Згуртаванне беларусаў Вялікабрытаніі ўзначаліў Мікола Пачкаеў

Адна з найстарэйшых арганізацый беларускай эміграцыі — Згуртаванне беларусаў у Вялікай Брытаніі — абрала новае кіраўніцтва. Шматгадовую старшыню ЗБВБ Лёлю Міхалюк змяніў на пасадзе Мікалай Пачкаеў.
 

67-ы гадавы з’езд Згуртавання адбыўся ў суботу, 8 чэрвеня, у Лондане. У зале Беларускага дома сабралася каля двух дзясяткаў сяброў ЗБВБ, сярод іх – некаторыя з найстарэйшых сяброў арганізацыі ды адзін з яе заснавальнікаў, айцец Аляксандр Надсан. На з’ездзе былі прынятыя змены ў статуце, у якім цяпер адмыслова акрэсленыя мэты ЗБВБ як грамадска-палітычнай арганізацыі, якая кіруецца ў сваёй дзейнасці ідэаламі незалежнай і дэмакратычнай Беларусі, акрэсленымі ў Акце 25 сакавіка 1918 года.

Адметнай падзеяй з'езда стаўся сыход з пасады шматгадовае старшыні Згуртавання Лёлі Міхалюк.

Разам са сваім мужам, нябожчыкам Янам Міхалюком, які ўзначальваў ЗБВБ цягам 25 гадоў, спадарыня Лёля стаяла ля пачаткаў беларускага жыцця ў паваеннай Брытаніі, паведамляепрэс-служба ЗБВБ.

Лёля Міхалюк пераняла кіраўніцтва арганізацыяй у 1997 г. і ад таго часу заслужыла глыбокую павагу сярод беларусаў свету за сваю самаахвярную працу. Яе цвёрдыя перакананні і адданасць беларускай ідэі паспрыялі ўмацаванню ЗБВБ, калі беларуская дыяспара перажывае змену пакаленняў.

На знак пашаны, з’езд надаў спадарыні Міхалюк тытул Ганаровай старшыні ЗБВБ.

У сваёй прамове сп. Пачкаеў запэўніў з’езд, што будзе пільна захоўваць прынцыпы, на якіх Згуртаванне была заснаванае ў 1946 годзе, і шукаць належныя выразы для гэтых прынцыпаў у заўсёды новых абставінах.

***

Мікола Пачкаеў нарадзіўся ў 1973 г. у Мінску, скончыў СШ №4, вучыўся на гістфаку БДУ, з 1994 г вучыўся ў шэрагу заходніх ВНУ, у прыватнасці, у 1997—1998 на магістарскай праграме ва ўніверсітэце Кембрыджа, затым на доктарскай праграме. У Вялікабрытаніі жыве стала ад 2000 г. Сябра Рады БНР ад 2005 г., сакратар ЗБВБ у 2003—2004 гг. ,намеснікам старшыні ЗБВБ з 2004 г.