Паказ пастаноўкі спектакля “Дзяды” Адама Міцкевіча адбыўся ў Беларускім доме ў Варшаве. Прысутныя змаглі паглядзець эксклюзіўнае відэа ад “Тэатра Ч”, а таксама асабіста задаць пытанні стваральніку спектакля.
У мерапрыемстве ўзялі ўдзел паэтка Валярына Кустава і тэатральны прадусар ды дырэктар “Тэатра Ч” Андрэй Чарных.
Па словах Андрэя Чарных, пры стварэнні спектакля было шмат цяжкасцяў, містыкі, што дазваляе больш глыбока прадставіць яго гледачам:
- Чытаючы паэму не кожны здольны зразумець пра што яна, таму самым цяжкім было працаваць з матэрыялам. Пошук рашэнняў, што з 4-х частак “Дзядоў” трэба вынесці на сцэну, што самае галоўнае. Вельмі шмат знакаў суправаджала ўсю нашую пастаноўку.
Спектакль ужо быў паказаны ў Беларусі, ва Украіне і Літве. Таксама плануецца паказ у розных месцах Беларусі і па-за яе межамі, у тым ліку ў Польшчы і Расеі.