Урачыстыя прамовы і віншаванні гучалі ў час адзначэння 55-годдзя літаратурнага аб’яднання “Белавежа”. На святкаванні сабраліся яго чальцы: Ян Чыквін, Галіна Тварановіч, Алесь Барскі, Міра Лукша, Віктар Швед, Міхась Андрасюк, Васіль Петручук, Юры Баена ды іншыя. Прыехалі таксама запрошаныя госці з Беларусі, Польшчы і Вялікабрытаніі, прысутнічаў Генеральны консул Рэспублікі Беларусь у Беластоку Аляксандр Берабеня. Як кажа літаратарка і журналістка Міра Лукша, з “Белавежай” звязанае ўсё яе жыццё:
- Я ў раду «Белавежы» была запрошаная як 15-гадовае дзіця пасля дэбюту на літаратурнай старонцы вершам. І ўсё жыццё гэтыя аўтары, людзі, якія выхавалі мяне, былі маімі аўтарытэтамі, былі для мяне вельмі важныя. Гэта практычна ўсё маё жыццё, бо я – аднагодка “Белавежы”.
Галоўны рэдактар тыднёвіка беларусаў у Польшчы “Ніва” Яўген Вапа прыгадаў прысутным пра беларускіх палітычных вязняў - Алеся Бяляцкага, Паўла Севярынца, Змітра Дашкевіча, Ігара Аліневіча. І адзначыў, што яны церпяць толькі за тое, што любяць Беларусь, а пры гэтым яшчэ і пішуць:
- Вельмі важна ў гэты момант быць салідарнымі з тымі сябрамі, пісьменнікамі, літаратурнымі крытыкамі, увогуле з людзьмі ў Беларусі, якія з прычыны таго, што маюць свой погляд, маюць сваю свабодную думку, зведваюць рэпрэсіі. Так не можа быць: свабода ёсць адзінкай так каштоўнай, за якую не можа быць рэпрэсіяў.
Літаратурнае аб’яднанне “Белавежа” паўстала ў 1958 годзе. Ля яго вытокаў стаялі, між іншымі, Георгі Валкавыцкі ды Сакрат Яновіч, якіх сёлета не стала. Удзельнікі мерапрыемства ўшанавалі іх памяць хвілінай маўчання. Урачыстая імпрэза адбылася ў Беластоцкім універсітэце.