Асноўная ідэя клуба – нараджэнне і генерацыя беларускай думкі. Арганізатары плануюць сабраць вакол клуба экспертаў у розных галінах, якія займаюцца Беларуссю і падымуць важныя для Беларусі пытанні.
“На сённяшні момант Варшава стала цэнтрам палітычнага і культурнага жыцця беларусаў. Мы хочам, каб беларусы, а дакладней беларуская моладзь, якая жыве ў Варшаве, былі далучаныя да беларускай справы”, – зазначае Зміцер Бародка.
- Беларускі клуб мае на мэце таксама прыцягваць моладзь, бо яе вельмі шмат цяпер навучаецца ў Варшаве. І адна з задач Беларускага клуба – прыцягнуць беларускую моладзь да актыўнай дзейнасці. Бо маладыя людзі навучаюцца ў вышэйшых установах і набываюць еўрапейскія веды. Мы хацелі б, каб гэтыя людзі не прападалі на прасторах Польшчы ці Еўропы, а нейкім чынам акумуляваліся вакол такіх цэнтраў, як Беларускі клуб.
Першая сустрэча пад назвай “Беларускія перспектывы еўразійскай інтэграцыі” запланаваная на 3 кастрычніка а 18 гадзіне ў сядзібе Беларускага Дома ў Варшаве. Эксперт дыскусіі - доктар палітычных навук Павел Усаў.