Прэс-рэліз суполкі “Пагоня” (г. Прага) у справе афіцыйнага прызнання беларусаў у якасці нацыянальнай меншасці ў Чэшскай рэспубліцы

Распачынаючы кампанію па прызнанні беларусаў у якасці нацыянальнай меншасці ў Чэхіі ў 2010 годзе, мы мелі на мэце выключна дасягненне гэткага выніку. Улічваючы досвед папярэдніх спробаў паасобных прадстаўнікоў беларускай грамады ў Чэхіі, якія не здолелі пайсці далей за размовы з паасобнымі прадстаўнікамі чэшскай палітычнай грамадскасці, дзе ім казалі, што шанцаў на гэта амаль няма, што гэта заскладана ці ставілі пытанне аб мэтазгоднасці наагул распачынаць гэты працэс, мы вырашылі пайсці іншым шляхам. Ініцыятары прызнання належаць да суполкі “Пагоня” (г. Прага). Іх было пяцёра – мастак Адась Калюта, прадпрымальнік Віталь Цімошчанка, а таксама частка рэдакцыі часопісу “Belarusian Review” у складзе яго галоўнага рэдактара Юркі Станкевіча, рэдактара сайта часопіса і юрыста Кірыла Касцяна, а таксама намесніцы рэдактара часопіса і спецыяліста ў міжнародных стасунках Ганны Васілевіч. Замест таго каб хадзіць і пытацца, і размаўляць з кімсьці, мы вырашылі прааналізаваць заканадаўства Чэшскай рэспублікі датычна патрабаванняў да прызнання нацыянальных меншасцяў, каб даведацца наконт рэальных перспектываў прызнання беларусаў у якасьці меншасці і акрэсліць стратэгію нашых дзеянняў. Гэты юрыдычны аналіз быў зроблены Кірылам Касцянам і на падставе яго была высветленая неабходнасць у дакладанні меркавання эксперта-гісторыка дзеля ацэнкі гістарычнай прысутнасці беларусаў на землях сучаснай Чэшскай рэспублікі. Пошукам такога эксперта і супрацоўніцтвам з ім займалася Ганна Васілевіч. Экспертам стала вядомая чэшская прафесарка др. Мілада Палішэнска, якая ў сваіх даследаваннях факусуецца на праблематыцы камуністычных рэспрэсіяў у пасляваеннай Чэхаславаччыне, а таксама займаецца пытаннямі нацыяналізму і нацыябудавання ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе. Прафесарка др. Палішэнска, якая ведае беларускую праблематыку як у кантэксце камуністычных рэпрэсіяў у Чэхаславаччыне, так і ў шырэйшай перспектыве, пагадзілася даць такое меркаванне. Мы мусім тут адзначыць выключную ролю Ганны Васілевіч у працэсе каардынацыі падрыхтоўкі меркавання эксперта і юрыдычных дакументаў у справе прызнання беларусаў як нацыянальнай меншасці, што дазволіла падрыхтаваць узгодненыя і кансалідаваныя тэксты, пазней прыхільна прынятыя ўладамі Чэшскай рэспублікі.

Асабліва мы хочам падзякаваць Юрку Станкевічу за каардынацыю перакладаў, шматгадовую плённую дзейнасць у беларускай справе ў Чэхіі і веру ў неабходнасць гэтага прызнання.

Асноўным юрыдычным дакументам стаў адпаведны Мемарандум з посьбай прызнаць беларусаў як нацыянальную меншасць. Тэкст Мемарандуму грунтаваўся на аналізе заканадаўства Чэшскай рэспублікі і на меркаванні эксперта і быў падрыхтаваны Кірылам Касцянам. Гэты Мемарандум быў дасланы Прэзідэнту Чэшскай рэспублікі Вацлаву Клаўсу, прэм’ер-міністру – Пятру Нэчасу, а таксама старшыням абедзвюх палатаў парламента Чэшскай рэспубілкі – Пшэмыславу Саботку і Міраславе Немцавай. Адказы ад Прэзідэнта і кіраўнікоў парламента хоць і адсылалі да Ураду, але былі прыхільнымі. Урад Чэшскай рэспублікі таксама прыязна паставіўся да нашага Мемарандуму і адгэтуль нас пачалі рэгулярна запрашаць на паседжанні Рады Ураду Чэшскай рэспублікі ў справах нацыянальных меншасцяў. Чэшскія ўлады звязвалі прызнанне з апошнім агульнанацыянальным перапісам насельніцтва 2011 г., вынікі якога паказалі, што ў Чэхіі пражывае больш за 2 тысячы этнічных беларусаў.

Інфармацыя аб прызнанні з-за незавершанасці працэсу свядома не намі распаўсюджвалася, бо нам хацелася ганарыцца не столькі высілкамі, колькі станоўчымі вынікамі. Акрамя таго, нам не хацелася спекуляваць яшчэ не прынятым рашэннем і рабіць сабе на гэтым рэкламу. Таксама мы хочам падкрэсліць, што сярод чэшскіх беларусаў існаваў кансэнсус аб неабходнасці афіцыйнага прызнання ў якасці меншасці, пра што сярод іншага сведчаць апісаныя вышэй ранейшыя высілкі іншых прадстаўнікоў беларускай грамады.

Пасля выканання ўсіх фармальнасцяў чэшскі ўрад прыняў рашэнне аб пашырэнні складу Рады Ураду Чэшскай рэспублікі ў справах нацыянальных меншасцяў, уключыўшы ў яе ад беларусаў Адася Калюту, які ёсць прадстаўніком суполкі “Пагоня”.

Актыўна займаючыся справамі прызнання і шырэйшай грамадска-культурніцкай дзейнасцю ў Чэхіі, суполка “Пагоня” зрабілася каардынацыйным цэнтрам беларускай супольнасці ў Празе, чаму спрыяе наяўнасць новага памяшкання беларускай клубоўні, з’яўленне якой сталася магчымым дзякуючы высілкам Віталя Цімошчанкі і Андрэя Гайко. Новая клубоўня была ўрачыста адкрытая сёлета падчас святкавання Дня Волі з удзелам Старшыні Рады БНР Івонкі Сурвіллы і іншых ганаровых гасцей. У клубоўні рэгулярна адбываюцца беларускія імпрэзы і месціцца беларуская бібліятэка, якая рэгулярна папаўняецца дзякуючы нашым сябрам і партнёрам як з Беларусі, так і з іншых краінаў.

Ад імя суполкі “Пагоня” мы хочам падзякаваць усім тым, хто спрычыніўся да гэтай гістарычнай падзеі: Міладзе Палішэнскай, Вацлаву Шмейкалу, Яну Рыхліку, Івонцы Сурвілле, Сяргею Навумчыку і ўсёй Радзе БНР, а таксама ўсім іншым, хто быў побач і ў розныя спосабы дапамагаў. Мы высока цэнім гэтую падтрымку і верым, што дасягнутае прызнанне паспрыяе не толькі паўнейшай інтэграцыі беларускай супольнасці ў чэшскае грамадства, але і спрычыніцца да лепшых магчымасцяў у развіцці беларускай культуры і мовы ў Чэхіі, а таксама зацікаўленасці ў штораз шчыльнейшай супрацы паміж грамадствамі нашых дзвюх краінаў.

Рада суполкі “Пагоня”