Праваслаўную святыню св. Георгія ў Чыкага беларусы стварылі разам з данскімі казакамі на месцы былой сінагогі.
Беларусы з’явіліся ў Чыкага яшчэ ў канцы ХІХ стагоддзя, але яны эмігравалі з тагачаснай Расійскай імперыі, таму іх зазвычай запісвалі расійцамі. Каталікоў-беларусаў, у сваю чаргу, пераважна залічвалі да палякаў.
Беларусы ў Чыкага
Толькі ў 1920 годзе ў Чыкага паўстала першая беларуская арганізацыя – Беларускі нацыянальны камітэт. У міжваенныя гады беларусаў у Чыкага і ваколіцах налічвалася каля 25 тысячаў. Яны заклалі ў горадзе нядзельную школку, друкавалі газеты на роднай мове, штотыдзень мелі сваю перадачу на мясцовым радыё.
Пасля Другой сусветнай вайны беларускія эміграцыйныя сілы яшчэ больш узмацніліся – у Чыкага было некалькі беларускіх суполак, дзейнічалі мастацкія калектывы, друкаваліся часопісы і кнігі, існавалі дзве беларускія царквы. Сёння застаўся, бадай, адзіны асяродак беларушчыны – невялікі праваслаўны прыход у гонар св. Георгія.
Царскія вароты і алтар рабілі сваймі рукамі
Беларуская праваслаўная царква паўстала ў Чыкага ў 1958 годзе. Тады групка вернікаў, натхніўшыся прыкладам беларускіх грэка-каталікоў, якія ўжо мелі тут сваю святыню, выкупіла будынак былой сінагогі ды абсталявала яе пад царкву. Беларусы ўласнаручна габлявалі дошкі на падлогу, сваймі рукамі зладзілі царскія вароты і алтар.
«Нам было дужа цяжка, – успамінае адна з найстарэйшых прыхаджанак, спадарыня Ліда Швэфэль. – Мы ж усе былі людзі простыя, работнікі, не багацеі. Але мы хацелі сваю царкву. Каталікоў-беларусаў было менш, чымся нас, праваслаўных, а сваю царкву яны мелі. Дык мы падумалі: ці ж мы горшыя?»
Казакі падтрымалі беларусаў, бо лічылі расейскіх святароў агентамі
Дапамога ж у стварэнні храма прыйшла зусім нечакана ад данскіх казакоў, якія дадалі грошай на іканастас. «Казакоў было няшмат, і яны не хацелі трымацца з рэштаю расійцаў, бо лічылі, што там адны камуністы, таму і падтрымалі беларусаў», – распавёў Анатоль Рагалевіч, бацькі якога дапамагалі ствараць святыню.
Разам з казакамі беларусы вырашылі, што іхная царква мусіць размяшчацца ў юрысдыкцыі Канстанцінопальскага патрыярхату, бо менавіта з Канстанцінопалю хрысціянства прыйшло на беларускія землі. Расійскай праваслаўнай царкве вернікі не давяралі, бо панавалі чуткі, што святарамі там пастаўленыя агенты КДБ.
Дзень Волі – цяпер нягучнае свята
«Грэка-каталікі, як пабачылі, што ў нас свая царква, прыходзілі нас намаўляць уз’яднацца з імі, але мы палічылі, што здраджваць нашай веры – гэта найвялікшы грэх. Тым не менш разам з каталікамі, напрыклад, святкавалі дзень 25 сакавіка», – адзначыла спадарыня Швэфэль.
Штогод на Дзень волі беларусы Чыкага наймалі вялікую залу, у якой да світанку гудзеў баль – узносіліся тосты, спяваліся беларускія песні, чыталіся патрыятычныя вершы.
У 90-я гады пры царкве дзейнічаў дзіцячы музычны калектыў «Лянок». Малыя ўдзельнікі гурта прэзентавалі беларускую культуру ў будынку мэрыі Чыкага. Там штогод на Каляды прадстаўнікі народаў, што жывуць у Чыкага, ладзяць святочныя канцэрты.
«Мы спявалі ў нацыянальных строях беларускія песні, танчылі «Перапёлачку», «Лявоніху», «Крыжачок». Шмат хто з амерыканцаў падыходзіў і пытаўся, якую краіну мы прадстаўляем. Беларусь была для іх сапраўдным адкрыццём, бо шмат хто асацыяваў яе з Расіяй», – узгадала былая ўдзельніца «Лянка», маладая кампазітарка Аня Ві.
«Лянок» у 1998 годзе вітаў у Чыкага Станіслава Шушкевіча, які прыехаў адведаць беларускіх эмігрантаў. Завітаў першы кіраўнік незалежнай Беларусі і ў царкву св. Георгія ды расказаў прыхаджанам пра сітуацыю на радзіме.
Прыкладна з 2005 года беларускі дзіцячы калектыў больш не выступае. Ды і беларускія імпрэзы праводзяцца пры царкве штораз радзей. На Дзень Волі ў апошнія гады нават перасталі рабіць канцэрты, абмяжоўваючыся выключна застоллем.
Бацюшка працуе на лётнішчы
«Бракуе запалу сярод свецкіх», – тлумачыць бацюшка Міхайла Пасека. Святар нарадзіўся ў Польшчы ва ўкраінскай сям’і, таму казанні прамаўляе па-ўкраінску, хоць літургію служыць на царкоўна-славянскай мове. Бацюшка працуе ў беларускім прыходзе з мінулага года і яшчэ не паспеў вывучыць беларускую мову, а святарскім абавязкам можа прысвяціць толькі выходныя, бо ў будні працуе на лётнішчы, каб зарабіць на ўтрыманне сям’і.
«Наш прыход вельмі малы. Некаторыя наведваюць царкву, а не запісваюцца прыхаджанамі, каб не плаціць за ўтрыманне прыходу», – падзяліўся беларус з Падляшша Андрэй Іванюк, шэф будаўнічай фірмы і адзін з ахвярадаўцаў.
Сённяшнія эмігранты ходзяць у расійскія цэрквы, бо там добры пачастунак
Большасць цяперашніх прыхаджанаў царквы – менавіта падляшскія беларусы. З «вялікай Беларусі» – толькі некалькі чалавек. «Эмігрантаў з Беларусі ў Чыкага нават шмат, але яны раз прыйдуць у царкву, а потым ім ужо нецікава», – падзялілася былая жыхарка Мінска Ніна Петухова. Шмат хто ходзіць у расійскія цэрквы, бо там даюць багаты пачастунак, пацвердзіла другая верніца.
«Я спрабавала арганізоўваць прэзентацыі пра беларускую гісторыю і культуру, адкрытыя лекцыі, адмыслова здымала дзеля гэтага залу, але найбольшая колькасць удзельнікаў, якія прыходзілі, – гэта 9 чалавек», – распавяла ўдзельніца царкоўнага хору Жанна Чарняўская.
Штонядзелю беларускую царкву ў Чыкага наведвае ўсяго 20–30 асобаў. Сярод іх моладзі зусім мала. «Цяперашнія эмігранты з Беларусі – людзі зусім нерэлігійныя. Моладзі ў царкве нецікава. Нацыянальныя справы іх таксама мала турбуюць», – наракалі старэйшыя. Вернікі асцерагаюцца, што ў будучыні царкву можа напаткаць лёс беларускай грэка-каталіцкай святыні, зачыненай у 2003 годзе.
Пакуль жа на заканчэнне літургіі ўсе абавязкова спяваюць «Магутны Божа». Пра беларускасць гэтага месца нагадвае яшчэ бел-чырвона-белы сцяг, усталяваны ў святыні.