Другі альбом гурта аўтэнтычнага спеву “Крывічы” выйшаў накладам 200 асобнікаў.
Гурт аўтэнтычнага спеву “Крывічы” быў заснаваны яшчэ ў 2009 годзе з ініцыятывы сціплай, але моцнай духам дзяўчыны Волі Галанавай, якая і стала яго натхняльніцай і кіраўнічкай. За гэты час склад гурта трохі мяняўся, хтосьці адыходзіў, хтосьці прыходзіў, але асноўнае ядро калетыва склалася.
Першы альбом “Вецярок вее…” “Крывічы” запісалі ў 2011 годзе. І вось цяпер выходзіць другая плытка пад назвай “А ў Калядачкі…”
Вось што напісана на вокладцы гэтай кружэлкі:
“Гэта другі альбом іркуцкага гурта “Крывічы”. Яго мы запісалі адразу пасля Калядаў 2013 года. Быў такі нейкі святочны паслякалядны настрой. Кружэлка запісвалася лёгка. З натхненнем! Таму нам захацелася захаваць гэты настрой і ў назве альбома. Да таго ж тут шмат калядных песен, адна з іх так і называецца: “А ў Калядачкі…”.
Наш гурт імкнецца захаваць старажытную манеру спеву нашых продкаў-беларусаў. Раней у Прыбайкаллі беларуская песня гучала ў шматлікіх вёсках, заснаваных перасяленцамі. Аднак цяпер “старую” песню пачуць можна толькі зрэдку. Таму мы вырашалі даць другое жыццё традыцыйным абрадавым і пазаабрадавым спевам. Дарэчы ўсе дзяўчаты гурта “Крывічы” нарадзіліся ў Сібіры, але з задавальненнем вывучаюць мову сваіх продкаў і спяваюць родныя песні!
Спадзяемся, што Вам спадабаецца!”
Безумоўна, трэба патлумачыць, чаму альбом запісаны яшчэ зімой у студзені, а выйшаў толькі цяпер, улетку. Усё проста: не было грошай, каб яго выдаць.
Спонсараў не знайшлося. Давялося мне выдаваць яго за свой кошт. Але гэта не бяда. Галоўнае каб слухачам спадабалася нашая творчасць, і яшчэ, не менш галоўнае, каб гэтыя песні засталіся для ўсеагульнай спадчыны нашага народа!
Склад гурта: Воля Галанава (кіраўнік), Вольга Тугарынава, Свецік Бастракова, Вялёна Рабцава,
Галінка Данілава, Юля Пермінава, Алег Рудакоў.
Кружэлка запісаная на Іркуцкай студыі гуказапісу: www.irkzvuk.ru.
Арганізацыйныя і фінансавыя пытанні вырашаў Алег Рудакоў
Тэлефон: +79021706830 /// e-mail: malanka2000@mail.ru