Вячка Целеш: Скласці радавод — як узвесці аднаму піраміду

На радаводным дрэве мастака Вячкі Целеша, якому 25 верасня спаўняецца 75 гадоў, — больш за 500 атожылкаў. Так абсяжна даследаваўшы свае карані і крону, сённяшні жыхар Рыгі і кавалер латвійскага ордэна Трох Зорак лічыць, што без радаводу ні асобны чалавек, ні народ існаваць не могуць. А яшчэ ён перакананы: толькі мова і бел-чырвона-белы сцяг з’яднаюць беларусаў.

Напярэдадні юбілею мы сустрэліся з мастаком у «Вольнай студыі». — Спадар Вячка, вось я трымаю ў руках ваш толькі што выдадзены ёмісты фаліянт «Адсюль наш род, тут мой прычал», дзе апісаны радавод Целешаў, што паходзяць з вашай радзімы — сучаснага пасёлка Краснасельскі, што на Ваўкавышчыне. Першае пытанне можа быць толькі адно — як вы гэтаму далі рады? — Складанне і апісанне радаводу — гэта сапраўды нялёгкая праца. Спачатку я думаў толькі пра сваіх дзядоў, прадзедаў. Але, пачаўшы даследаваць паходжанне свайго прозвішча, пабачыў, што сярод жыхароў Краснага Сяла ці не траціна Целешаў. Мне адразу падумалася: ці не з аднаго яны роду? І сапраўды, калі я знайшоў у архіве дакументы 1795 года, дзе перапісаныя ўся вёска і ўсе Целешы, то зразумеў — усе яны родзічы. Прызнаюся, сабраць звесткі пра сотні людзей — архіскладаная праца, асабліва ў Беларусі. Тут яшчэ, як выглядае, не даюць сябе забыць злавесныя цені мінулага. Пытаюся ў суродзіча, напрыклад, пра свайго дзеда і чую ў адказ: «А нашто табе? Можа, ты шпіён?». Людзі розныя сустракаліся. Але, дзякуй Богу, многа было і такіх, якія мяне разумелі, называлі летапісцам роду. Незабыўная сустрэча адбылася ў мяне ў Ваўкавыску — з Целешам, якому было 105 гадоў. Ён ужо не ўставаў з ложка, але калі я загаварыў да яго па-беларуску і расказаў пра свой клопат, ён жвава падхапіўся і пачаў са мной размаўляць — таксама па-беларуску. Быццам родная мова яму сілы дадала! Такія сустрэчы і такія людзі давалі мне імпульс да працы. Скласці радавод — як узвесці аднаму піраміду. Усе Целешы чакалі гэтай кніжкі! — Колькі ж у ёй герояў? — Больш за 500. Я кожнай сям’і, а іх больш за 50, паабяцаў падараваць кнігу. — Вы ў сваёй кнізе аб’ядналі паўтысячы Целешаў з розных мясцінаў свету. Хтосьці, мабыць, да сустрэчы з вамі і не ведаў, адкуль яго карані. А што можа зяднаць усіх беларусаў? — Што можа з’яднаць? Вось я назіраю за латышамі. Я прыехаў у Латвію дзевятнаццацігадовым юнаком і з той пары там жыву. Латышоў яднае родная мова і родная зямля. У іх на кожным свяце гучаць песні, як правіла, патрыятычныя, а такіх песняў у іх сотні і сотні. Калі прыйдзеш у госці да латыша, то песні там спяваюць толькі латышскія, прычым старыя і малыя. Усе іх ведаюць. З дзіцячага садка ўсе ведаюць гімн Латвіі. У ім — не заклік да барацьбы, а малітва да Бога: «Божа, захавай Латвію, нашу зямлю». Таму латышоў ніякія палітыкі не могуць раз’яднаць. Я часам думаю: калі б беларусы і сёння былі пад бел-чырвона-белым сцягам, каб сёння, як і ў пачатку 90-х, усе начальнікі гаварылі па-беларуску, то народ таксама быў бы з’яднаны. Толькі родная мова і нацыянальныя сімвалы здольныя з’яднаць беларусаў. — Нацыянальная сімволіка, дарэчы, нярэдка прысутнічае на вашых карцінах, нават на экслібрысах. А яшчэ ў вас вельмі цікавы партрэтны шэраг — Ларыса Геніюш, Зоська Верас, Кастусь Езавітаў... Нядаўна прачытаў у адной мемуарысткі пра апошняга: пайшоў фальшывай дарогай. А для вас Езавітаў — герой? — Кастусь Езавітаў — гэта наша гісторыя. Яго імя звязанае з заснаваннем БНР. Гісторыю нельга таптаць і выкідаць на сметнік. Кепска тое, што многія людзі не ведаюць праўды пра Езавітава. Я чытаў яго лісты ў латвійскім архіве. У часы нямецкай акупацыі не было з яго боку ніякай палітыкі. Ён займаўся арганізацыяй беларускіх школаў, напрыклад, у Індры, дзе працавала беларуская гімназія. У Езавітава быў годны паплечнік у гэтай справе — Сяргей Сахараў, педагог. Яны нават у той неспрыяльны час думалі пра тое, як беларускіх дзяцей у Латвіі вучыць. І ўсё. А сёння нехта хоча прыпісаць Езавітаву супрацоўніцтва з немцамі, з КГБ ці яшчэ якія грахі. А трэба ўпомніць усё добрае, што ён зрабіў. Езавітаў быў геніяльны арганізатар. Ён столькі за сваё жыццё стварыў — таварыстваў, школаў, тэатраў! — Ваша персаналія ёсць у 60-тамовай энцыклапедыі мастакоў усіх часоў і народаў. Гэта, мабыць, прыемна. А каго з сучасных беларускіх творцаў вы лічыце вартымі сусветнай славы? — Шчамялёва, Марачкіна... Такіх нямала. Помню, падчас аднаго з прыездаў на радзіму мяне пазнаёмілі на выставе з адным мастаком, які напісаў-наштампаваў сотні мадоннаў. Рафаэль адну намаляваў, і яго ведаюць ва ўсім свеце... Калі я з тым мастаком загаварыў па-беларуску, ён кінуўся ў спрэчку: «Мы интернационалисты, белорусский язык нам не нужен» і г.д. Калі ты беларус, то як ты можаш ад сваёй мовы адмаўляцца? Добрыя мастакі свайго ўсё ж трымаюцца — той жа Сяўрук ці Сергіевіч з Вільні, з якім я быў знаёмы і нават начаваў у яго майстэрні. Вось цудоўныя майстры, яны пакінулі па сабе выдатныя творы, але іх трэба рэкламаваць, каб пра іх ведалі за мяжой. — Вы маеце найвышэйшую ўзнагароду Латвіі — ордэн Трох Зорак. А не крыўдна, што родная беларуская дзяржава вас аніяк не адзначыла? — Я не крыўдую. Па-першае, я жыву ў Латвіі, гэта мая дзяржава. Па-другое, для мяне незабыўны той час, 1992 год, калі Міністэрства культуры Беларусі прыгнала машыну ў Рыгу, куды мы загрузілі ледзь не ўсе мае творы. І тады мае выставы адбыліся ў Горадні і ў Нацыянальным мастацкім музеі ў Мінску, які закупіў мае працы. Але такіх, як я, нямала па-за межамі Беларусі. Усё ж трошкі крыўдна, што адносіны дзяржавы да нас, прадстаўнікоў дыяспары, сталі цяпер больш прахалодныя. Што да беларускіх узнагародаў, то я адну такую маю. За кнігу «Гарады Беларусі на старых паштоўках» я атрымаў прэмію імя Францішка Багушэвіча — ад беларускага ПЭН-цэнтру. Пасведчанне падпісанае Васілём Быкавым. Для мяне гэта самая ганаровая ўзнагарода. — Апрача ўсяго вы — майстра экслібрыса. Вашыя кніжныя знакі — як візітныя карткі пісьменнікаў. Колькі вы іх зрабілі?

— Больш за 70. Гэта таксама складаная праца, бо я працую пёркам і тушшу — кропачкамі, якіх трэба паставіць тысячы. У экслібрысе я стараюся паказаць сутнасць творцы. Памятаю, Уладзіміру Караткевічу рабіў. Ён быў вельмі задаволены, калі я яму на 50-годдзе зрабіў і прывёз у Мінск. Потым ён папрасіў дадрукаваць, і я яшчэ 200 адаслаў. Тады Пагоня была забароненая, а я яму зрабіў экслібрыс з Пагоняй. Гэта яго асабліва ўсцешыла. Мне на адзін экслібрыс трэба месяцы два, а нехта яго робіць за адзін вечар. — Днямі з Польшчы прыйшла трывожная навіна — польскі ўрад мае намер істотна скараціць выдаткі на нацыянальныя меншасці. Беларусам на Беласточчыне прыйдзецца няпроста. А ці падтрымлівае Латвійская дзяржава беларусаў, якія там жывуць? — Адносіны да нацыянальных меншасцяў і ў Латвіі апошнім часам таксама складаныя. Напрыклад, ледзь не зачынілі беларускую школу ў Рызе, ледзь не закрылі беларускую паўгадзінную праграму на радыё, якая раз на месяц выходзіць. Але ж я ўваходжу ў кансультацыйную раду пры прэзідэнце, таму адстаяў. Прэзідэнт нават прыязджаў да нас у школу, якая і надалей існуе. Сёння, як і ў іншых краінах, у Латвіі трэба пісаць праекты. Вось мне трэба было правесці юбілейную выставу мастацкай суполкі «Маю гонар». Я ў Рыжскую думу напісаў праект, камісія разгледзела, выдаткавалі, хоць і невялікія, грошы, нам хапіла. На жаль, падтрымка зусім не тая, якая была раней.