«Сакрат Яновіч: як я стаў беларусам». Дакументальны фільм Пятра Садзіньскага пра вядомага беларускага пісьменніка прэзентавалі ў Беластоку.
Дакументалісты ў Крынках правялі некалькі дзён разам з выбітным беларусам – у выніку з запісаных інтэрв'ю атрымаўся 25-хвілінны кінадакумент. Запісы рабіліся ў залежнасці ад стану здароўя Сакрата Яновіча, якога ўжо няма з намі ад лютага:
- Асоба Сакрата Яновіча была вельмі маргіналізаваная. На момант яго смерці аказалася, што ў архіве польскага тэлебачання ў Беластоку няма ніякіх матэрыялаў, звязаных з яго жыццём, творчасцю. Гэты фільм – пераломны акцэнт для нас, беларусаў, каб задумацца, чаму апошнімі гадамі асоба Сакрата Яновіча не была важнай для нас.
"Гэты кінадакумент важны як для беларусаў Беласточыны, так і для палякаў, – дадае Павел Грэсь з фонда «Віла Сакратас», – бо сёння не знойдзем шмат відэасведчанняў пра жыццё і творчасць выдатнага беларускага пісьменніка". Прэзентацыя фільма «Сакрат Яновіч: як я стаў беларусам» прайшла ў рамках літаратурнага фестывалю «Прачытаць Беласток».