зоя Смаршчок-Жэлязоўская. Першая Літургія была адпраўлена 1 чэрвеня 2003 года ў прысутнасці Апостальскага Візітара для беларусаў замежжа айца Аляксандра Надсана.

Як распавядае пробашч парафіі Ян Масейчык, вернікамі з’яўляюцца ў асноўным беларусы, якія з розных прычын аказаліся за межамі бацькаўшчыны на сталым побыце.

- У кожнай асобы – свой лёс, хтосьці з’ехаў праз палітычныя прычыны, хтосьці – праз эканамічныя, хтосьці працуе паводле кантракту. Важна зразумець, што ў любым выпадку людзі пакунулі сваю Айчыну не ад лепшай долі, і жыццё на чужыне для большасці з’яўляецца цяжкім выпрабаваннем, – кажа святар.

- Наша парафія становіцца астраўком роднага краю і дае магчымасць лягчэй інтэгравацца. Аднак наведваюць нас і ўкраінцы, і бельгійцы, і нават англаафрыканец. Для апошніх наша парафія адкрывае "terra incognita" – невядомую Беларусь. Але, канешне, на першым плане ў нас – сведчанне пра нашу ўсходнюю духоўнасць, – распавядае айцей Ян Масейчык. 

На пытанне пра праблемы парафіі святар сціпла зазначыў, што непераадольных праблемаў няма. Царква не атрымоўвае ніякага фінансавання. Сваім коштам яны аплочваюць асвятленне і ацяпленне ў храме, збудавалі іканастас, забяспечылі парафію прыгожымі рызамі і каштоўнымі святымі сасудамі, шэрагам пісаных ў старажытнабеларускім стылі ікон. Адзіны недахоп – гэта малая кольксць новых беларускіх кніг у царкоўнай бібліятэцы.

Беларуская Царква ў Бельгіі прадстаўлена парафіяй Святога Мучаніка Язафата Полацкага і Уваскрасення Хрыстовага і належыць да візанта-каталіцкай традыцыі.

З нагоды 10-й гадавіны існавання парафіі ў Антверпене 26 кастрычніка адбудзецца святочная Літургія а 11 гадзіне.