“Смачна!” - кніга пад такой назвай выйшла ў Абласным Новасібірскам цэнтры беларускай культуры. Прадстаўляе яе рэдактар і складальнік Людміла Бяляўская.
Нагадаю, што гэта ўжо трэцяя кніга, выдадзеная Цэнтрам. Першы зборнік “Сібірру звязаныя лёсы” распавядаў пра знакамітых беларусаў, якія зрабілі значны ўнёсак у гісторыю, навуку, культуру Сібіры. Тады ж на прэзентацыі кнігі было выказана пажаданне прыцягнуць да гэтай высакароднай справы маладое пакаленне - дзяцей і ўнукаў. Так, яны нарадзіліся ўжо ў Сібіры, ўвабралі рускую культуру, але выраслі ў сем'ях, дзе памятаюць і паважаюць родную мову, традыцыі , і гэта не прайшло бясследна. Так з'явілася яшчэ адна кніга “У Беларусі мае крыніцы”. Гэта своеасаблівы радавод: хто і як апынуўся ў Сібіры, як адбыўся ў прафесіі, у асабістым і грамадскім жыцці, як у кожным жыве памяць аб роднай Беларусі.
Задума чарговай кнігі - “Смачна!” - паўстала не выпадкова, яе назва кажа сама за сябе. Кніга не прэтэндуе на навуковасць, яе аўтары, натуральна, не прафесійныя кухары. У Цэнтры беларускай культуры на святочныя канцэрты, сяброўскія вячоркі запрашаюцца і беларусы, і карэнныя сібіракі. Дзеляцца ўражаннямі аб паездках на гістарычную радзіму, а ў каго гэта ўжо не атрымліваецца, з цікавасцю і нават з зайздрасцю слухаюць тых, хто яшчэ можа наведацца ў родны бацькоўскi кут. Успамінаюць і памятныя з дзяцінства стравы, што елі за бацькоўскім сталом. А на сустрэчы ў Цэнтры кожная гаспадыня прыносіць да стала нешта сваё, хатняе. Каштуюць, ухваляюць, дзеляцца сакрэтамі і тонкасцямі прыгатавання. Таму вырашылі: трэба пашыраць пералік страваў, абагульніць вопыт нацыянальнай беларускай і сібірскай кухні.
І зусім ужо саспела ідэя стварэння зборніка на фестывалі “Свята бульбы” , якое адбылося ў адным з раёнаў Новасібірскай вобласці, дзе пражывае нямала беларусаў. Прагучала на фестывалі шмат цікавага пра гісторыю паходжання бульбы, на конкурсе было прадстаўлена вялікае мноства страваў - ад знакамітых дранікаў і бабкі да розных вынаходак з вельмі экзатычнымі назвамі. Тут і сібірскія гаспадыні, і беларускія праявілі незвычайную фантазію. Рэцэпты менавіта гэтых, бульбяных страваў, склалі значную частку кнігі. А новасібірцам прапанавалі яшчэ больш шырокі асартымент з той жа бульбы і іншых прадуктаў. Тут і салаты, першыя і другія стравы, шматлікія торты і пірожныя, напоі з гародніны і садавіны.
На першы погляд здаецца, што многія рэцэпты падобныя. Але ў кожнай гаспадыні выяўляецца свая «разыначка»: розныя дабаўкі, кампаненты. І захочацца даведацца, чым жа яшчэ можна разнастаіць свой стол - і паўсядзённы, і святочны.
Форма выкладання сакрэтаў кухарскага майстэрства самая адвольная. Да прыкладу, адзіны мужчына сярод аўтараў Ян Каткоў перад сваімі рэцэптамі змясціў верш на роднай беларускай мове “Бацькоўская ежа” . Хтосьці ўспамінае, як гатавалі мама ці бабуля. А нашая суайчынніца Валянціна Вечаржова, якая даўно жыве ў Чэхіі, падзялілася рэцэптамі папулярных у чэхаў кнэдлікаў і калачоў. Хочацца думаць, што гэта таксама зацікавіць чытачоў. Усе тэксты праілюстраваныя фатаграфіямі.
Кніга “Смачна!” толькі што выйшла з друку. На традыцыйнай прэзентацыі кожны аўтар прадставіў сваю любімую страву, пераможцы, натуральна, атрымалі прызы.
Заканчваецца зборнік словамі “Смачна есцi!” . Гэтага ж хочацца пажадаць і маім землякамі - чытачам. Бо кулінарнае мастацтва - яшчэ адзін яркі бок беларускай нацыянальнай культуры.