Ва ўкраінскай сталіцы пачала дзеяць унікальная беларуска-ўкраінская кавярня «Панскія пляцкі». Адна з яе залаў – беларуская. Яна аздобленая беларускімі нацыянальнымі колерамі – белым і чырвоным. А дапаўняе беларускі каларыт герб Пагоня. У зале гучыць беларуская музыка – «Народны альбом», «Стары Ольса», Лявон Вольскі, «Ляпіс Трубяцкой», Зміцер Вайцюшкевіч і гэтак далей. Інтэр’ер ўпрыгожваюць саламяныя вырабы. Меню напісалі на дзвюх мовах – беларускай і ўкраінскай. Рахунак падаецца не ў звычайнай разліковай кніжцы, а ў маленькай скрыначцы з саломкі. Другое памяшканне кавярні выканалі ў жоўта-блакітных украінскіх колерах. Гаспадыні арыгінальнай установы – актывісткі беларускага цэнтру ва Украіне Юлія Шаўлоўская і Галіна Сарочык. Ідэя адкрыць незвычайную кавярню ўзнікла некалькі гадоў таму. Юлія ўжо мела досвед у рэстаранным бізнесе і даўно марыла стварыць ды ўвасобіць у жыццё ўласны праект. Ідэя нестандартнай кавярні нарадзілася падчас жыцця ва Украіне. Распрацавалі інтэр’ер, меню, знайшлі адпаведнае памяшканне. Герб Пагоня зрабіў беларускі мастак Генік Лойка. Упрыгожанні з саломкі таксама выканалі на замову ў Беларусі. Украінскі шэф-кухар Руслан Луцэнка распрацаваў меню, фірмовая страва якога, вядома ж, – беларускія дранікі. У будучыні ў кавярні плануецца спраўляць нацыянальныя беларускія святы, ладзіць імпрэзы для дзяцей. Галоўная ж мэта кавярні – паказаць беларускую культуру ўкраінцам. «Бо мы блізкія ў духу нацыянальнасці. Мы – народы, якія імкнуцца да незалежнасці ды не маюць намеру нікога скараць. У нас багатыя традыцыі, вялікая культура, і мы выдатна разумеем адно аднаго, хоць і гаворым на розных мовах», – падзялілася думкамі Галіна Сарочык. Нягледзячы на тое, што кавярня працуе толькі першы месяц, наведнікі ўжо паспелі зрабіць установе адмысловыя падарункі, сярод якіх – партрэт гетмана Яна Карла Хадкевіча і футболка ад фанатаў «Ляпісу». З цягам часу плануецца зрабіць стэнд, на якім будуць пакажуць усе прэзенты гасцей.
13.02.2018
Скарынаўская бібліятэка ў Лондане