Джым Дынглі: "Беларусь стала часткай майго жыцця"

Высокі сталы чалавек вельмі ўважліва слухае навуковыя спрэчкі. Уступае ў гутарку, робіць заўвагі, часам жартуе. Знаходзіць трапныя выразы. І яго прыемна слухаць: выдатны прыклад беларускай мовы. Дзіўнае ў гэтай сітуацыі адно: чалавек гэты з Вялікабрытаніі. І родам. І жыве там. Праўда, Джым Дынглі жыве з думкамі пра Беларусь: ён выконвае абавязкі старшыні Англа-Беларускага таварыства, з'яўляецца сакратаром праўлення Беларускай бібліятэкі імя Скарыны ў Лондане. Але як жа гэта кранае, калі госці з-за мяжы, прыязджаючы да нас, дэманструюць сваю павагу Беларусі праз добрае веданне гісторыі Беларусі і асаблівасцяў яе сучаснай культуры. Джым Дынглі, выступаючы на навуковай канферэнцыі, нават разважаў на тэму "Беларуская культура і Вялікабрытанія". Сувязь, здаецца, знайсці няпроста. Але яна ёсць — і нават на ўзроўні народаў, і на ўзроўні асобных іх прадстаўнікоў. Наша размова была і пра гэта...

— Як вы захапіліся Беларуссю?

— Даўным-даўно гэта было. Я ўпершыню сустрэўся з Беларуссю ў 1965 годзе, калі працаваў у бібліятэцы (зараз Нацыянальная бібліятэка Вялікабрытаніі) як памочнік даследчыка. І вось малады святар прыйшоў да мяне і хацеў, каб я дапамог яму ў навуковай працы. Малады святар той быў айцец Аляксандр Надсан. І з тых часоў Беларусь стала часткай майго жыцця. Яшчэ бліжэй стала мне Беларусь у пачатку 90-х, калі я стаў прыязджаць сюды часцей. І я ажаніўся з беларускай. Атрымалася беларуска-англійская сям'я.

— Дзеці вашы беларускамоўныя ці англамоўныя?

— Я баюся, што англамоўныя. Але яны ведаюць, што нарадзіліся не ў звычайнай англійскай сям'і. Яны выбіраюць сабе іншы шлях. Старэйшая дачка ведае пра Беларусь. Малодшая не хоча ведаць, але гэта часам бывае ў такіх сем'ях. Я не засмучаюся: усё роўна, у яе ёсць асаблівыя здольнасці. Яна вернецца сюды.

— Вашы дзеці часта прыязджаюць сюды?

— Дочкі былі 2 гады таму з мамай. Я павінен быў застацца дома — у нас вялікі сабака. Яны былі тады ў інтэрнаце для асаблівых дзяцей, гэта іх вельмі ўразіла. Яны абедзве дапамагалі, кантактавалі з гэтымі дзецьмі. І адначасова хадзілі ў Свята-Елісавецінскі манастыр. Іх здзівіла, што трэба ў храме стаяць і абавязкова з пакрытай галавой — у нашых касцёлах не так. А яны католікі. Розныя культурныя традыцыі адчувальныя...

— Вы можаце параўнаць з тым, што бачылі, калі прыязджалі ў Беларусь раней. У які бок мы мяняемся?

— Жывяце багацей. Але гэта не вырашае ўсё. Багацце — добра. Але багацце не павінна быць мыльнай бурбалкай, якая адрываецца, ляціць невядома куды, можа сустрэць перашкоду, з якой сутыкнецца і перастане існаваць. Галоўнае — не застацца без каштоўнасцяў іншага парадку: без гісторыі, без культуры, без дзяржаўнасці, якія трывалыя і даюць апору.

— Але ж вы бліжэй пазнаёміліся з нашай краінай у той час, калі Рэспубліка Беларусь набыла незалежнасць і адбыўся зварот людзей да сваё культуры і гісторыі. Цікавасць — гэта адно. Але калі не падтрымаць яе навуковымі доказамі і высновамі, то не з'явіцца асэнсавання адметнасці, і як вынік — разумення неабходнасці дзяржаўнасці.

— Навукоўцы тут шмат у чым могуць дапамагчы. Але жаданне знайсці нацыянальную свядомасць павінна ісці ўсё ж ад грамадства, ад саміх людзей. Калі не будзе імкнення, то навука, на жаль, не дапаможа. Яна можа падмацаваць, можа быць, даць штуршок. І потым гэта павінна пачаць працаваць у свядомасці кожнага чалавека, я лічу.

— Навукоўцы асэнсоўваюць і абагульняюць.

— А народ можа не звяртаць увагу...

— Ці можна выпрацаваць нейкі асобны фармат зносін навукоўцаў з народам?

— Тут цэлы пакет праблем, яны ўсе звязаныя: і палітыка, і культура. Таму што гэта, у прынцыпе, адно і тое ж. Кожная краіна мае сваю культуру праз палітыку. Калі дзяржава паказвае сябе як беларуская дзяржава, то ўсё будзе ў парадку са свядомасцю народа. Калі казаць пра мой погляд на рэчы звонку, то тут ідзе канкурэнцыя поглядаў на шлях, па якім павінна ісці дзяржава. Гэта ў адным сэнсе вельмі здорава, таму што Беларусь — яшчэ маладая дзяржава. Людзі павінны сабе выбраць шлях развіцця. А гэта нават не справа аднаго пакалення. Трэба без спешкі. Таму што ў цэнтры — людзі. Народ вызначаецца, як ён будзе развівацца самастойна.

— Але ж ёсць яшчэ гістарычны шлях. Гістарычны кантэкст таксама трэба ўлічваць, ці не так?

— Вельмі слушнае пытанне. Але адны беларускія гісторыкі, напрыклад, адмаўляюць ролю ВКЛ у беларускай гісторыі. А іншыя беларускія гісторыкі кажуць, што гэта частка нашай гісторыі. Як тут быць?.. Вельмі шмат залежыць ад адказу на гэтае і некаторыя іншыя пытанні. Я магу даць свой адказ на яго, але гэта не дапаможа нікому. Для мяне зразумела, што ВКЛ — гістарычная спадчына Беларусі. Аднак я разумею, што могуць быць розныя падыходы да гэтага пытання.

— У гэтым сэнсе можна ўзгадаць словы Анджэя Цеханавецкага, які з'яўляецца ганаровым старшынёй Дзяржаўна-грамадскай польска-беларускай камісіі па сумеснай культурнай спадчыне, што прагучалі на міжнароднай навуковай канферэнцыі ў Мінску, прысвечанай культуры Беларусі. Ён падкрэсліў, што ў развіцці народаў бываюць складаныя перыяды, перыяды агульнай гісторыі з іншымі народамі. Ці магчыма ад іх адмаўляцца наогул?

— Той жа Нясвіж калісьці быў, безумоўна, цэнтрам еўрапейскай культуры. Няхай па-польску шляхта гаварыла. Але гэта ж не значыць, што гэтая шляхта была чыста польскай. Справа ў тым, што паўсюдна ў свеце можна сустрэць людзей, якія гавораць на адной мове, але лічаць сябе часткай ці носьбітамі іншай культуры. Напрыклад, нашы суседзі — Ірландыя. Ірландцы гавораць у большасці сваёй на англійскай мове, але яны ўвогуле не лічаць сябе англічанамі: барані Божа!.. Я думаю, што людзі, якія гавораць на рускай мове, жывучы ў Беларусі, адчуваюць сябе беларусамі. Чаму не? Вядома, лепей, калі б яны гаварылі па-беларуску. Але ж і гэта — вынік гісторыі, калі тэрыторыя Беларусі была пад моцным уплывам іншай культуры... Таму трэба на сваіх дваіх стаяць самастойна і самастойна глядзець у будучыню.

— Хацелася б лепш зразумець матыў Цеханавецкага (які мае дачыненне да польскай культуры, але ведае і беларускую) заклікаць да сумеснага выкарыстання той жа спадчыны Радзівілаў.

— Ён думае, што так будзе больш плёну. Яго галоўная роля зараз — у адчуванні адказнасці арыстакратыі перад народам: і тут, у Беларусі, і ў Польшчы. Ён пісаў, што гэта наша агульная гісторыя. Сапраўды так. Трэба больш падкрэсліваць момантаў агульнай гісторыі.

— Што вы для сябе адкрылі падчас канферэнцыі?

— Мяне ўразілі работнікі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, якія працуюць над інвентарызацыяй радзівілаўскіх бібліятэк: гэта здольныя людзі, на вельмі высокім навуковым узроўні працуюць. Трэба арганізаваць сустрэчу маладых беларускіх навукоўцаў, скажам, з графам Цеханавецкім у Лондане. Я пакуль не ведаю, як, але буду прапаноўваць такую сустрэчу яму, калі вярнуся. Мне здаецца, супрацоўніцтва ў навуковай і даследчыцкай сферы вельмі важнае, нягледзячы на шмат якія абставіны, якія гэтаму могуць перашкаджаць. Трэба думаць пра справу і яе карысць. Кантакты паміж людзьмі важнейшыя за абставіны.

Самае галоўнае, каб людзі ў Еўропе больш дазналіся пра Беларусь. Каб было больш сапраўдных плённых кантактаў. Я асабіста не ведаю, як гэта зрабіць, акрамя як шляхам перакладаў, акрамя як запрасіць музыкаў да нас і гэтак далей.

— Вы злучаеце англійскую культуру з Беларуссю. Ці ёсць магчымасць у сучаснай Беларусі паўстаць у шэрагу еўрапейскай культуры?

— Ёсць. І вы гэта разумееце. Трэба паціху рупліва працаваць...

Калі ёсць такія людзі як Іван Іванавіч Крук, ёсць добрыя знаёмыя мае, такія як Адам Мальдзіс, то ўсё будзе добра. Менавіта з адзінак усё расце. Можна адчаяцца — гэта адзінкі. Але не трэба: ёсць адзінкі, і яны вельмі моцныя, апантаныя, адданыя. Ёсць вельмі цікавая моладзь, якая шукае, вывучае, папулярызуе, працуе на будучыню краіны. І заўтра будзе больш адзінак.

Ларыса ЦІМОШЫК