У Варшаве адшукалі магілу Міхала Федароўскага

Сябры “Беларускай нацыянальнай памяці" адшукалі магілу Міхала Федароўскага. Этнограф, даследчык беларускай культуры пахаваны ў Варшаве на Павонзкіх могілках.

Раней было вядома, што навуковец пахаваны на гэтых могілках, але дзе дакладна, заставалася таямніцай, зазначыў старшыня грамадскай арганізацыі «Беларуская Нацыянальная памяць» Анатоль Міхнавец:

– Інфармацыю пра магілу Міхала Федароўскага мы атрымалі ад Уладзіміра Хільмановіча, які займаецца таксама пошукамі біяграм, пошукамі месцаў і інфармацыі пра дзеячаў. Было вядома толькі, што магіла знаходзіцца на Павонзкіх могілках. Мы шукалі праз інтэрнэт і вось атрымалася знайсці.

Міхал Федароўскі нарадзіўся 1 верасня 1853 года ў Варшаве.

Яго бацька Адольф пасля ўдзелу ў паўстанні 1863–1864 гадоў эмігрыраваў у Францыю. У 1877 годзе Міхал Федароўскі пераехаў у ваколіцы Пружан. Тут ён пачаў вывучаць мясцовы фальклор.

За 27 год на Беларусі Міхал Федароўскі напісаў шматтомны зборнік “Люд беларускі”, у якім усебакова апісаў беларускую народную культуру.