У трэцім Міжнародным Кангрэсе даследчыкаў Беларусі возьме ўдзел больш за 400 навукоўцаў

Трэці Міжнародны Кангрэс даследчыкаў Беларусі збярэ11-13 кастрычніка ў Каўнасе больш за 400 навукоўцаў, экспертаў, аналітыкаў і інтэлектуалаў з 25 краін.

 Арганізатары Кангрэса паведамляюць, што прыкладная праграма мерапрыества ўжо складзеная. Сярод вядомых навукоўцаў анансуецца ўдзел у працы Кангрэса беларускага літаратуразнаўцы Адама Мальдзіса, брытанскага даследчыка літаратуры Арнольда Макміліна, амерыканскага лінгвіста Курта Вулхайзера, даследчыка Бібліі айца Аляксандра Надсана з Лондану.

Праца Кангрэса будзе адбывацца па 14 секцыях, у межах кожнай удзел прымуць удзел па 30 і болей экспертаў.

У межах эканамічнай секцыі чакаецца спецыялісты з беларускіх універсітэтаў і незалежных цэнтраў, у тым ліку экспертыАляксандр Чубрык і Сяргей Чалы.
 
У гэтым годзе прадстаўнічай выглядае паліталагічная секцыя, у працы якой прымуць удзел спецыялісты з Украіны, Расіі, Даніі, Брытаніі, Ірака, Казахстана, Латвіі, Літвы, Азербайджана, Польшчы, Кіргізіі, беларускія спецыялісты: Вячаслаў Паздняк, Андрэй Ягораў, Дзяніс Мельянцоў, Валер Карбалевіч, Аляксандр Філіпаў.
 
У межах секцыі плануецца асобнае абмеркаванне розных аспектаў еўразійскай інтэграцыі. У дыскусіі прымуць удзел у тым ліку эксперты, якія звычайна выступаюць у падтрымку існуючай беларускай ўлады і еўразійскай арыентацыі краіны: Юры Шаўцоў, Сяргей Кізіма, Сяргей Мусіенка і некаторыя іншыя. Мяркуецца, што ў рамках кангрэса паміж прадстаўнікамі вельмі розных экспертных супольнасцяў адбудзецца абмеркаванне актуальных праблем беларускай знешняй палітыкі.
 
Праца некалькіх секцый будзе прысвечана спадчыне і гісторыі ВКЛ, у прыватнасці феноменам “Літвы” і “Русі” у сярэднявеччы. Удзел у секцыях, звязаных з гісторыяй ВКЛ, прымуць як вядомыя беларускія даследчыкі Генадзь Сагановіч, Георгій Галенчанка, Алег Дзярновіч, Аляксандр Краўцэвіч, Наталля Сліж, так і замежныя спецыялісты Артурас Дубоніс (Літва),Міхаіл Дзмітрыеў (Расія) і іншыя. Абмеркаванне “паўночнага вымярэння” “Літвы” і “Русі” адбудзецца пры ўдзеле філосафаСяргея Санько, які актуалізаваў ідэю Крывіі ў сучаснай Беларусі.
 
Таксама адбудуцца секцыі па гісторыі Беларусі ХІХ і ХХ стагоддзя, гістарычнай урбаністыцы, гісторыі габрэйскай супольнасці ў Беларусі, гістарычнай прысутнасці беларусаў у балтыйскіх краінах і беларускай дыяспары з удзелам такіх вядомых спецыялістаў як Дарота Міхалюк (Польшча), Захар Шыбека, Алесь Смалянчук, Андрэй Кіштымаў, Лешек Заштаўт(Польшча), Андрэй Катлярчук (Швецыя), Эрыкс Якабсанс (Латвія) і многія іншыя. Плануецца асобная панэль па гісторыі думкі Беларусі.
 
Упершыню ў межах Кангрэса пройдзе праца сацыялагічнай секцыі, а таксама секцыі па ахове і інтэрпрэтацыі культурнай і гістарычнай спадчыны.
 
На пленарным пасяджэнні выступяць Стывен Уайт з Універсітэта Глазга (“Дылемы беларускай знешнепалітычнай арыентацыі”), Маргарыта Бальмацэда з Гарвардскага ўніверсітэта (“Энергетычная палітыка і сацыяльны кантракт у Беларусі”), Эгідыюс Александравічус з Універсітэта Вітаўта Вялікага (“Палітыка Літвы ў дачыненні да беларусаў”), вядомы даследчык ВКЛ з ЗША Дэвід Фрык (“Вільня XVII стагоддзя”), а таксама польскі даследчык беларускага паходжання Мікалай Іваноў з дакладам пра аднаго з заснавальнікаў беларусістыкі ў Польшчы Севярына Віслауха.
 
“Трэба сказаць, што Кангрэс зараз імкнецца не проста спецыялізавацца, замыкацца на Беларусі, а ўсё больш вывучаць нашу краіну ў межах рэгіёна, уздымаць праблемы параўнаўчыя, то бок параўноўваць Беларусь з іншымі краінамі, запрашаць іншых спецыялістаў. Нагадаю, што тэмай гэтага кангрэса будзе паўночнае вымярэнне. Таму мы імкнуліся запрасіць як мага больш людзей з Балтыйскіх краін і Скандынавіі”, – заўважыў дырэктар Інстытуту палітычных даследванняў “Палітычная сфера” Андрэй Казакевіч, адзін з кіраўнікоў арганізацыйнага каімітэту Кангрэса.
 
Таксама ў межах мерапрыемства будзе ўручана прэмія Кангрэса за лепшыя навуковыя публікацыі ў 2011-2012 гадах па трох намінацыях: гісторыя, сацыяльна-палітычная навукі, гуманітарныя навукі. Адбор быў праведзены шырокім колам экспертаў, вынікі будуць агучаныя падчас Кангрэсу.