Па слядах Яўхіма Карскага: гутарка Марыны Весялуха з Міраславам Янкавяком

Госцем XV Міжнароднага з’езда славітаў у Мінску стаў супрацоўнік Інстытута славістыкі Польскай акадэміі навук, кандыдат філалагічных навук, выпускнік кафедры беларускай філалогіі Варшаўскага ўніверсітэта ды паланістыкі Міраслаў Янковяк. Але госцем нашай краіны спадара Міраслава можна назваць вельмі ўмоўна. Справа ў тым, што польскі навуковец ужо шмат год прысвяціў вывучэнню беларускіх дыялектаў на памежжы краіны. А не так даўно ў суаўтарстве з прафесарам Нінай Баршчэўскай Міраслаў Янковяк выдаў грунтоўную навуковую працу “Беларуская дыялекталогія”.

jankaviak_mv.jpg

Менавіта за гэта выданне, а таксама за папулярызацыю беларускай мовы сярод навучэнцаў гуманітарных факультэтаў польскіх універсітэтаў спадар Міраслаў быў узнагароджаны Нагрудным знакам “Юбілейны медаль у гонар 80-годдзя Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі”. Польскі даследчык прызнаўся: “Гэта першы медаль у маім жыцці, і асабліва прыемна, што я атрымаў яго ў Беларусі. Думаецца, узнагарода паспрыяе і далейшаму больш актыўнаму вывучэнню беларускай мовы”. Пасля ўрачытай цырымоніі ўзнагародання, што прайшла ў галоўным корпусе Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Міраслаў Янковяк адказаў і на пытанні нашага карэспандэнта.  — Спадар Міраслаў, як так атрымалася, што вы зацікавіліся беларускай мовай і Беларуссю? — Усё пачалося не з беларускай мовы, а ўвогуле з гэтых земляў, якія раней уваходзілі ў склад Рэчы Паспалітай і якія маюць выдатную гісторыю. Мы з братам заўсёды любілі падарожнічаць па гэтых мясцінах - ад Таліна, праз Мінск, Кіеў і да Чорнага мора. Гэта было вельмі цікава. Зацікаўленасць гэтымі землямі – адзін чыннык. Другі ж чыннік такі: сям’я майго дзядулі з боку маці вырашыла пераехаць жыць на Палессе ў 1925 годзе, яны жылі ў Тартаку, а ў 1939 годзе дзядуля служыў у Польскай арміі. Ён заўсёды вельмі добра ўспамінаў беларусаў, як яны дапамагалі ў час вайны, кармілі. Усе гэтыя расповеды сталі яшчэ адным чыннікам, чаму я пасля заканчэння школы падаў дакументы менавіта на кафедру баларусістыкі і абраў яе ў якасці аднаго з кірункаў сваёй працы.  — Што цяпер з’яўляецца прадметам вашага даследавання? — Перадусім, гэта беларуская мова ў шырокім значэнні. Усё пачалося некалькі гадоў таму, калі я ўзяў першыя тэксты Яўхіма Карскага і пабачыў, што гэты навуковец на мяжы ХІХ і ХХ ст. пачаў даследаваць беларускія гаворкі, казаць, што гэта не дыялект рускай ці польскай мовы, а самастойная мова, бо мае ўсе элементы, каб называцца мовай. Ён пачаў таксама даследаваць памежжа Беларусі, хацеў пабачыць, як далёка жывуць беларусы, якія землі ахоплівае беларуская мова. Самы галоўны даследчык-беларусіст у Польшчы прафесар Альжбета Смулкова некалькі год таму арганізавала велізарны праект “Беларусь і памежжа Беларусі: мова, культура, гісторыя”, у якім удзельнічалі філолагі, гісторыкі, этнолагі. Усе разам зладзілі вялікую экспедыцыю на памежжа Беларусі. Мае даследаванні беларускай мовы ў Латвіі — працяг гэтай працы. Мару таксама аб’ехаць усе памежныя рэгіёны Беларусі, як гэта зрабіў 100 год таму Я. Карскі. Ці хопіць жыцця, не ведаю, але такая мара ў мяне ёсць. — Чым вас захоплівае менавіта памежжа? — Напэўна, тым, што яно вельмі складанае. Яго не так лёгка апісаць, бо ў гэтых рэгіёнах заўсёды адбываецца сутыкненне моў, культур, ментальнасці, архітэктуры, гэта цудоўнае месца для даследавання, а мова вельмі добра адлюстроўвае ўсе ўзроўні жыцця чалавека.  — Часам можна пачуць меркаванне, што разам з носьбітамі мясцовых дыялектаў знікаюць і самі гаворкі, а з цягам часу яны і ўвогуле знакнуць. Ці шмат яшчэ захавалася таго каларытнага, што можа складаць скарбонкунашай мовы? — Калісьці я прачытаў адзін тэкст Яўхіма Карскага, дзе шаноўны даследчык сцвярджае, што праз сто гадоў беларускіх гаворак не будзе. Прайшло сто гадоў, а дыялектолагі ўсё яшчэ ладзяць экспедыцыі і даказваюць, што гаворкі ёсць. Безумоўна, шмат даследчыкаў лічыць, што працэс глабалізацыі, мас-медыя ўплываюць на мову і гаворкі, а пасля смерці старэйшых людзей дыялекты таксама знікнуць. Але вынікі маіх даследаванняў у розных рэгіёнах: у цэнтры Палесся, на Магілёўшчыне, Гарадзеншчыне, у Латгаліі, на Віленшчыне, на Падляшшы даказваюць іншае. Я сам быў вельмі здзіўлены тым, што прадстаўнікі не толькі старэйшага, але і сярэдняга пакалення мясцовых жыхароў паміж сабой на вуліцы размаўляюць на мясцовай гаворцы. Нам жа, навукоўцам, трэба праводзіць даследаванні там, дзе гаворкі яшчэ не вывучаныя. І ў цэлым, кожны народ павінен збіраць матэрыял для нашчадкаў, каб паказаць, якая раней была культура, традыцыя, мова.  Але я лічу, што беларукія гаворкі будуць існаваць заўсёды. Ідзе працэс русіфікацыі, уплывы польскай, літоўскай моў, але мясцовыя дыялекты не знікнуць зусім, у нейкай форме яны будуць існаваць далей праз шмат год. Я доўга думаў над пытаннем: у чым жа заключаецца феномен беларускіх гаворак? Дзясяткі гадоў тут праходзіла паланізацыя, дзесяткі — русіфікацыя, а беларускія гаворкі як былі, так і застаюцца. Чаму? Мне здаецца, што сакрэт хаваецца ў самой мове. Беларуская мова падобная на іншыя славянскія мовы, і чалавек можа, захоўваючы беларускую фанетыку, марфалогію і сінтаксіс, у працэсе маўлення толькі крыху змяняць форму слоў і саму лексіку. Размаўляю з палякам — буду ўжываць трошкі больш польскіх слоў, з рускім — трохі больш рускіх слоў. Але рысы, на аснове якіх мы вызначаем прыналежнасць да мовы і дыялекта, — фанетыка і марфалогія, застаюцца беларускімі. — Падзяліцеся, калі ласка, планамі на будучыню. Ці ёсць перспектывы ў даследаванні беларускіх гаворак? — Хацелася б адзначыць, што гэтыя даследаванні былі б немагчымыя, калі б не нашы сябры. У нас ёсць дамовы з акадэміямі навук Літвы, Латвіі, Беларусі. І кніга “Беларуская дыялекталогія” таксама з’яўляецца вынікам супольнай працы. Калі б не наш сумесны праект, які з беларускага боку каардынуе кандыдат філалагічных навук, загадчыца аддзела дыялекталогіі і лінгваеаграфіі Цэнтра даследаванняў беларускай мовы, культуры і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Вераніка Курцова, то было б нашмат цяжэй арганізаваць працу. Што да планаў, то мы будзем далей працягваць нашы супольныя даследаванні ў гэтым кірунку. Я шмат часу даследаваў беларускую мову у Латгаліі, цяпер вывучаю беларусія гаворкі на Віленшчыне і ў Польшчы, на Падляшшы. Мая самая влікая мара — разам з беларускімі дыялектолагамі паехаць на Чарнігаўшчыну і Смаленшчыну. Менавіта гаворкі на гэтых тэрыторыях найменш даследаваны з беларускага боку.  — Але вернемся да кнігі “Беларуская дыялекталогія”. Як узнікла ідэя напісаць такую працу? — Усё пачалося некалькі гадоў таму. Я даўно хацеў напісаць працу, нібыта ідучы следам Яўхіма Карскага, і доўга думаў, хто б з навукоўцаў мог мне ў гэтым дапамагчы. Для аднаго чалавека здзейсніць такое даследаванне, якое ахоплівае велізарны матэрыял, проста немагчыма. Маю задумку падтрымала прафесар Ніна Баршчэўская, загадчык кафедры беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта. Апроч прафесара Альжбеты Смулковай, яна — найлепшы дыялектолаг у Польшчы, мае вялікія веды па тэме. Тры гады мы вельмі актыўна супрацоўнічалі, спадарыня Ніна вельмі добра ўмее працаваць з маладымі навукоўцамі, гэта чалавек адкрыты для новых ідэй, праектаў, таму праца наша склалася досыць гарманічна. Прафесар Баршчэўская пісала раздзелы пра гісторыю, тэндэнцыі развіцця беларускіх дыялектаў, таму што яна мае вялікі вопыт аналізу, а палявыя даследаванні праводзіў я – адзін, або з калегамі з Беларусі, якія актыўна мне дапамагалі. — У цэлым, каму адрасавана выданне? Ці была ўжо нейкая зваротная рэакцыя з боку чытачоў? — Калі праект знаходзіўся на стадыі абмеркавання, мы са спадарыняй Нінай Баршчэўскай вырашылі, што перадусім гэтая кніжка павінна быць карыснай польскім даследчыкам, мовазнаўцам, лінгвістам, славістам, студэнтам, усім, хто ў навуковай дзейнасці карыстаецца польскай мовай. Па-беларуску падобныя даследаванні ўжо выходзілі. Але ў выніку атрымалася, што мы спалучылі некалькі рэчаў. Перадусім гэта была кніга для польскага чытача, але мы пабачылі, чаго не хапае ў кнігах, выдадзеных у Беларусі, і зрабілі пэўнага кшталту дапаўненне і тым самым унеслі новае ў беларусістыку і дыялекталогію. Тут ёсць новыя звесткі пра беларускія гаворкі па-за межамі краіны.  Зваротная рэакцыя была. Многія даследчыкі адзначалі, што яны задаволеныя выхадам такой кнігі. Па-першае, большасці навукоўцаў складана чытаць па-беларуску, можа, на рускай мове прасцей, цяпер жа яны маюць па сутнасці польскамоўны падручнік па беларускай дыялекталогіі, які комплексна апісвае ўсе неабходныя тэмы. Былі і закіды негатыўнага кшталту, маўляў, мы не ўсё апісалі, не ўсе крыніцы выкарысталі. Але ж спіс літаратуры ў выданні займае амаль 40 старонак, па сутнасці, мы ў 4 ці 5 разоў больш інфармацыі, але выкарыстаць усё ў працы абмежаванага аб’ёму было немагчыма.  — Ці мяркуецца пераклад гэтага выдання на іншыя мовы? — Так. Ужо абмяркоўваецца пытанне перакладу кнігі на англійскую мову, ёсць зацікаўленасць выданнем у Нямеччыне, Вялікабрытаніі і ЗША. Трэба з аднаго боку знайсці фінансаванне, з іншага — пачакаць паўгода, калі будуць першыя рэцэнзіі, каб выправіць патэнцыяльныя памылкі, нешта дадаць і ўжо потым зрабіць пераклад. А ён, безумоўна, будзе карысны многім. Справа ў тым, што кніг пра беларускую мову на англійскай мове няма. І было б вельмі выдатна, каб усе зацікаўленыя беларускай мовай мелі доступ да матэрыялаў, якія паказваюць з’явы менавіта з беларускага пункту гледжання. Думаю, што пераклад на англійскую мову пакажа многім замежным даследчыкам сапраўдныя веды пра беларускую мову. Каб яны, таксама як і многія ў Польшчы, не кіраваліся стэрэатыпамі.