У Лондане ўшанавалі «маці ўсіх брытанскіх беларусаў»

28 верасня ў Беларускім доме ў Лондане адбылася ўрачыстая вечарына ў гонар шматгадовай кіраўніцы Згуртавання беларусаў Вялікабрытаніі (ЗБВБ) Алены «Лёлі» Міхалюк. Яна склала паўнамоцтвы старшыні адной з найстарэйшых беларускіх арганізацый замежжа ў чэрвені.

Алена Міхалюк родам з Шаркоўшчыны. У Англію яна прыехала 17-гадовай дзяўчынай разам з маці ў 1947 годзе — з лагера для перамешчаных асоб у Нямеччыне.

— Была магчымасць пачакаць і трапіць у Амерыку, як рабіла большасць беларусаў. Аднак мы з маці абралі Вялікабрытанію, бо бліжэй да Беларусі, — распавяла спадарыня Лёля карэспандэнту “Салідарнасці”. — Ужо на Брытанскіх выспах маці купіла мне ў падарунак швейную машынку. Прычым не электрычную, а з педаллю. “Калі на Беларусь паедзем, у нас жа на вёсцы святла няма”, — сказала яна.

З Беларуссю ў сэрцы і ў думках прайшло ўсё яе жыццё. Хоць і за тысячы кіламетраў ад Бацькаўшчыны.

— Мой першы заробак у Брытаніі быў 2 фунты 17 шылінгаў. З іх 1 фунт я аддала на набыццё Беларускага дома ў Лондане. Яшчэ столькі ж — на складкі для сяброў Згуртавання беларусаў Вялікабрытаніі, што ўтварылася ў 1946 годзе. Так мы разбудоўвалі беларускае жыццё тут: з нуля, у голым полі, аддаючы апошняе.

Трохі болей за два гады спатрэбілася беларусам, каб па каліву, фунт да фунта, сабраць грошы на набыццё будынка, які стаў першай беларускай уласнасцю на Захадзе. Ужо болей за 65 гадоў тут адбываюцца беларускія мерапрыемствы.

"Беларускі дом у Лондане стаў рэальным увасабленнем магчымасцяў невялікай беларускай дыяспары, сведчаннем яе ахвярнасці, гаспадарлівасці і, урэшце, трываласці", — адзначае аўтарка манументальнага даследавання "Беларусы ў Вялікабрытаніі" гісторык Наталля Гардзіенка.

У 1949 годзе спадарыня Алена пабралася шлюбам з жаўнерам 2-га Польскага корпуса генерала Андэрса Янкам Міхалюком. Беларуская эміграцыйная прэса пісала тады пра першае беларускае вяселле ў Англіі.

— Вельмі часта ў нас на першае месца выходзіла менавіта грамадская дзейнасць, а не сям’я, — кажа спадарыня Лёля, што разам з мужам узгадавала трох сыноў. — Ангельцы імкнуліся кожны год ездзіць у адпачынак. Для нас найлепшым адпачынкам было адведаць беларускія асяродкі ў вольным свеце, сабрацца беларускай грамадой, пагутарыць, паспяваць, патанчыць.

Лёля Міхалюк на сустрэчы з прэм'ер-міністрам Вялікабрытаніі Маргарэт Тэтчэр, 29 ліпеня 1984 г.

Разам з Янкам Міхалюком, які ўзначальваў ЗБВБ з 1970 года да самай смерці ў 1995-м, спадарыня Лёля стаяла ля пачаткаў беларускага жыцця ў паваеннай Брытаніі.

Рэктар Беларускай каталіцкай (уніяцкай) місіі ў Англіі і старэйшына беларускай суполкі на Брытанскіх выспах айцец Аляксандр Надсан ведае Міхалюк ад самага прыезду ў Брытанію. “Мяне тады вельмі ўразіў яе спакойны, моцны характар і тое, што яна перакананая беларуска. Разам з Янкам яны былі стрыжнем беларускага жыцця тут, узорнай сям’ёй, сапраўднымі хрысціянамі і беларусамі”.

На фота – Івонка Сурвіла, Джым Дынглі, Лёля Міхалюк, айцец Аляксандр Надсан (злева направа)

“Добрая маці для ўсіх брытанскіх беларусаў”, як назваў яе айцец Аляксандр, Лёля Міхалюк ўзначаліла Згуртаванне беларусаў Вялікабрытаніі ў 1997 годзе, у самы складаны перыяд змены пакаленняў, калі паваенныя эмігранты пачалі адыходзіць у лепшы свет, а ім на змену прыйшлі прадстаўнікі ўжо зусім іншай Беларусі. Пад яе кіраўніцтвам атрымаў другое жыццё Беларускі дом, адбылася бесканфліктная змена генерацый з захаваннем гістарычнай пераемнасці ў дыяспары.

8 чэрвеня ў Лондане адбыўся 67-ы з’езд ЗБВБ, які абраў новым кіраўніком арганізацыі 40-гадовага Міколу Пачкаева. На знак пашаны з’езд надаў спадарыні Міхалюк тытул Ганаровай старшыні ЗБВБ.

“Склаўшы паўнамоцтвы па ўласным жаданні, вы прадэманстравалі, што галоўнае для вас не асабістыя амбіцыі, а беларуская справа”, — падзякаваў гераіні ўрачыстасці адзін з маладых лідараў беларускай грамады ў Вялікабрытаніі Яраслаў Крывой.

“Болей за 60 гадоў ты працавала для дабра беларускага народу і Бацькаўшчыны. Твая адданасць Беларушчыне — прыклад для нас усіх!” — адзначыла ў прамове старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонка Сурвіла, што прыляцела на ўрачыстасць з Канады. — Наш край будзе жыць, пакуль жывыя такія людзі, як ты, якія здольныя захоўваць, адстойваць і перадаваць наступным пакаленням гены народу, напрацаваныя стагоддзямі”.

Сярод гасцей вечарыны, што прыйшлі павіншаваць Алену Міхалюк, былі шматгадовы кіраўнік Англа-беларускага таварыства, перакладчык Джым Дынглі, літаратуразнаўца Арнольд Макмілін, былы амбасадар Вялікабрытаніі ў Беларусі Браян Бэнэт, “дэпутат незалежнасці” і журналіст Сяргей Навумчык з Прагі... Своеасаблівым падарункам гераіні ўрачыстасці стаўся выступ госця з Мінска — паэта, аднаго з заснавальнікаў выдавецтва “Галіяфы” Змітра Вішнёва.

Тэкст: Кастусь Лашкевіч, фота Аляксандры Белавокай і з архіву ЗБВБ