«Дарога» Вячаслава Ігнаценкі

road_daroha_0.jpg

Усё коцяцца ды коцяцца кудысьці калёсы з каменнай стэлай, працятай эпічным гераізмам, а неба на захадзе зарасло дзівоснай палявой травой. А там, глянь, над дрымотнай вёскай ляціць улагоджаны анёл, і дзесьці вельмі далёка над векавымі гарамі ў мяккіх аблоках завяла сваю чароўную музыку нябесная скрыпка… Побач вясковая хата ўтульна размясцілася на пакаштаваным кавалку сапраўднага жоўтага сялянскага масла, як калісьці рабіла і мая бабуля, ды ганарліва сядзіць на ім, нібы спелая вішня на святочным торце. А як спакойна пасвяцца коні па млечным васільковым полі, а за плячыма нечы па-чартоўску выразны погляд пранізвае цябе, нібы кажа: «Вось дык сустрэча!»... Сапраўды тут у Малдове людзі кажуць: «Ваш беларускі мастак Вячаслаў Ігнаценка заўсёды поўны творчых ідэяў».

Не паспелі погляду забыцца выдатныя геаметрычныя каляровыя кампазіцыі і графіка на персанальнай выставе майстра «Калейдаскоп», якая ў ліпені праходзіла ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску, і вось, калі ласка, новы гучны вернісаж «Дарога» і ўжо ў Кішынёве.

 Гэтым разам гасцінным домам для амаль 30 прац мастака выступіла Бюро міжэтнічных адносін, якое размяшчаецца ў цэнтры Кішынёва. Выстава доўга, амаль увесь верасень, будзе радаваць наведнікаў дзівоснымі фантазійнымі поглядамі мастака.

І нядзіўна, што менавіта нашаму земляку Вячаславу Міхайлавічу Ігнаценку Бюро міжэтнічных адносін, якое дзейнічае пры Урадзе РМ, прапанавала такую ганаровую магчымасць арганізаваць і правесці персанальную выставу, прысвечаную Дню Незалежнасці Рэспублікі Малдова. Талент і досвед у мастака велізарны, і хто як не ён зможа найлепшым чынам шматбакова прадставіць і сваю родную Беларусь, і другую Радзіму - Малдову! Вячаслаў Міхайлавіч - шматгадовы сябра Саюза мастакоў Малдовы, сябра Міжнароднай асацыяцыі мастакоў, пастаянны ўдзельнік міжнародных пленэраў. Работы мастака знаходзяцца ў калекцыях многіх музеяў Беларусі, Малдовы і Украіны, а таксама ў прыватных беларускіх і замежных калекцыях.

Вячаслаў Ігнаценка працуе ў розных відах і жанрах выяўленчага мастацтва. Палітра яго мастацкіх твораў вельмі разнастайная - гэта жывапіс і графіка, геаметрычныя каляровыя кампазіцыі, абстракцыя, малюнкі, пейзажы, нацюрморты, партрэты, а таксама бытавы, батальны і анімалістычны жанры. На выставе «Дарога» былі прадстаўленыя вельмі цікавыя абстрактныя работы майстра і кранальныя пейзажныя творы ў класічным стылі, зробленыя ў розны творчы перыяд.

road1_0.jpg

Вернісаж мастака сабраў як ніколі вялікую аўдыторыю. Былі прадстаўнікі розных прафесій, узростаў і сацыяльных слаёў. Тут можна было сустрэць дэлегатаў розных дыпламатычных місій, прадстаўнікоў буйнога бізнесу, творчую эліту, сябраў розных этнакультурных дыяспар Малдовы, і , вядома ж, нашых землякоў. І кожнаму было на што паглядзець і чаму здзівіцца. Вось сапраўды, сіла мастацтва аб'ядноўвае! Такія выдатныя працы як «Раніца», 

«Сустрэча», «Водгук», «Дарога», «З дзяцінства», «Млечны шлях», «Час», «Успаміны» і многія іншыя надоўга затрымлівалі гледачоў каля сябе, прымушаючы ўзірацца ў кожную непаўторную дробную дэталь, скрупулёзна намаляваную мастаком.

З урачыстым словам на вернісажы выступілі генеральны дырэктар Бюро міжэтнічных адносін пры Урадзе РМ спадарыня Белякова Алена Міхайлаўна, Пасол Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Малдова спадар Асіпенка Вячаслаў Аляксандравіч, старшыня беларускай грамады ў РМ спадар Статкевіч Юрый Антонавіч. Выступоўцы не скупіліся на заслужаныя словы пахвалы, падкрэслівалі значнасць унёску сапраўднага мастацтва ва ўмацаванне двухбаковых адносін паміж Рэспублікай Беларусь і Рэспублікай Малдова, што, безумоўна, эмацыйна кранула майстра.

Нечаканым фіналам вернісажу стаў прыемны і шчодры сюрпрыз у гонар Дня Незалежнасці Рэспублікі Малдова - выдатная карціна Вячаслава Ігнаценкі, паднесеная ў дар Бюро міжэтнічных адносін спадарыняй Ганнай Бабінай генеральным дырэктарам дылерскага прадстаўніцтва завода «Керамін» у Малдове.

 Варта адзначыць, што назва выставы «Дарога», для майстра мае сапраўды вельмі сімвалічнае значэнне, такі своеасаблівы збіральны вобраз. Рэч у тым, што наступны год для мастака - юбілейны, і не толькі ў сэнсе ўзросту, але і ў сэнсе творчага шляху. Так што, хоць Вячаслаў Міхайлавіч і не любіць нешта прымяркоўваць да юбілеяў, але такую доўгую і шырокую дарогу сапраўднага майстра сваёй справы, такі творчы шлях, поўны невычэрпнага таленту, любові да роднай зямлі, бясконцых творчых ідэяў, сіл, ведаў, вопыту, магчымасцяў і паспяховых рэалізацый будзе ніяк не магчыма абыйсці бокам!

 

Ганна Мазур

Кіраўнік беларускай нядзельнай школы ў Кішынёве

Намеснік Старшыні беларускай грамады ў РМ