Стаяць дубровы ў жнівеньскай красе, Ляцяць у вырай жураўлі і гусі, Дубовы ліст, у жылках і ў расе, Мне нагадаў абрысы Беларусі. Яго мая кранаецца рука, А ён нібыта выкаваны з броні, I жылка кожная дубовага лістка Злілася з жылкамі маёй далоні.
Гэтыя радкі Сяргея Грахоўскага, 100-гадовы юбілей якога адзначаецца сёлета, могуць быць эпіграфам да сустрэчы, якая адбылася, як заўсёды, у ТБК у апошнюю
суботу месяца. Размова ішла пра мінулае і сучаснасць. Гэтым разам рэдактар беларускай радыёпраграмы на Літоўскім радыё Андрусь Старавойтаў расказаў пра выпадак у Польшчы (падмацаваўшы аповед відэапаказам),
калі артысты, якія мелі прадстаўляць Беларусь, з запалам спявалі «Калінку-малінку» ды гралі іншую музыку суседняй дзяржавы. Ім і ў галаву не прыходзіла, што кожны народ мае сваю музыку і свае песні. Што ж, так званы прэзідэнт Беларусі ўсе гады свайго кіравання імкнуўся да гэтай мэты -- вытруціць з народнай свядомасці ўсё нацыянальнае.
Алесь Адамковіч, як заўсёды, змястоўна расказаў пра постаці ксяндзоў Яна Матусевіча і Міколы Гайдука. Іх ужо няма з намі, але іх досвед можа натхніць многіх наступнікаў. Спадар Адамковіч прачытаў таксама верш Наталлі Арсенневай.
Адбылася і прыемная нечаканасць - у госці завіталі былыя дэпутаты Вярхоўнай Рады Беларусі сп. Зянон Пазняк, сп. Юрась Беленькі, сп. Сяргей Папкоў і гісторык Аляксандр Краўцэвіч. Гутарка вялася пра гісторыю, пра становішча Беларусі ва ўмовах унутранай акупацыі, лёс мовы і культуры. Шкада толькі, што прысутных было гэтым разам мала. На завяршэнне сустрэчы малады святар айцец Даніла асвяціў сядзібу ТБК.