Беларускі пісьменнік Віталь Воранаў мінулы навучальны год выкладаў гісторыю культуры Беларусі ва ўніверсітэце ў Канзасе. Гэтымі днямі ён прыехаў на летнія вакацыі ў Польшчу. Тут яго сустрэла прымная навіна: у Гнезне выйшаў зборнік яго апавяданняў “Вялікае княства Беларусь” у перакладзе на польскую мову.
Віталь Воранаў:
- Гэтая кніга – збор апавядання ад майго дэбюту, пачынаючы з 2003 года, да 2013-га. Назва двухсэнсоўная, таму што мы вырашылі прамаваць гэтую кнігу, не адштурхоўваючыся ад майго беларускага паходжання. Назва двухсэнсоўная ў тым сэнсе, што кніжка не пра Беларусь, хоць і называецца “Вялікае княства Беларусь”. Фактычна яна для кожнага чытача, не толькі для такога, які цікавіцца Беларуссю і беларускай тэматыкай.
Віталь Воранаў нарадзіўся ў 1983 годзе ў Беларусі. У дзяцістве з бацькамі эміграваў у Польшчу. Скончыў універсітэт імя Адама Міцкевіча ў Познані і ўніверсітэт Масарыка ў Брне. Вядомы як перакладчык на беларускую мову казкі Алана Мілна пра Віні-Пыха.