4 жніўня ў польскай сталіцы прайшоў Дзень салідарнасці з грамадзянскай супольнасцю Беларусі.
З гэтай нагоды на Замкавай плошчы Варшавы адбыўся пікет. Некалькі дзясяткаў чалавек пад бел-чырвона-белымі сцягамі і з партрэтамі палітзняволеных у руках патрабавалі спынення рэпрэсій у Беларусі. Акрамя палітняволеных некаторыя людзі трымалі партрэт затрыманага ў Беларусі каталіцкага святара Уладзіслава Лазара і партрэт беларускага палітуцекача ў Польшчы Андрэя Жукаўца, якога ўжо больш за 10 гадоў судзяць у Беластоку.
Таксама на месцы ахвочыя маглі напісаць лісты падтрымкі Алесю Бяляцкаму ды іншым беларускім палітычным зняволеным.
У межах адзначэння Дня салідарнасці з грамадзянскай супольнасцю Беларусі 4 жніўня ў Варшаве яшчэ пройдуць дэбаты на тэму сітуацыі з беларускімі палітычнымі вязнямі і дэбаты на тэму стану беларускай культуры, а таксама джазавы канцэрт.
4 жніўня невыпадкова абраны для правядзення Міжнароднага дня Салідарнасці з грамадзянскай супольнасцю і праваабарончым рухам Беларусі. 2 гады назад у гэты дзень быў арыштаваны Алесь Бяляцкі — вядомы беларускі праваабаронца і кіраўнік праваабарончага цэнтру “Вясна”.