22 чэрвеня ў Маскве пройдзе чарговы канцэрт з шэрагу “Belarus night party”. Па аналогіі імпрэза атрымала назву “Belarus rock party”, але маштабам яна будзе моцна адрознівацца ад папярэдніх канцэртных падзей праекта. Гэтым разам на маскоўскай сцэне з’явяцца адразу чатыры калектывы з Мінску: “Martin S.”, “Мутнае вока”, “Разбітае сэрца пацана” і “IQ48”. Ідэя праводзіць канцэрты беларускамоўных гуртоў у Маскве нарадзілася ў чалавека, які да музыкі, як і да арганізатарскай працы ў галіне культуры, раней дачынення не меў. З ініцыятарам беларускіх канцэртаў у Маскве Сяргеем Мачневым паразмаўляў Алесь Кот-Зайцаў.
— Сяргей, як так склалася, што ты ў Маскве пачаў рабіць беларускія канцэрты?
— Раней у Маскве былі розныя тусоўкі дыяспар, была пэўная культурніцкая актыўнасць. Але потым настаў час, калі ўсё заціхла. І я вырашыў стварыць суполку ў сацсетках, дзе беларусы Масквы маглі б падтрымліваць сувязь, даведвацца пра беларускія падзеі, выставы, тэатральныя пастановы і г.д. Спачатку я проста зліваў туды ўсе мерапрыемствы, якія датычыліся беларускай культуры, — і рускамоўныя, і беларускамоўныя. У пэўны момант, калі я пабачыў, што сапраўды нічога цікавага не адбываецца, я вырашыў зрабіць нешта самастойна. Так адбыўся першы канцэрт “Belarus night party”.
— Калі ты жыў яшчэ ў Беларусі, ці цікавіла цябе беларускамоўная культура, музыка?
— У Маскву я прыехаў вучыцца ў ВНУ, калі мне было 17 гадоў. Сам я родам з Ашмянаў. Самае цікавае, што ў падлеткавым узросце я цярпець не мог рок-музыку, беларускую ў тым ліку. Але аднойчы майму брату з Масквы, што таксама досыць сімвалічна, сябар прывёз касету NRM “Тры чарапахі”. Мне спадабалася. З тых часоў я пачаў выпісваць “Музычную газету”, якая была досыць папулярнай у той час, і мая цікавасць да беларускай музыкі, культуры, мовы зрабілася досыць актыўнай.
— Па пераездзе ў Маскву ці лёгка было гэтую цікавасць захаваць? Бо тут рускамоўнае асяроддзе, і шараговаму беларусу найпрасцей асімілявацца, што і адбываецца з большасцю нашых суайчыннікаў.
— Я мэтанакіравана захоўваў у сабе беларускасць. Да прыкладу, я заўжды чытаю навіны толькі па-беларуску. Наколькі я ведаю, большасць беларусаў Масквы менавіта так захоўваюць сваю беларускасць — праз навіны, літаратуру. Цяпер, канечне, вельмі дапамагаюць сустрэчы “Мова ці кава”. Шмат людзей, студэнтаў з Беларусі прыязджаюць у Маскву, і такія сустрэчы — гэта рэальна вельмі добрая магчымасць не губляцца і захоўваць сваю беларускасць.
— Як ты ставішся да таго, што шмат якія беларусы за мяжой усё ж перастаюць адчуваць сябе беларусамі? Асабліва гэта тычыцца Расіі, Масквы, дзе культурніцкі і моўны бар’ер амаль адсутнічае.
— Я заўжды казаў, што галоўнае для беларуса ў замежжы — гэта пазіцыянаваць сябе як беларуса. Калі ў мяне хтосьці пытае адкуль я, я адказваю, што з Беларусі. І не важна нават, што немец ці японец можа не ведаць, што гэта за краіна і дзе яна. Гэта найперш іх праблема. У пэўнай ступені праблема гэтая і наша, канечне. Беларусаў па ўсім свеце вельмі шмат. Я ведаю беларусаў з Бразіліі, Нідэрландаў, Японіі, шмат адкуль. Калі б мы ўсе самі любілі і рэкламавалі сваю культуру, то пра Беларусь ведалі б паўсюль. Я ўпэўнены, што і ў Маскве, і ў любой іншай краіне наш абавязак — расказваць пра сваю культуру, музыку. Нават калі я не люблю Саладуху, то ў размове з рускімі я ніколі не скажу пра яго кепска, бо яны яго ўспрымаюць як беларускага спевака. А пра сваё я казаць кепска не буду.
— Калі казаць шчыра, то сярод беларускамоўных беларусаў як у Беларусі, так і ў замежжы часта можна сустрэць у пэўнай ступені нелюбоў менавіта да Расіі, да рускіх. Як ты ставішся да такой з’явы?
— Я думаю, што гэтага трэба пазбаўляцца. Калі глядзець на гістарычныя моманты, рознага кшталту тэрытарыяльныя спрэчкі, то Расія, на мой погляд, мусіць мець не найгоршую пазіцыю ў параўнанні з той жа Польшчай ці Літвой. А калі казаць пра палітычныя і моўныя пытанні, якія на сённяшні дзень існуюць у Беларусі, то я лічу, што тут усё залежыць ад саміх беларусаў. Не трэба шукаць апраўданняў і вінаватых звонку. Для беларусаў на сённяшні дзень вельмі важная менавіта культурніцкая сфера. Праз культуру беларусы змогуць палюбіць сваё, адчуць сваю еднасць. І гэта першы крок да вырашэння астатніх праблемаў.
— Як падчас працы над беларускімі канцэртамі ў Маскве ўдаецца пазбегнуць палітызаванасці? Бо некаторыя беларускія гурты займаюць нейтральную палітычную пазіцыю, а некаторыя адкрыта выступаюць супраць сучаснай улады ў Беларусі.
— У нас мэта — зрабіць проста беларускую тусоўку. Адзінае, за што нас можна папракнуць, — выкарыстанне бела-чырвоных колераў. Але гэта гістарычныя сімвалы. Пры жаданні гэтыя сімвалы, канечне, можна і палітызаваць. Я ж успрымаю гэта так: якую ідэю ты ўкладаеш у гэтыя сімвалы, такую ролю яны і будуць адыгрываць. Мы ніякіх палітычных ідэй не ўкладаем. Наша публіка, маскоўскія беларусы, далёка не ўсе з’яўляюцца свядомымі беларусамі. Нават большасць такімі не ёсць. Людзі не ведаюць ні пра беларускую культуру, ні пра музыку. Але пачуўшы выпадкова, што штосьці беларускае адбываецца ў Маскве, людзі пачынаюць цікавіцца і адкрываюць для сябе беларускую музыку, мову. І гэта самае важнае для нас.
— Атрымліваецца, што шмат якія беларусы пачынаюць адчуваць сябе беларусамі, з’ехаўшы за мяжу?
— Не ўсе, але выпадкі такія ёсць. І гэтаму спрыяюць нашыя канцэрты альбо сустрэчы “Мова ці кава”. Чалавек мог сядзець у сябе дома, у Беларусі, і нават не ведаць пра існаванне нейкіх там беларускамоўных гуртоў. А тут, за 700 км ад дома, людзі так ці іначай прыглядаюцца да таго, што адбываецца ў беларускай сферы, пачынаюць цікавіцца і цаніць беларускія з’явы.
— Ці ёсць нейкі прынцып, паводле якога абіраюцца гурты для выступаў на вашых канцэртах?
— Пакуль адзіны прынцып — гэта беларускамоўнасць. Крыўдна бачыць, што ўкраінскую музыку па-ўкраінску расейцы ўспрымаюць без праблем. Але беларускую не ўспрымаюць. Хоць мы нічым не горшыя. Адказ на пытанне “чаму?” ёсць. Украінская дыяспара тут непараўнальна мацнейшая, яна падтрымліваецца ўкраінскімі бізнесменамі, мае фінансаванне і дзяржаўнае, і недзяржаўнае. У іх ёсць шыкоўны культурніцкі цэнтр на Арбаце. Мы ж усё робім сваімі сіламі.
— Ці спрабавалі вы звяртацца па дапамогу, фінансавую ў тым ліку, да беларускай амбасады, да прадстаўнікоў Беларусі ў Маскве? Ці бачыш ты ў гэтым сэнс?
— Думаю, усплыве столькі праблем, што прасцей рабіць усё самастойна. Да прыкладу, я мушу быць юрыдычнай асобай, каб звярнуцца па фінансавую дапамогу ў амбасаду. Але гэтыя канцэрты не ёсць маёй працай і сродкам зарабіць грошы. Мне здаецца, што ісці насустрач, дапамагаць нам у арганізацыі і фінансаванні канцэртаў нашым уладам будзе абсалютна нецікава. Яны дзеля статыстыкі прывозяць штучныя калектывы з беларускай правінцыі, якія танчаць народныя танцы і спяваюць нешта. Але, па шчырасці, ні беларусам, ні рускім гэта ўсё не цікава.
— Калі казаць пра маскоўскую, рускую публіку, ці магчыма, на тваю думку, зацікавіць яе актуальнымі беларускамоўнымі гуртамі? Украіна сваім прыкладам даказала, што такое магчыма: музыку на ўкраінскай мове ў Расіі слухаюць. Ці магчымае такое ж стаўленне да беларускай музыкі?
— Я думаю, што галоўная ўмова для беларускамоўных гуртоў — гэта прысутнасць на расійскай сцэне. Але для гэтага няма цяпер магчымасцяў, няма патрэбных спонсараў.
— На вашыя канцэрты прыходзяць масквічы?
— Так, прыходзяць. Была такая цікавая гісторыя. Я быў на канцэрце гурта “Кассиопея”, які арганізоўваў Аляксандр Богданаў. Канцэрт адбываўся ў клубе “China Town”, дзе праходзяць і ўсе нашыя канцэрты. Там я выпадкова пачуў размову двух рускіх дзяўчат, якія казалі, што гэты клуб пакрысе робіцца свайго роду цэнтрам беларускай культуры, маўляў, тут яшчэ перыядычна і беларускамоўныя гурты выступаюць. Пасля я гэтых дзяўчат бачыў на нашым наступным канцэрце. То бок чуткі сярод масквічоў, цікаўных да беларускай культуры, ужо ёсць.
— А агулам ці можаш ты сказаць, што праект расце? Ці павялічваецца з часам цікавасць да беларускіх канцэртаў у Маскве?
— Так, колькасць зацікаўленых паціху расце. Але пастаяннай аўдыторыі няма. На розныя гурты прыходзяць розныя людзі, розная колькасць людзей. Шмат хто пасля канцэртаў звяртаецца да мяне з пытаннямі, калі будуць наступныя канцэрты. Але праект расце хутчэй ў кірунку ідэй, а не ў кірунку магчымасцяў і рэсурсаў. Да прыкладу, усе папярэднія канцэрты былі з адным выступоўцам — госцем з Беларусі. Наступны ж канцэрт правядуць 4 гурты. Можна сказаць, гэта ўжо амаль фестываль. Тым не менш, фінансавых магчымасцяў для сур’ёзнага росту ў нас няма.
— Дарэчы, пра фінансавы бок — як усё пабудавана? Бо прывоз гуртоў з Беларусі ў любым выпадку рэч не танная.
— Усё трымаецца на ініцыятыве. І тут вельмі важна, каб самі беларускія музыканты жадалі выступаць, ішлі на пэўныя саступкі. Да прыкладу, я ніколі не запрашу Лявона Вольскага ці гурт “Крамбамбуля”, хаця гэта выклікала б тут вялікую цікавасць, і людзі прыйшлі б. Але я ведаю, што паўстане пытанне ганарару, і кошт будзе такі, які я не змагу пакрыць, колькі б людзей на канцэрт ні прыйшло. Таму ў нашай сітуацыі важнае жаданне самога гурта выступіць у Маскве, знайсці сваю публіку тут.
— Ці шмат ахвочых прыехаць і выступіць на такіх умовах?
— Дастаткова шмат. І шмат хто звяртаецца да мяне з прапановай прыехаць і выступіць. Пасля кожнай наступнай падзеі, пасля кожнага чарговага артыкула гурты самі пачынаюць пісаць мне. Мяне ўжо нават пачалі параўноўваць з Аляксандрам Богданавым, які зрабіў тут, у Маскве, два фестывалі “Можно” і часам прывозіць свае гурты з канцэртамі ў Маскву.
— Раскажы пра наступны канцэрт. Наколькі мне вядома, ён будзе адрознівацца маштабам і грандыёзнасцю ў параўнанні з папярэднімі падзеямі?
— Так, гэтым разам імпрэза пройдзе ў большым памерамі клубе — “Grand Bourboun street bar”, які вядомы публіцы па адборачных канцэртах на фестывалі “Соседний мир” і “Emergenza”. Але галоўнай адрознасцю, канечне, будзе тое, што гуртоў будзе шмат. Прыедуць “Martin S.”, “Мутнае вока”, “Разбітае сэрца пацана” і “IQ48”. Такой колькасці музыкаў адначасова мы яшчэ ніколі не прывозілі. Давялося нават наймаць адмысловы аўтобус з Мінска, які павязе ўсіх выступоўцаў у Маскву. Атрымаецца вялікая падзея, якая магла б прэтэндаваць на званне беларускага фэсту ў Маскве. Дарэчы, гэтым разам нават мінскія слухачы могуць далучыцца — мы арганізоўваем паездку ў Маскву для ўсіх ахвочых. Падрабязней пра гэта можна даведацца ў нашых партнёраў — турагенцтва “Дельфин групп”.
— Ці ёсць у цябе выніковая мэта, мара? Чаго хацелася б дасягнуць, да чаго прыйсці, арганізоўваючы такія імпрэзы?
— У мяне проста ёсць адчуванне, што я мушу гэта ўсё рабіць. Не ведаю, навошта і чаму. Канкрэтнай мэты ці задачы тут няма. Фінансавай аддачы ні я, ні музыканты не маюць. Адзіны вынік — папулярызацыя беларускай культуры ў цэлым і канкрэтных выканаўцаў паасобку. Але і я, і ўсе, хто ў гэтым задзейнічаны, адчуваем, што гэта проста трэба рабіць.
Наступны беларускі канцэрт у Маскве адбудзецца ўжо ў гэтую суботу, 22 чэрвеня, у клубе “Grand Bourboun street bar” (ст. метро “Чистые Пруды”, “Тургеневская”, Потаповский пер., д. 5, стр. 2). На імпрэзе пад назвай “Belarus rock party” выступяць гурты “Martin S.”, “Мутнае вока”, “Разбітае сэрца пацана” і “IQ48”. Для беларускіх слухачоў арганізаваны аўтобусны тур у Маскву з наведваннем канцэрта. Падрабязнасці можна даведацца па тэл. +37529-737-99-79, +375-29-708-95-18, +375-44-710-43-68 альбо ў офісе турагенцтва “Дельфин Групп”. Кошт падарожжа — 50$.
Алесь Кот-Зайцаў для budzma.org