Міжнародны Фестываль беларускай культуры прайшоў у латвійскім Вентспілсе

Гэты вялікі фэст, які традыцыйна штогод арганізуе беларуская суполка "Спадчына" з латвійскага горада Вентспілса на чале з Наталляй Бальшаковай, пачынаўся са сціплых Дзён беларускай культуры. З кожным годам дні набіралі моц, размах - так і перараслі ў міжнародны фестываль. Цяпер паказаць сваё мастацтва ў горад збіраюцца не толькі мясцовыя артысты, але і едуць гурты з Беларусі. Фэст мае і шануе цікавыя традыцыі, займеў сваю гісторыю, шматлікіх прыхільнікаў і апантаных энтузіястаў. Гасцюючы нядаўна ў Венспілсе, я ўпэўнілася: гэта значная і адметная з'ява ў культурным жыцці горада, ён ужо нават унесены ў сетку яго асноўных культурных мерапрыемстваў.

Назва фэсту "Ад Ліга да Купалля" не выпадковая: 23 чэрвеня ў Латвіі адзначаюць "Ліга" - свята традыцыйнае і там паважанае, звязанае з культам сонца і ўрадлівасці. Яно падобнае да нашага Купалля. Носьбіты традыцыі - людзі сталага ўзросту - перадаюць веды маладым, таму свята жыве і развіваецца ў новых умовах. Арганізатары фэсту вырашылі паказаць беларускую культуру латышам і прадстаўнікам іншых этнасуполак, якія жывуць у тых мясцінах, прытрымліваючыся беларускіх традыцый. Што ж, гэта яркі прыклад таго, што культура не мае межаў, а ў святаў розных народаў ёсць агульныя карані. Прыемная адметнасць Купалля ў Вентспілсе: на яго штогод запрашаюцца творчыя гурты і асобныя выканаўцы з розных абласцей Беларусі. Сёлетні фэст расквецілі ды ўпрыгожылі ансамбль народнай песні "Заманіха" Полацкага раённага Дома культуры, гурт "На ростанях" Віцебскага каледжа мастацтваў, група студэнтаў БДУ, Тэатр гістарычнага касцюма "Полацкі звяз". Шмат апладысментаў, ды і кампліментаў атрымалі артысты гурта "Тутэйшая шляхта" пад кіраўніцтвам Лявона Махнач, які працуе ў Беларускім дзяржуніверсітэце. У прыгожых строях, каларытныя, статныя артысты ансамбля, як сапраўдныя шляхцічы, прыцягвалі ўвагу ўсіх, хто прыйшоў на свята. З імі фатаграфаваліся, танчылі паланэз і мазурку, прагульваліся па парку.

Усе дні фэсту напаўнялі Вентспілс беларускімі матывамі. Здавалася: увесь шматнацыянальны горад весяліўся разам з гаспадарамі фэсту, тамтэйшымі беларусамі. А госці яшчэ да адкрыцця фестывалю маглі знаёміцца з цікавай выставай твораў мясцовай мастачкі са "Спадчыны", ураджэнкі Маладзечна.  Адкрываўся беларускі фэст у маляўнічым дзіцячым парку "Фантазія". Удзельнікаў і гасцей віталі Пасол Беларусі ў Латвіі Аляксандр Герасіменка, выканаўчы дырэктар Вентспілскай гарадской Думы Алдыс Аволе, старшыня Асацыяцыі нацыянальных меншасцяў Вера Перапяліца, дэпутат Сейма, старшыня Рыжскага беларускага таварыства "Прамень" Алена Лазарава. Прывітанне фэсту даслала Валянціна Піскунова, старшыня Саюза беларусаў Латвіі. Віталі мясцовых беларусаў і прадстаўніца таварыства "Радзіма" ды кіраўнік гурта "Тутэйшая шляхта" Лявон Махнач. Старшыня "Спадчыны" Наталля Бальшакова дзякавала адміністрацыі гарадской Думы і ўсім, хто штогод падтрымлівае фэст фінансава і маральна, а таксама артыстам з Беларусі і тым, хто паспрыяў іх прыезду ў Латвію. Дарэчы, якраз напярэдадні падзеі ў Пасольстве Беларусі спадарыня Наталля была адзначана Ганаровай граматай Нацыянальнага сходу Беларусі за прапаганду беларускай культуры ў Латвіі. Гэта - заслужаная ўзнагарода, і маштабнасць чарговага фэсту тое пацвердзіла.

Кульмінацыяй фэсту "Ад Ліга да Купалля" з'яўляецца штогод якраз Купалле. Сёлета ладзілі яго на плошчы Дзірнаву: невялікая, вельмі прыгожая, уся ў зеляніне - спецыяльна рыхтавалі да свята. Беларуская музыка, песні, танцы запоўнілі прастору. І не было абыякавых да Купальскай дзеі: гарэла рытуальнае вогнішча, людзі падпявалі, танчылі, весяліліся разам з артыстамі, моладзь шукала папараць-кветку...  Ведаю, як няпроста такое свята зладзіць: праграму распрацаваць, прыняць столькі гасцей... Члены праўлення "Спадчыны" вельмі стараліся, праявілі лепшыя арганізацыйныя здольнасці. А колькі павагі да землякоў! З самага ранку з гасцямі з Беларусі ўсюды - на экскурсіях па цудоўных мясцінах горада, на моры, на фестывальных пляцоўках, ды і ў карагодах і купальскіх абрадах - была Наталля Бальшакова і яе памочніца Алена Нарушэвіч. Мы сапраўды былі абласканыя іх цеплыней, увагай. На свяце ж адчулі, што ў тым прыгожым кутку Латвіі мясцовыя беларусы любяць Бацькаўшчыну, нашу самабытную культуру. Яны і самі шануюць сваю мову, традыцыі і абрады, і з гонарам знаёмяць з імі людзей іншых нацыянальнасцяў, якія жывуць у Вентспілсе.

Галіна Навіцкая, каардынатар праектаў таварыства "Радзіма"


Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение