Памяць беларускага педагога, публіцыста, аўтара гістарычных эсэ і вершаў, сына міхалоўскай зямлі Міколы Гайдука ўшанавалі ў Міхалове. Сям’я, вучні і знаёмыя наведалі родную Кабылянку, дзе нарадзіўся шматгадовы журналіст “Нівы”, “Часопіса” і “Праваслаўнага агляду”.
У Майстэрні фільма, гуку і фатаграфіі ў Міхалове адкрылася таксама выстава, прысвечаная творчасці Міколы Гайдука. Удзельнікі ўрачыстасцяў, прымеркаваных да 80-й гадавіны з дня нараджэння пісьменніка, сустрэліся таксама на супольнй малітве ў мясцовай царкве.
Кажа пісьменнік Віктар Швед:
- Успамінаю яго амаль штодзённа. Гэтыя ўрачыстасці адбываюцца і ў Бельску, бо ён быў дырэктарам Бельскага беларускага ліцэя, і тут, у Міхалове, бо ў Кабылянцы ён нарадзіўся. Сёння мы сустрэліся на яго радзіме і ўшаноўваем гэтыя мясціны.
Мікола Гайдук нарадзіўся 29 траўня 1933 года ў вёсцы Кабылянка. Скончыў у 1951 годзе агульнаадукацыйны ліцэй у суседнім Міхалове. Тут таксама два гады працаваў у гміннай управе. Гайдук, апрача сваёй пісьменніцкай і журналісцкай дзейнасці, быў дырэктарам Бельскага беларускага ліцэя і аўтарам падручнікаў па беларускай мове. Памёр у 1998 годзе.
Напрыканцы ўдзельнікі ўрачыстасцяў усклалі кветкі на магілу Міколы Гайдука на праваслаўных могілках у Беластоку.