Купалле адзначыла Іркуцкае таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага.
У самую кароткую ноч гэтага года, з 22 на 23 чэрвеня, на беразе Ангары, у вусці ракі Тальцінка ўсю ноч вадзілі карагоды, спявалі народныя песні і весяліліся.
Калі Сонца даўжэй за ўсё застаецца на небе, а ноч пралятае, як адно імгненне, беларусы святкуюць Купалле - ноч Агню, Вады, расліннага свету, зараджэння Любові, пачатку ўсяго Жывога. Шмат варожбаў, павер'яў і абрадаў звязана з гэтай штогадовай падзеяй, якія робяць свята па-сапраўднаму незабыўным.
У дзень сонцавароту Купалле адзначаюць яшчэ з паганскіх часоў. «Купала» - гэта старажытная беларуская боская назва Агню. Бо да гэтага часу на Палессі часам агонь называюць «Купала»: “Купалу запалiў”, “Гарэла Купала”, “расклаў Купалу”
Абавязковы і традыцыйны элемент Купалля ва ўсіх славянскіх народаў - варажба па вянках. Так дзяўчаты могуць даведацца свой лёс, за каго і як неўзабаве выйдуць замуж. Выявілася, не ўсё так проста. Каб варажба была праўдзівай, трэба асаблівым чынам сплесці вянок і прахадзіць у ім усю ноч. Толькі тады вада адкрые будучыню. Таму перш за ўсё вядучы і арганізатар мерапрыемства Алег Рудакоў адправіў ўсіх дам у поле збіраць кветкі і травы для вянкоў. Пасля дзяўчаты, сеўшы на паляне колам, спляталі сабраныя расліны ў вянкі пад адмысловыя рытуальныя песні ансамбля аўтэнтычных спеваў «Крывічы». Музыка напаўняла будучыя вянкі асаблівай энергіяй. Мужчын, нават фатографаў, усярэдзіну круга строга не пускалі - не дазволена. Як і насіць вянкі - акрамя дубовых. Але дубоў на беразе Ангары не знайшлося. У вянках дзяўчыны, нават тыя, што не былі ў беларускіх касцюмах, глядзеліся вельмі прыгожа і выдатна ўпісаліся ў дзейства.
Тым часам мужчыны накрылі доўгі стол і пачаўся баль пад песні і вясёлыя прыпеўкі, палова з якіх была на беларускай мове.
Галоўнае ў Купаллі - гэта ачышчэнне праз агонь, траву і ваду. Калі сцямнела, хлопцы сабраліся, каб распаліць вялікае вогнішча. Тут ужо ніякіх жанчын! Паводле правілаў вогнішча мусіць загарэцца ад іскры. Лічыцца, што такі агонь падтрымлівае сілу сонца. І вось ноч асвяцілася святым полымем, і пачаліся карагоды: звычайныя, змейкай, у некалькі шэрагаў... Часам збоку здавалася, што ў ланцужка людзей няма ні пачатку, ні канца - відовішча заварожвала!
Пасля такіх карагодаў традыцыйныя беларускія танцы здаліся не такімі ўжо складанымі. Полькі, «Маразуля», «Ойра» - пара хвілін на тлумачэнне рухаў, і вось ужо некалькі дзясяткаў пар весела скача.
Так нечакана надышла кульмінацыя Купалля, самы таямнічы звычай - пошук папараць-кветкі. Яна распускаецца толькі апоўначы і роўна на 15 хвілін. Але арганізатары, для цікавасці, дадалі сваю бутафорскую папараць-кветку. Але ні той, ні іншай, на жаль, знайсці не ўдалося, на гэты раз таямніца засталася таямніцай.
Не абыйшлося і без нядобразычліўцаў - «нячысцік», слугі сілаў зла прыйшлі сапсаваць свята. Яны прынеслі свой агонь замест правільнага, запаленага ад іскры, атачылі вогнішча і зладзілі фаер-шоў. Галоўны нячысцік прапанаваў спаборніцтвы, і слаўныя беларусы з гонарам абаранілі дабро: малайцы пабілі дэманаў у скачках праз канат і кіданні бярвенняў. Больш нячыстая сіла на Купалле не совалася, і танцы працягваліся да самай раніцы.
На досвітку, калі ў прысутных амаль не засталося сіл, Алег зварыў традыцыйны лячэбны і танізуючы напой з 40 зёлак - Звар. Гэта было другое ачышчэнне - травой. Пасля яго бадзёрасць вярнулася, і дзяўчаты рушылі варажыць на вянках. Басанож яны спусціліся да Ангары і з першымі прамянямі сонца апусцілі вянкі ў туманную ваду.
Завяршыла Купалле трэцяе ачышчэнне - абрад купання ў гаючай вадзе. Усё гэта для таго, каб у самую кароткую ноч года ўступіць у гармонію з прыродай, бо ў жыцці кожнага чалавека з кожным годам яе застаецца ўсё менш.
Фота Лены Макаравай і Светы Елікавай