Як найстарэйшая беларуска Чыкага ўцякала ад бальшавікоў на ровары па лёдзе

Спадарыні Лідзе Швэфэль пайшоў 89-ты год. Больш за 60 з іх яна пражыла ў ЗША.

І большую частку жыцця з ёй разам быў каханы муж Даніла, які, немец паводле паходжання, стаў беларусам у сэрцы.
 

Дачка «балахоўца»

Спадарыня Ліда нарадзілася на хутары Выгоды каля Гайнаўкі на Падляшшы. Ейны тата Васіль Севасцьянаў паходзіў з-пад Пскова і быў адным з расійскіх белагвардзейцаў, якія пасля бальшавіцкай рэвалюцыі ваявалі супраць «чырвоных» ды засталіся потым у Белавежскай пушчы, хаваючыся ад пераследу. Нейкі час бацька спадарыні Ліды змагаўся супраць бальшавікоў у злучэннях генерала Булак-Булаховіча, за што яго і ягоных калегаў называлі пазней «балахоўцамі». Выйшаўшы з пушчы пасля ваеннага ліхалецця, былыя белагвардзейцы разышліся па навакольных паселішчах, якія паводле Рыжскай мірнай дамовы адышлі да Польшчы, ды ажаніліся з мясцовымі жанчынамі.

«Апроч мяне ў сям’і было яшчэ шасцёра дзяцей. Я была найстарэйшая і мусіла ўжо малою цягаць са студні вёдры з вадою. Зямлі ў нас было мала, бо адкуль яе ўзяць, калі тата быў прышлы чалавек. Трохі зямлі нам аддаў дзядзька маёй мамы», – успамінае спадарыня Ліда.

Адной гаспадаркі, каб пракарміць вялікую сям’ю, было мала. Таму бацька мусіў наняцца на тартак.

«Тата працаваў вельмі цяжка, але, прыйшоўшы ўвечары, дапамагаў маме чысціць бульбу ды скрыляць яе на вялікія бляхі, якія пазней устаўляліся ў печку», – узгадала спадарыня Ліда. Мужчына знаходзіў таксама час, каб пачытаць газеты ды паразмаўляць з іншымі «балахоўцамі» – пра палітыку. Пад хатаю Севасцьянавых, дзе на гутарку збіраліся былыя ваякі, часцяком можна было заўважыць таксама польскую паліцыю, якая старалася падслухаць, ці «балахоўцы» не задумляюць нейкага бунту. Мужчыны ж размаўлялі пра палітыку Савецкага Саюзу і з асуджэннем выказваліся пра камуністаў, памятае спадарыня Ліда са свайго маленства.

Паход у царкву як бонус

Бацька вельмі цікавіўся, што адбывалася ў 1920-ыя гады на ягонай радзіме – пад Псковам, але не мог напісаць родным ліст з «буржуазнай» Польшчы, бо баяўся, што тых арыштуюць камуністычныя ўлады. Толькі з дапамогаю нейкіх знаёмых у Галандыі яму ўдалося перадаць блізкім у савецкую Расію вестку, што ён жывы.

Вялікі ўплыў на выхаванне спадарыні Ліды, як сама ўспамінае, аказала ейная бабуля Наталля. «Часта я хадзіла разам з бабуляй на могілкі адведаць магілы дзядоў. Там бабуля мяне вучыла, што трэба шанаваць сваіх прашчураў, трэба любіць праваслаўную веру». Разам з бабуляй спадарыня Ліда часта хадзіла таксама ў царкву ў Нова-Беразове, бо ў Гайнаўцы польскія ўлады не дазвалялі тады пабудаваць праваслаўную святыню. «Я вельмі любіла хадзіць у царкву. Гэта была ўзнагарода, бонус, бо інакш трэба было б заставацца дома, а там поўна работы – вады нанасіць, буракі свінням таркаваць, сечку рэзаць. Пайсці ў царкву для нас, дзяцей, было і свята, бо можна было наведаць мястэчка, і адпачынак».

На работах у Нямеччыне адчула сябе беларускаю

У 1939 годзе Падляшша занялі савецкія войскі, і 14-гадовая Ліда паехала ў Беласток, каб вучыцца на прадавачку. «Я з маленства сабе пастанавіла, што не хачу жыць на вёсцы. Мой тата дачыняўся з людзьмі, якія хоць і не былі багатыя, жылі прыгожа, мелі прыгожыя дамы і рэчы. Я таксама хацела жыць прыгожа ды думала, што так зажыву, калі стану прадавачкаю».

Але ў 1941 годзе на Беласточчыне з’явіліся немцы, якія амаль адразу вывезлі маладую і здаровую дзяўчыну на работы ва Усходнюю Прусію. Так Ліда Севасцьянава трапіла ў Кёнігсбэрг (сённяшні Калінінград). «Нас прывезлі і выставілі на пляцы ў радочак. Немцы-гаспадары прыходзілі ды выбіралі нас, каго хацелі. Мяне дык узялі адразу».

Так спадарыня Ліда трапіла ў гатэль для вайсковых на ўзбярэжжы Балтыйскага мора, дзе дапамагала на кухні ды прыбірала пакоі. «Было цяжка… Але не ведаю чаму, да праваслаўных беларусаў немцы ставіліся лепей, чымся да палякаў-каталікоў». Шпацыруючы аднойчы ў гарадскім парку, спадарыня Ліда пазнаёмілася з іншымі беларусамі, якіх забралі на работы. (Некаторыя з іх мелі нямецкія дакументы ды працавалі на фабрыках разам з немцамі).

Яны і запрасілі маладую дзяўчыны ў беларускі гурток, які стварылі самі.

«Было там многа моладзі, таму мне было і цікава да іх прыйсці. Гурток меў сваю залу, дзе мы спатыкаліся, размаўлялі, хто адкуль, знаёміліся». Беларусы збіраліся, каб паспяваць народныя песні, найчасцей – пра жніво. Дзякуючы гэтаму гуртку дзяўчына з Падляшша адчула гонар за беларускую культуру ды ўсвядоміла сябе беларускаю.

Уцёкі і «манна нябесная»

Пад канец вайны, калі немцы пачалі адступаць, у Кёнігсбэргу з’явіліся прадстаўнікі Беларускай цэнтральнай рады, тагачаснага беларускага ўраду, які дзеяў з дазволу немцаў у часы акупацыі. «Уцякалі тады і настаўнікі, што працавалі ў беларускіх школах, і людзі, што былі старастамі ў вёсках пад немцамі. Яны нас найбольш настрашылі зверствамі камуністаў і мы вырашылі таксама ўцякаць».

Прадстаўнікі Беларускай цэнтральнай рады выдалі беларусам з Кёнігсбэргу дакументы, дзякуючы якім тыя маглі трапіць на цягнік, які ехаў на Захад, але месцаў для ўсіх не было ў Гданьску. Спадарыня Ліда разам з сяброўкамі на беразе замерзлага Балтыйскага мора знайшла тады некалькі ровараў, на якіх дзяўчаты паехалі па лёдзе на Захад. «Тады ўцякалі шмат якія нямецкія гаспадары з Прусіі. На санкі, запрэжаныя конна, яны грузілі многа рэчаў. Але калі трэба было ехаць праз затоку, дык баючыся праваліцца пад лёд, шмат якія рэчы кідалі проста на беразе». Дзяўчаты-ўцякачкі знаходзілі на марскім узбярэжжы таксама ежу, якую называлі «маннаю нябеснаю». Часам на нейкіх станцыях, дзякуючы дакументам, атрыманым ад Беларускай рады, ім удавалася атрымаць кубак кіпню ці вараную бручку.

Па дарозе на Захад спадарыня Ліда перажыла некалькі бамбаванняў, калі, як успамінае, неба мяшалася з зямлёю, а душа сыходзіла ў пяткі.

Аднойчы па цяжкавіку, які падвозіў дзяўчыну разам з іншымі гаротнікамі, пачалі страляць амерыканцы. Спадарыня Ліда выскачыла з прычэпа і моцна ўдарылася галавою аб зямлю ды страціла прытомнасць. Гэта, як мяркуе, уратавала ёй жыццё, бо амерыканцы стралялі потым па рухомых мэтах і шмат хто з яе знаёмых загінуў.

Пасляваеннае каханне

Пасля некалькіх месяцаў бадзяння спадарыня Ліда трапіла ў лагер для перамешчаных асобаў у Ватэнштаце ў брытанскай зоне. Як узгадвае, беларусы імкнуліся ўцячы туды з савецкай зоны, бо баяліся мець справу з камуністамі. «Праўда, англійскія ўлады здрадзілі нам і выдавалі «саветам» тых, хто запісаўся беларусам, нібыта для рэпатрыяцыі на радзіму, але мы ведалі, што нас там можа чакаць. Таму шмат хто запісваўся палякам, хто хаваўся, калі ў лагер прыязджала савецкая інспекцыя, хто ўцякаў, хто змяняў прозвішча і жыццяпіс. Камбінавалі, як маглі», – падзялілася спадарыня Ліда.

У лагеры яна пазнаёмілася са сваім будучым мужам Данілам Швэфэлем, немцам, які дзяцінства і маладосць пражыў на Палессі. Ягоная сям’я даўно прыняла праваслаўе ды трымала свой маёнтак пад Кобрынам, гандлявала прадукцыяй з уласнай цагельні. Даніла добра размаўляў па-паляшуцку і дасканала ведаў палескія звычаі. Ён вельмі шкадаваў, калі ў 1939 годзе сям’я мусіла выязджаць з абжытых мясцінаў у Нямеччыну. Савецкія ўлады далі дазвол на выезд, бо Сталін тады яшчэ сябраваў з Гітлерам.

Вайну Даніла адбыў у нямецкім войску і цудам застаўся жывы.

Пасля яе разам з сябрам-беларусам на прозвішча Пунтус уцёк з савецкай зоны ў Нямеччыне, пераплыўшы ўначы памежную раку, ды трапіў таксама ў лагер у Ватэнштаце. Там яму прыглянулася дзяўчына з Падляшша, мова якой была блізкая да палескай гаворкі.

З Нямеччыны ў ЗША

Неўзабаве ў лагеры справілі вяселле. У Ватэнштаце, паводле спадарыні Ліды, беларусы ладзілі шматлікія імпрэзы, дзейнічалі беларускія скаўты, працавала беларуская царква і школа. Са сваймі прыяцелямі яна і ейны муж размаўлялі толькі па-беларуску.

З лагеру сужэнцы перабраліся ў мястэчка пад Гамбургам, да сваякоў Данілы. Тут жа нарадзілася дачка Швэфэляў Лізавета. Аднак жыццё ў пасляваеннай Нямеччыне было занадта цяжкім, і маладая сям’я вырашыла эміграваць у ЗША. «Не кожны мог у тыя часы выязджаць. Але ЗША прызначылі Нямеччыне некалькі караблёў для людзей, якія хацелі эміграваць. Каб выехаць, я мусіла прыняць нямецкае падданствa», – расказала беларуска з Чыкага.

Прыехаўшы ў ЗША ў самым пачатку 1951 года, Швэфэлі пасяліліся ў Нью-Джэрсі, дзе жыло тады вельмі шмат беларусаў.

Але праз некалькі гадоў перабраліся ў Чыкага: там можна было знайсці працу з лепшым заробкам. У Чыкага спадар Даніла і спадарыня Ліда актыўна ўключыліся ў беларускае грамадскае жыццё. Яны былі аднымі з закладальнікаў беларускага праваслаўнага прыходу. Спадар Даніла, маючы мастацкія здольнасці, сам змайстраваў алтар і браў удзел у роспісе іканастасу ў царкве. Ён жа намаляваў Пагоню, якая цяпер месціцца ў прыхадской зале.

«Даніла быў вельмі глыбокі і добры чалавек. Ён ніколі не сумняваўся, што Бог існуе, і ўсё рабіў паводле Божых запаветаў», – распавяла спадарыня Ліда. Немец паводле паходжання, ён вельмі любіў беларускую мову і з жонкаю размаўляў толькі па-беларуску ды пісаў нават патрыятычныя вершы на беларускай мове. Спадарыня Ліда, аднак, шкадуе, што іхная дачка Лізавета мала што можа сказаць на мове бацькоў, бо моцна замерыканізавалася.

Па чым сумуе беларуска на чужыне?

Выйшаўшы на пенсію, спадарыня Ліда, як сапраўдная беларуская гаспадыня, трымала разам з мужам курэй. «Каб мне нават давялося выбірацца на самотную выспу, то я б абавязкова ўзяла з сабою малітоўнік і курачку. Бо курачка – гэта ж і яйка табе на ежу, і пацеха…» – прызналася яна.

Да сённяшняга дня спадарыня Ліда сумуе па бульбяной бабцы, якую ейная мама запякала ў печы. «Бабка – гэта ж нашая беларуская піца. Мама пякла яе з варанай тоўчанай бульбы, дадаўшы свежую ці квашаную капусту, моркву, сала і трохі мукі. Эх, смаката была».

Спадара Данілы няма побач са спадарыняй Лідаю ўжо 10 гадоў, але яна пры кожнай магчымасці спяшаецца адведаць ягоную магілку. «З беларускай пасляваеннай эміграцыі я засталася адна. Усе паўміралі…» Ужо адна, без мужа, як некалі, чытае яна беларускае Евангелле, выдадзенае ў Лондане ў 1948 годзе, а падчас малітвы – верш Наталлі Арсенневай «Магутны Божа». Цяперашнім беларусам, лічыць спадарыня Ліда, патрэбна больш свабоды. А самае галоўнае ў жыцці – гэта добрая ды шчаслівая сям’я.