27 ліпеня ў сядзібе Таварыства беларускай культуры ў Літве (ТБК) на чарговую імпрэзу сабраліся сябры ТБК і госці з Беларусі і Літвы. Прамовы, дыскусіі і песні працягваліся ад 15 да 19 гадзіны.
Роўна 23 гады таму, 27 ліпеня 1990 года Вярхоўны Савет БССР прыняў Дэкларацыю аб Незалежнасці Беларусі. Сябра ТБК Алесь Адамковіч у прамове, прысвечанай гэтай гістарычнай падзеі, нагадаў пра тагачасную палітычную сітуацыю ў Беларусі, пра супраціў камуністычнай бальшыні ў Вярхоўным Савеце, пра мужнасць і мудрасць дэмакратаў і іх поспех, вынікам якога стала прынятая Дэкларацыя. А.Адамковіч таксама даў сваю ацэнку сёняшняга стану незалежнасці Беларусі. З улікам цяперашняй сітуацыі з мовай, нацыянальнай сімволікай, гвалтоўнага пераследу дэмакратычнай апазіцыі, і курсам на аб' яднанне з былымі рэспублікамі СССР, даводзіцца канстатаваць, што нацыянальная незалежнасць Беларусі знаходзіцца пад пагрозай яе страты.
Другая па часе падзея ў гісторыі сучаснай Беларусі - 20-ыя ўгодкі Першага з’езду беларусаў свету. Сябра ТБК В.Акуневіч нагадаў удзельнікам імпрэзы пра той незабыўны час гуртавання, агульнай працы ўсіх нацыянальна-свядомых сілаў у Беларусі і ў замежжы дзеля адраджэння Бацькаўшчыны. Грамадская арганізацыя Згуртавання беларусаў свету (ЗБС) "Бацькаўшчына" ў 1992 годзе прапанавала склікаць сусветны беларускі форум. Ідэя была падтрыманая. Быў створаны арганізацыйны камітэт. Старшынямі камітэта абраны прэзідэнт ЗБС “Бацькаўшчына” Васіль Быкаў і ад дзяржавы - міністр замежных спраў Пётр Краўчанка. Першы з’езд беларусаў свету адбыўся ў Мінску, 8-10 ліпеня 1993 года. Ён праходзіў святочна, у оперным тэатры. Усяго 1200 удзельнікаў, з іх 996 дэлегатаў. 255 з далёкага замежжа, 235 з бліжняга замежжа, 506 з Беларусі.
Нельга без хвалявання і ўзрушэння чытаць прамовы ўдзельнікаў з’езда, і тых, хто ў далёкім замежжы столькі дзесяцігоддзяў летуцелі пра Бацькаўшчыну. І тых нашых суродзічаў, якія прайшлі выпрабаванні ГУЛАГу і працягваюць жыць там, у рэгіёнах Расеі, дзе і цяпер іх папракаюць, што яны былі здраднікамі Радзімы. Агульная турбота нашых суродзічаў з далёкага і бліжняга замежжа пра стан мовы ў Беларусі, пра незалежнасць і нацыянальнае адраджэнне. Гэтым праблемам адпавядаюць выніковыя дакументы з’езду. Сярод дакументаў: Рэзалюцыя аб падтрымцы дзейнасці ЗБС “Бацькаўшчына”. Зварот да Парламента і Ўрада РБ па ўсталяванні ўсебаковых сувязяў з беларусамі замежжа. І іншыя актуальныя для беларусаў прапановы.
Мінула 20 гадоў. Ужо Шосты з езд беларусаў свету адбыўся цяпер, 23-24 ліпеня ў Мінску. Усяго было 239 дэлегатаў і 95 гасцей з 18 краін замежжа і самой Беларусі. Ад беларусаў Літвы ўсяго 11 чалавек, з іх 4 дэлегаты ад нашага ТБК. Тэмай Шостага з'езду стала «Беларуская нацыя ва ўмовах глабалізацыі: выклікі і магчымасці». Цягам двух дзён удзельнікі з'езду абмяркоўвалі свае праблемы, дзяліліся поспехамі, выказвалі сваё бачанне адносна далейшага развіцця супрацы з беларускім замежжам. Чарговы раз востра гучала праблема мовы, праблема нацыянальнай ідэнтычнасці. Галоўным вынікам працы Шостага з'езду стала прыняцце дакументаў, якія тычацца беларусаў незалежна ад месца пражывання. Як дэлегат з'езду магу канстатаваць, што бальшыня выніковых дакументаў у каторы раз паўтарае рашэнні папярэдніх з'ездаў. Гэта стварэнне заканадаўчай і нарматыўна-прававой асновы для ўзаемадзеяння з беларусамі замежжа. Гэта Рэзалюцыі, што беларуская мова - галоўны фактар захавання беларускай нацыі і аб захаванні гістарычна-культурнай спадчыны. Была прынята заява аб акце добрай волі. Каб улады Беларусі вызвалілі з месцаў зняволення людзей, якія знаходзяцца там у знак пакарання за свае палітычныя перакананні.
Трэцяя частка імпрэзы ТБК была прысвечана памяці Леваніда Караля. Спадар Леванід на працягу дзевяці гадоў быў актыўным сябрам нашага таварыства. Аб гэтым на імпрэзе дзяліліся ўспамінамі Хведар Нюнька, Андрусь Старавойтаў, таксама спадарыня Зінаіда Кароль - жонка Леваніда. Шмат добрых спраў здзейсніла ТБК у той перыяд, каб аднавіць і захаваць памяць пра беларускую гісторыю Вільні. Леванід Кароль быў ініцыятыўным сябрам і шчырым беларусам. 14-га ліпеня сёлета споўнілася ўжо 15 гадоў як ён памёр. Добрая памяць пра Леваніда натхняе ўсіх тых, хто працаваў на ніве беларушчыны разам з ім, і тых, хто далучыўся да суполкі ТБК пазней.
Апошняя планавая частка імпрэзы была прысвечаная 15-ым угодкам Другой канферэнцыі беларусаў Балтыйскага рэгіёну, якую ініцыявала і правяло ТБК. Гэта адбылося ў 1998 годзе ў Вільні. Адметнасць той канферэнцыі ў тым, што тады адбыўся раскол сярод беларусаў. Раскол па палітычных поглядах. На тых, хто адвярнуўся ад нацыянальных каштоўнасцяў – ідэяў БНР, канстытуцыі, нацыянальных сімвалаў, і падтрымаў новы антыдэмакратычны курс, які пачалі ажыцяўляць уладныя структуры ў Беларусі. І для каго такі курс стаў прымальным. Пра падзеі на той, другой канферэнцыі распавёў Хведар Нюнька. Удзельнікі імпрэзы паглядзелі архіўны кіназапіс пра хаду канферэнцыі.
Яшчэ ўдзельнікі імпрэзы прысвяцілі час непланаванай тэме. Госці з Беларусі, якія прадстаўляюць Брацтва Святых віленскіх пакутнікаў, прэзентавалі свае новыя кніжкі, прызначаныя для вернікаў беларускай праваслаўнай царквы. Тое, што ўсе кніжкі на роднай мове, выклікала зацікаўленне да гасцей і іх рэлігійнай працы ў Беларусі. Ад імя гасцей, якіх было пяць чалавек, выступаў спадар Мікалай Матрунчык.
Удзельнікі імпрэзы атрымалі падарунак ад украінцаў. Сям'я Рамана і Аксаны Ластаўяк - прафесійныя музыкі-спевакі, і мама Аксаны, спадарыня Ірына, ўжо шмат гадоў радуюць нас, беларусаў Віленшчыны, сваім майстэрствам. Яны і на гэты раз свае песні на ўкраінскай мове падабралі з улікам тэматыкі імпрэзы. Як заўжды, украінскія сябры не толькі спявалі для нас, яны актыўна выступалі ў дыскусіях па хвалюючых нас праблемах мовы, нацыянальнага адраджэння, гуртавання і ўзаемападтрымкі. Таму і гэтым разам сям'я Ластаўяк і сп. Ірына былі ўдзячна прынятыя ўдзельнікамі імпрэзы.