Грамадскі дзеяч, вучань Віленскай беларускай гімназіі і настаўнік Віленскай беларускай школы (ужо ў нашы дні), памёр 26 ліпеня 2013 года на 84-м годзе жыцця.
Сын славутага віленскага беларускага кнігара Станіслава Станкевіча Яраслаў быў адным з сімвалаў беларускай грамады ў Літве.
Распавядае дырэктарка Віленскага беларускага музэю Івана Луцкевіча Людвіка Кардзіс:
«Сям’я доўгі час жыла ў цяжкім стане, калі бацька быў у сталінскіх лягерах. Але чым яны для нас адметныя і служаць прыкладам, дык гэта тым, што людзі захавалі праз усё жыццё беларускую мову.
Яраслаў Станкевіч вучыўся ў беларускай гімназіі, але ён яе не скончыў, бо яна была зачыненая саветамі. І пасля, канечне, ён як беларус ня мог у Вільні рэалізавацца, бо не было ў той час тут ніякіх беларускіх устаноў. Ён працаваў у польскай школе, выкладаў хімію. Пасьля ўжо, калі адкрылася беларуская сярэдняя школа імя Францішка Скарыны (цяпер гімназія), ён перайшоў туды выкладаць хімію».
Але не толькі хімію выкладаў у гімназіі спадар Станкевіч.
Была яшчэ ягоная школа шахматаў.
А яшчэ — сама ягоная асоба. Працягвае дырэктарка Віленскай беларускай гімназіі Галіна Сівалава:
«Пакуль ён працаваў, у нас абавязковым прадметам для першых-шостых класаў былі шахматы. Ён быў цудоўны выкладчык. І яшчэ ён быў — жывая памяць пра тую даваенную гімназію, тыя даваенныя часы. Ён быў — тая сувязь, тая нітачка, якая звязвала нас. Я не скажу, што ён вельмі шмат успамінаў, але сваімі паводзінамі, сваёй прыгожай чыстай беларускай мовай, сваёй прыроджанай інтэлігентнасцю ён рабіў незвычайнае ў школе. А як ён танцаваў! Гэтая стройная фігура, роўная спіна, гэтае незвычайнае ўменне паводзіць сябе стаіць у мяне ў вачах».
Ягоныя вучні былі ў захапленні ад свайго настаўніка. Прыгадвае адна з іх, цяпер мастачка Паўліна Вітушчанка:
«Яго манеры былі такія прыемныя. За ім заўсёды проста прыемна было назіраць і радасна бачыць на нейкіх беларускіх імпрэзах.
Проста браў гонар за беларускіх віленчукоў, якія, пражыўшы ўсё жыццё ў Літве, захавалі і беларускую мову, і беларускія каштоўнасці, і беларускую самаідэнтыфікацыю. І, можа, нам цяперашнім гэтага не хапае. У яго можна было гэтаму вучыцца».
Родная мова, нацыянальныя традыцыі, шляхетнасць паводзін — усё тое, што перадаецца ў беларускім родзе Станкевічаў з пакалення ў пакаленне. Гаворыць пляменніца спадара Яраслава, кіраўніца турыстычнай фірмы, якая працуе з беларусамі, Ангеліна Якшцене:
«Дзядзька Яраш — гэта той чалавек, каго я помню з самых малых гадоў сваіх.
У яго два сыны, і я, па-першае, вельмі ўдзячная сваім бацькам і яму, што хоць я не маю родных братоў, усё ж такі мы з імі маем адзін аднаго. Гэта вельмі важна для жыцця, бо гэта адчуваеш нават сёння, што ёсць ягоныя людзі, каторыя для мяне таксама свае. Я ўдзячная сваім бацькам і дзядзьку Яру, што яны гэта змаглі зрабіць. Па-другое, сапраўды, гэтая беларускасць, якая прыйшла з імі. Я яе адчувала паміж мамай і братам ейным. Не бачачы гэтага, я хіба не змагла б так успрыняць гэтую беларускасць, каторая праходзіла праз гады ў іх сям’і. Гэта таксама не словы, гэта тое жыццё, якое я бачыла і якое не магло не мець уплыву на мяне. Ужо ў Алесю, маім сыну, гэта працягваецца. Ён нарадзіўся ў Літве, але ён размаўляе па-беларуску. Гэта ўжо наша трэцяе пакаленне, якое жыве ў Літве і застаецца беларускім. І я вельмі ўдзячная маме і дзядзьку Яру, што яны гэта маглі зрабіць».
Яраслава Станкевіча пахаваюць 31 ліпеня ў Вільні на могілках Карвелішкі. У яго засталіся сыны Алік і Слава, унук Уладзік і праўнук Эрык.
Управа МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" смуткуе з нагоды смерці шаноўнага Яраслава Станкевіча і прыносіць шчырыя спачуванні ўсім, хто яго ведаў. Светлая памяць і вечны супакой яго душы!