21 чэрвеня, напярэдадні свята Ліга, калi спяваюць русалкi i ценi становяцца жывымi, калi зёлкі набіраюць гаючую сілу і расквітае папараць-кветка, у Баўскім краязнаўчым музеі мастацтва адчынілася выстава Аб'яднання мастакоў-беларусаў Балтыі "Маю гонар". Дарэчы, выстава беларускіх мастакоў у горадзе Баўсцы - гэта працяг вандроўкі выстаў АМ-ББ "Маю гонар" па гарадах Латвіі. Пачалася яна ў 2011 г. з Рыгі і вандравала па гарадах Латгаліі - Рэзэкнэ і Лудзе.
У Латвіі - Ліга, Янаў дзень, у Беларусі - Купалле, Янаў, Іванаў дзень. У беларусаў - купальскія песні, у латышоў - лігаўскія. Менавіта такія народныя святы і традыцыі і яднаюць нас. Адкрыццё выставы ў гэтыя дні сталася сімвалічным. Так палічылі і арганітазары, і госці імпрэзы.
Пра культурніцкія стасункі, якія ўзбагачаюць нашы краіны-суседкі, нагадаў старшыня Баўскай думы Райціс Абэлніекс. Такія ж паралелі прывёў у сваім выступленні і консул беларускай амбасады ў Латвіі Андрэй Кожан.
Кіраўнік аб'яднання і ініцыятар ідэі беларускага вернісажа ў музеях Латвіі мастак Вячка Целеш у сваёй прывітальнай прамове гаварыў пра беларускую культуру ў еўрапейскім кантэксце, яскравым сведчаннем чаму з'яўляецца і гэтая выстава.
На выставе прадстаўлены працы пятнаццаці мастакоў: Ганны Пейпіні, Ірыны Трумпель-Сабалеўскай, Алены Лаўрыновіч, Алены Раманенка, Алены Ціхаміравай, Тамары Насенка, Надзеі Ізенавай, Васіля Малышчыца, Аліны Літвіненка, Анатоля Ермаковіча, Пятра Худабчонка, Вячаслава Лаўрыновіча і Вячкі Целеша (гэта мастакі латвійскай суполкі аб'яднання), а таксама мастакоў Алега Аблажэя з Літвы і Яна Кузьміцкага са Швецыі.
Дарэчы, юрмальчане брат і сястра Вячаслаў Лаўрыновіч і Надзея Ізенава (Лаўрыновіч), у выставе аб'яднання бяруць удзел упершыню. Выпускнікі знакамітага мастацка-графічнага факультэта Віцебскага педагагічнага інстытута - мастакі ўжо сталыя, а вось сябры аб'яднання - самыя маладыя, бо яны толькі сёлета ўступілі ў творчую суполку мастакоў-беларусаў. У экспазіцыю ўвайшлі 40 прац мастакоў, выкананых у тэхніках жывапісу, малюнка, акварэлі, баціка, гуашы і скульптуры. Яны занялі адну выставачную залу музея і вельмі арганічна ўпісаліся ў яго інтэр'ер. Аб гэтым паклапацілася кіраўнік мастацкага аддзела музея Ілга Балодэ. Вячка Целеш не толькі выказаў падзяку музею за адкрыццё экспазіцыі беларускіх мастакоў, але і падараваў музею сваю графічную працу "Песня сонцу".
У гэты час у музеі ўжо працуе выстава латышскага жывыпісу, і таму наведвальнікам будзе цікава параўнаць творчую манеру і каляровыя стылі майстроў. І як вельмі спадзяюцца самі арганізатары, выстава зробіць творчую палітру музея яшчэ больш яскравай, каляровай і шматграннай. Здаецца, аксіёма - мастацтва не ведае межаў ні моўных, ні геаграфічных. У гэтым таксама можна было пераканацца на свяце, дзе побач з беларускай гучала руская і латышская мова. Гасцей свята цёпла віталі дырэктар музея Байба Шулца (ёй асаблівая падзяка за цікавую экскурсію, якую зладзілі для мастакоў супрацоўнікі музея), паэт, гісторык, прадстаўнік рускага клуба «Улей» Сяргей Жураўлёў - даўні сябра аб'яднання, член Саюза пісьменнікаў Латвіі. Цудоўныя вершы латышскага класіка Віліса Плуданса ў перакладзе Сяргея на рускую мову якраз і прагучалі падчас імпрэзы. А яшчэ спадар Сяргей падараваў удзельнікам свята cвае кніжачкі гэтых перакладаў. І запрасіў мастакоў у невялікую вандроўку па сваёй роднай старажытнай Баўсцы. Каб госці горада паглядзелі на гэты кавалачак Зэмгалэ і зразумелі, чаму менавіта гэтыя мясціны, дзе зліваюцца дзве ракі Мемеле і Міса, дзе ў зайцавай лазні збіраюцца зайчаняты і добра чуваць ранішнюю песеньку Маці лесу, так натхняюць паэтаў і мастакоў.
Выстава аб'яднання мастакоў-беларусаў Балтыі «Маю гонар» у Баўсцы будзе працававаць да жніўня бягучага года.
Таццяна Касуха, сябра аб'яднання, мастацтвазнаўца
Фота Георга Астапковіча