20 чэрвеня ў Беларускім Доме ў Варшаве пры падтрымцы кампаніі “Разам для Беларусі” адбылася сустрэча з прадстаўнікамі новай генерацыі даследчыкаў беларускай гісторыі і культуры.
Кандыдат гістарычных навук Ігар Мельнікаў распавёў пра вэб-праект “Гістарычная праўда” (http://www.istpravda.ru/bel/), які, сярод іншага, змяшчае шэраг адмысловых матэрыялаў па гісторыі нашай Бацькаўшчыны. Шматлікія рубрыкі сайта – “Даследаванні”, “Экскурсіі”, “Артэфакты”, “Гісторыя ў карцінках” і іншыя – прэзентуюць разнастайную інфармацыю, скіраваную на шырокае кола асоб, што цікавяцца гістарычным мінулым. Як рэдактар беларускай часткі сайта Ігар Мельнікаў адзначыў, што сёння існуе патрэба ў пашырэнні попыту на гістарычныя веды.
У сваю чаргу, кандыдат культуралогіі Ірына Шумская пазнаёміла грамадскасць з асноўнымі кірункамі дзейнасці незалежнага Інстытута беларускай гісторыі і культуры (ІБГК), а таксама створанага сёлета Мінскага гарадскога Таварыства аматараў беларускай гісторыі імя Вацлава Ластоўскага (ТАБГ). Асаблівая ўвага была нададзена асветніцкім матэрыялам, якія рэгулярна з’яўляюцца на сайце ІБГК (http://inbelhist.org/) і найноўшай кніжнай серыі “100 выдатных дзеячаў беларускай культуры”, у межах якой ужо выдадзена некалькі навукова-папулярных брашур. Паводле меркавання даследчыцы, працэс захавання культурнай спадчыны і абуджэння гістарычнай памяці народа наўпрост залежыць ад актыўнасці і неабыякавасці абсалютна кожнага з яго прадстаўнікоў, а не толькі ад дзяржаўнай палітыкі.
Адначасова ўсе наведвальнікі мерапрыемства змаглі азнаёміцца з экспазіцыяй мастацкай выставы “Першапачатак”, якая прадстаўляе сучасных беларускіх пісьменнікаў у незвычайных міфалагічных постацях.