Любоўю, рупнасцю сагрэта Ірыны Варабей Планета. Хай дзівіцца прыціхлы свет: ёсць Беларусь сярод планет! Сяргей Панізнік
8 траўня адбыўся мой першы майстар-клас па беларускай традыцыйнай тэхніцы вышыўкі “нізанка”. Цешуся меркаваннем, што гэта – першы ў гісторыі беларускі майстар-клас у Канадзе. Прынамсі, мне пра такія невядома. Сведчу нават па тым, што пра беларускую вышыванку наагул у Канадзе (мяркую, і ў Амерыцы) нічога не вядома. Не было вядома да гэтага часу.
Яшчэ цешуся надзеяй, што "нізанка" зойме сваё пачэснае месца сярод дзейных вышывальных тэхнік, а назва "Nizanka - Belarusan Wicker Stitch" (гэтак я ператлумачыла "нізанку" ў ангельскую мову) ад цяпер і назаўжды замацуецца сярод іншых унікальных нацыяныльных назваў, што ўвайшлі ў інтэрнацыянальную тэрміналогію, такіх як "Huck – Swedish Weaving” (шведская тканка), “Ukrainian Merezhka” (украінская мярэжка), “Norwegian Hardanger” (нарвэскі хардангер), “German Schwalm” (нямецкі швалм), “Romanian Lace” (румынскія карункі), “Japanese Sashico” (японскае сашыкó) ды шмат іншых.
Дзякуй Катрыне Элісан (Kathrin Ellison) – гаспадыні крамы-студыі “Gitta’s” – за запрашэнне ўзяць удзел у праграме “Дызайнер месяца”. Успрымаю за гонар варункавацца ў такім мерапрыемстве разам з такімі вядомымі на ўвесь амерыканскі кантынент канадскімі віртуозамі “залатыя рукі”, як Каралін Мітчэл (Caroline Mitchel), Лінда Лачэнс (Linda Lachance), Барбара Керш’ю (Barbara Kerschew) ды іншымі. Ганаруся і асабістым знаёмствам з імі.
Дзякуй Катрын за арганізацыю маёй персанальнай выставы напрацягу ўсяго траўня (бо ў гэты месяц быў “маім” у праграме “Дызайнер месяца”) і майстар-класаў па нізанцы. Я вельмі ўсцешаная яе захапленнем нізанкай і тым, як яна перадае яго сваім сяброўкам па іголцы.
Дык вось, майстар-клас. Першыя свае дызайны ў тэхніцы нізанка я прадэманстравала яшчэ ўзімку на паседжанні Таронтаўскай гільдыі, дзе яны выклікалі вялізны ажыятаж і настойлівыя патрабаванні майстар-класу. Настойлівыя, бо ўсе ведаюць, што лекцыяў я не даю; лічу сябе адно мастаком-дызайнерам, але ніяк не настаўнікам. І зноў жа, дзякуючы асабістай “псіхалагічнай рабоце” нада мной Катрыны і маёй сяброўцы Ікі Якавіч (Ietje Jakovich), я такі набралася рашучасці. Пры ўмове, што Іка мне дапаможа, бо яна амаль што самы спрактыкаваны ў гэтай справе эксперт, што яна будзе гаварыць і паказваць, паказваць і тлумачыць, а я - глядзець і навучацца, як гаварыць....
Адмыслова для майстар-класу я падрыхтавала нескладаныя – для пачаткоўцаў – дызайны: закладкі, невялічкія пано, абярэгі – і, зразумела, схемы з інструкцыямі. А Катрын забяспечыла “матэрыяльнай базай”: тканіну, ніткі, голкі. Ну, і што ж... Майстар-клас адбыўся! Усё аказалася не так і страшна!
Спачатку я расказала сваю гісторыю, як я адкрыла для сябе нізанку, расказала пра гісторыю тэхнікі, паказала на планшэце (хвала высокім тэхналогіям!) здымкі арыгінальных работ, старажытных і сучасных вырабаў. Ну, і тады пачалася праца з іголкамі ды ніткамі... Іка з Катрын мне потым гаварылі, што майстар-клас прайшоў надзіва натхнёна і рупліва: адна з навучэнак нават управілася з усім дызайнам (астатнія забралі дахаты, некаторыя потым далі мне справаздачу праз інтэрнэт, што паспяхова закончылі работу). Усім вельмі спадабалася, усе выявілі жаданне працягнуць навучанне з больш складанымі схемамі на наступным майстар-класе.
Вось такія мае ўражанні ад майго першага майстар-класа. Наагул было цікава, дружна і весела.