Акцыю ў замежжы правялі актывісты наваполацкага грамадскага аб'яднання «Свабодны рэгіён» пры падтрымцы Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH).
Паводле ўдзельнікаў, на будынку беларускага консульства былі расклееныя ўлёткі з адрасамі 12-ці палітзняволеных, а таксама два плакаты з патрабаваннем «Свабоду Алесю Бяляцкаму» па-руску і па-англійску. Такія самыя плакаты былі расклееныя і на афішных тумбах. Мінакам таксама раздавалі ўлёткі з адрасамі палітзняволеных і прапановай напісаць ім лісты падтрымкі. Удзельнікі акцыі адзначылі, што жыхары Цюрыха мала ведаюць пра Беларусь, у тым ліку і пра наяўнасць у краіне палітзняволеных. Але нехта з мінакоў адзначыў, што ў адной з мясцовых газет пісалі пра фальсіфікацыі падчас беларускіх парламенцкіх выбараў 2012 года.