Японка вывучыла беларускую мову за адзінаццаць месяцаў. Сіоры Кіясава прыехала з Токіа ў Мінск у мінулым годзе на стажыроўку ў БДУ. Яна вывучыла беларускую мову на такім узроўні, што свабодна гаворыць і нават чытае Рыгора Барадуліна. У Мінску дзяўчына, акрамя заняткаў у БДУ, наведвала бясплатныя гарадскія курсы беларускай мовы "Мова цi кава». Пасля свайго вяртання ў Токіа яна разам з беларускай Таццянай Цагельнік, якая вучыцца ў Японіі, арганізавала там падобныя курсы.
Старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў пракаментаваў намаганні японкі па вывучэнні беларускай мовы і выказаў шкадаванне, што далёка не ўсе беларусы нават маюць жаданне вывучаць родную мову.
У Японіі беларускую мову выкладае на курсах Таццяна Цагельнік, аднак ужо ў найбліжэйшы час за навучанне іх удзельнікаў абяцае ўзяцца яе японская сяброўка. Пакуль дзяўчаты не звярталіся ў пасольства Беларусі па дапамогу, аднак, паводле словаў японкі, там ведаюць пра яе ініцыятыву.